ПРАВАДНІКІ́ электрычныя,
рэчывы (целы, матэрыялы) з высокай электраправоднасцю. У адрозненне ад паўправаднікоў і дыэлектрыкаў маюць значную колькасць свабодных зараджаных часціц (носьбітаў зарадаў), якія ў эл. полі набываюць упарадкаваны рух. Асн. П. — металы і іх сплавы, электраліты, плазма.
У металах носьбітамі эл. току з’яўляюцца электроны, у электралітах — іоны, у плазме — электроны і іоны. Пры нізкіх т-рах многія металы і некаторыя паўправаднікі набываюць звышправоднасць і становяцца звышправаднікамі. Метал. П. выкарыстоўваюцца ў эл. кабелях і правадах электрычных, абмотках эл. машын, трансфарматараў, прылад і апаратаў; электраліты — пераважна ў эл. акумулятарах. Адзін з найлепшых П. — серабро, выкарыстоўваецца для тонкіх правадоў вымяральных прылад, для электродаў, якія уплаўляюць у кераміку, шкло і інш. Найб. пашыраны П. — медзь, спалучае электраправоднасць з трываласцю, гнуткасцю, каразійнай устойлівасцю. Больш лёгкі і танны П. — алюміній, аднак з меншай электраправоднасцю і трываласцю. Медныя, алюмініевыя і сталеалюмініевыя правады шырока выкарыстоўваюцца ў лініях электраперадачы.
У.М.Сацута.
т. 12, с. 526
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Цэнтраімклівыя праваднікі (фізіял.) 1/311
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭБА́ЕЎСКІ РА́ДЫУС ЭКРАНАВА́ННЯ,
адлегласць, на якую распаўсюджваецца дзеянне электрастатычнага поля асобнай зараджанай часціцы ў праводзячым асяроддзі (растворы моцных электралітаў, плазма, цвёрдыя праваднікі). Уведзены П.Дэбаем пры даследаванні электролізу.
Д.р.э. залежыць ад уласцівасцей асяроддзя: канцэнтрацыі і абс. значэння зараду часціц, энергіі іх цеплавога руху (г.зн. ад т-ры). Калі крыніца эл. поля (зараджаная часціца) знаходзіцца ў асяроддзі, якое мае дадатныя і адмоўныя зарады, то з прычыны палярызацыі асяроддзя эл. поле крыніцы робіцца вельмі малым (экрануецца) на адлегласцях, большых за Д.р.э. Ён роўны каля 10−8 см у металах, каля 10−4 см у паўправадніках пры хатняй т-ры.
т. 6, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРГУ́К,
пругкія хвалі з частатой 109—1013 Гц. Па фізічнай прыродзе не адрозніваецца ад ультрагуку (2∙104—109 Гц). Існуе гіпергук прыродны (цеплавыя ваганні крышталічнай рашоткі) і штучны (генерыруецца пры дапамозе спец. выпрамяняльнікаў; гл. П’езаэлектрычнасць, Магнітастрыкцыя).
Пругкія хвалі распаўсюджваюцца ў асяроддзі, калі іх даўжыні большыя за даўжыню свабоднага прабегу малекул у газах ці міжатамных адлегласцей у вадкіх і цвёрдых целах. Таму ў газах, у т. л. ў паветры, пры нармальных умовах гіпергук не распаўсюджваецца, у вадкасцях хутка затухае; параўнальна добрыя праваднікі гіпергуку — монакрышталі пры нізкіх т-рах. Гіпергук выкарыстоўваюць для даследавання стану рэчыва, асабліва ў фізіцы цвёрдага цела, для стварэння акустычных ліній затрымкі ў ЗВЧ дыяпазоне і інш. прылад акустаэлектронікі і акустаоптыкі.
т. 5, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў (Васіль Уладзіміравіч) (19.7.1761, г. Абаянь Курскай вобл., Расія — 3.8.1834),
рускі фізік і электратэхнік. Акад. Пецярб. АН (1809, чл.-кар. з 1802). Скончыў Харкаўскі калегіум (1785), вучыўся ў Пецярб. настаўніцкай семінарыі. У 1795—1833 праф. пецярб. Медыка-хірургічнай акадэміі. Раннія работы па тэорыі гарэння, потым адзін з першых у Расіі вёў даследаванні па электратэхніцы. Стварыў найбуйнейшую гальванічную батарэю (1802), з дапамогай якой адкрыў электрычную дугу. Паказаў магчымасць яе выкарыстання для асвятлення, электраплаўлення, зваркі і аднаўлення металаў з вокіслаў. Устанавіў залежнасць сілы току ад плошчы папярочнага сячэння правадніка. Прапанаваў пакрываць праваднікі ізаляцыйным слоем. Даследаваў электралітычнае дзеянне эл. току, разрады ў газах, электрызацыю трэннем, люмінесцэнцыю. Стварыў шэраг эл. прылад. Яго даследаванні паклалі пачатак практычнаму выкарыстанню электрычнасці.
Літ.:
Елисеев А.А. В.В.Петров. М.; Л., 1949.
т. 13, с. 167
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЧА́ТНАЯ ПЛА́ТА,
пласцінка з электраізаляцыйнага матэрыялу (гетынаксу, тэксталіту, керамікі і інш.), на паверхню якой фотахімічным ці інш. спосабам нанесены тонкія электраправодныя дарожкі (пячатныя праваднікі) з кантактнымі пляцоўкамі для далучэння навясных электра- і радыёэлементаў, у т. л. мікрамодуляў і інтэгральных схем.
Бываюць адна- і двухбаковыя, адна- і шматслойныя П.п. Прызначаюцца для пячатнага мантажу, пры якім на П.п. ўстанаўліваюцца элементы электроннай апаратуры (транзістары, дыёды, рэзістары і інш.). Для замацавання навясных элементаў на плаце іх вывадныя пляцоўкі сумяшчаюць з кантактнымі пляцоўкамі П.п. (паверхневы мантаж) ці ўстаўляюць вывады гэтых элементаў у спец. адтуліны, якія праходзяць праз кантактныя пляцоўкі (драцяны мантаж), і прыпайваюць да іх. Такі мантаж дазваляе зменшыць габарыты і масу апаратуры, выкарыстоўваць механізаванае і аўтаматызаванае абсталяванне і высокапрадукцыйныя тэхнал. працэсы пры яе масавай вытв-сці. Гл. таксама Пячатная схема.
т. 13, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТРЫ́ДЫ,
хімічныя злучэнні азоту з больш электрададатнымі элементамі, пераважна з металамі; адносяцца да металідаў.
Большасць Н. цвёрдыя крышт. рэчывы. Паводле тыпу хім. сувязі Н. падзяляюць на іонныя, кавалентныя і металападобныя (з пераважна метал. сувяззю). Іонныя (Н. шчолачных і шчолачназямельных металаў) маюць саставы. што адпавядаюць звычайным валентным суадносінам (напр.. Н. літыю Li3N, магнію Mg2N3), раскладаюцца вадой з вылучэннем аміяку. Да кавалентных адносяцца Н. бору (гл. Бору злучэнні), крэмнію Si3N4, а таксама алюмінію (гл. Алюмінію злучэнні), індыю і галію; хімічна вельмі ўстойлівыя, дыэлектрыкі ці паўправаднікі з шырокай забароненай зонай. Металападобныя — Н. пераходных металаў (тытану TiN, цырконію ZrN, малібдэну Mo2N і інш.), маюць высокія т-ры плаўлення (каля 3000 °C) і цвёрдасць, хімічна вельмі ўстойлівыя, добрыя праваднікі. Утвараюцца пры азатаванні. Атрымліваюць Н. з элементаў пры высокіх т-рах у атмасферы азоту ці аміяку, а таксама аднаўленнем аксідаў або галагенідаў металаў у прысутнасці азоту. Выкарыстоўваюць як вогнетрывалыя і абразіўныя матэрыялы, кампаненты гарачатрывалых і гарачаўстойлівых кампазіцыйных матэрыялаў (у т. л. керметаў), металападобныя — як кампаненты цвёрдых сплаваў.
т. 11, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)