КАГО́Р,
гатунак чырвонага дэсертнага вінаграднага віна. Назва ад франц. г. Каор. Асаблівасць тэхналогіі — праграванне парай ці сухім паветрам да 50 °C і вышэй мязгі ці да 80—90 °C цэлых гронак вінаграду. Звычайна мае 16% (аб’ёмных) спірту і 16—20% (аб’ёмных) цукру.
т. 7, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУ́ЧВАННЕ раслін,
агратэхнічны прыём догляду пасеваў; абгортванне рыхлай глебай асновы сцяблоў раслін. Забяспечвае добрае праграванне і аэрацыю глебы, зніжае яе залішняе ўвільгатненне, садзейнічае назапашванню пажыўных рэчываў. Выкарыстоўваюць для аховы раслін ад зімовых маразоў (спаржа, артышок), веснавых замаразкаў (бульба, памідоры, вінаград, ружа), для барацьбы са шкоднікамі і хваробамі раслін, стымуляцыі ўтварэння дадатковых каранёў і бакавых парасткаў (напр., у бульбы), што можа павялічваць ураджайнасць да 15%. Колькасць акучвання і тэрмін правядзення залежаць ад біял. асаблівасцяў раслін і глебава-кліматычных умоў.
т. 1, с. 219
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТЭРЫЗА́ЦЫЯ,
спосаб кансервавання харч. прадуктаў аднаразовым награваннем да т-ры ніжэй за 100 °C (звычайна 60—70 °C) з рознай вытрымкай (найчасцей 15—30 мін). Робіцца ў пастэрызатарах (спец. апаратах). Выкарыстоўваецца для апрацоўкі малака, віна, піва і інш. прадуктаў, якія пры награванні да больш высокай т-ры зменьваюць свае якасці. Прапанавана Л.Пастэрам (адсюль назва).
Пры П. гіне большасць неспараносных бактэрый, дражджэй і цвільных грыбоў, разбураюцца ферменты. Застаюцца жывыя споры мікробаў, частка энтэракокаў і малочнакіслых бактэрый. Каб знішчыць усе мікробы і іх споры, робяць тындалізацыю — паўторнае (2—5-разовае) праграванне пры т-ры 55—56 °C на працягу 30—60 мін з 24-гадзіннымі інтэрваламі, ультрапастэрызацыю — апрацоўку перагрэтай парай пры 150 °C і стэрылізацыю. Выкарыстоўваюць таксама П. прамянёвую — апрацоўку харч. прадуктаў гама-выпрамяненнем для знішчэння ў іх мікрафлоры. Прадукты пасля апрацоўкі бясшкодныя і могуць спажывацца ў ежу.
К.В.Фамічэнка.
т. 12, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)