САН-МАРЦІ́Н ((San Martin) Хасэ дэ) (25.2.1778, Япею, Аргенціна — 17.8.1850),

адзін з кіраўнікоў вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26, нац. герой Аргенціны. Атрымаў ваен. адукацыю ў Іспаніі. У 1808—12 удзельнік вайны іспанцаў супраць франц. акупацыі. Пасля вяртання на радзіму (1812) далучыўся да барацьбы правінцый Ла-Платы супраць ісп. панавання, чл. масонскай ложы Лаўтара. З 1814 камандуючы Паўн. арміяй. Пасля абвяшчэння незалежных Аб’яднаных Правінцый Ла-Платы (1816) камандуючы Андскай арміяй. На чале яе перайшоў цераз Анды і ў бітвах пры Чакабука (лют. 1817) і Майпу (крас. 1818) разбіў ісп. войскі, у выніку чаго Чылі атрымала незалежнасць. У 1820—21 узначаліў паход у Перу, вызваліў ад іспанцаў ч. краіны; першы кіраўнік (пратэктар) урада Перу (1821—22). З-за рознагалоссяў з С.​Баліварам у вер. 1822 падаў у адстаўку і выехаў у Еўропу.

Літ.:

Штрахов А.И. Сан-Мартин — герой аргентинского народа // Латин. Америка. 1970. № 4.

т. 14, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)