СТЭРЫЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. sterilis бясплодны),

1) знішчэнне мікраарганізмаў і іх спор. Ажыццяўляецца фіз. (кіпячэнне, праграванне сухой парай, парай пад ціскам, ультрафіялетавае і іанізавальнае выпрамяненне, ультрагук), хім. (апрацоўка газападобнымі рэчывамі і растворамі хім. прэпаратаў) метадамі, з дапамогай бактэрыяльных фільтраў. Робіцца з мэтай прадухілення заносу мікраарганізмаў у арганізм чалавека і жывёл, недапушчэння мікробнага разбурэння розных матэрыялаў (харч., лек.), выключэння мікробнага забруджвання пры мікрабіял. даследаваннях і інш. У медыцыне і ветэрынарыі стэрылізуюць перавязачныя і шыўныя матэрыялы, дыягнастычнае і лек. абсталяванне, пажыўныя асяроддзі. посуд і інш. Пашырана таксама ў мікрабіялогіі, харч. прам-сці (разам з пастэрызацыяй).

2) С. палавая — уздзеянне на арганізм чалавека або жывёлы з мэтай пазбаўлення здольнасці аднаўлення патомства пры захаванні эндакрыннай функцыі палавых залоз. Гл. таксама Стэрыльнасць.

Э.​А.​Вальчук.

т. 15, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)