ПЯТРО́Ў (Васіль Уладзіміравіч) (19.7.1761, г. Абаянь Курскай вобл., Расія — 3.8.1834),
рускі фізік і электратэхнік. Акад. Пецярб. АН (1809, чл.-кар. з 1802). Скончыў Харкаўскі калегіум (1785), вучыўся ў Пецярб. настаўніцкай семінарыі. У 1795—1833 праф. пецярб. Медыка-хірургічнай акадэміі. Раннія работы па тэорыі гарэння, потым адзін з першых у Расіі вёў даследаванні па электратэхніцы. Стварыў найбуйнейшую гальванічную батарэю (1802), з дапамогай якой адкрыў электрычную дугу. Паказаў магчымасць яе выкарыстання для асвятлення, электраплаўлення, зваркі і аднаўлення металаў з вокіслаў. Устанавіў залежнасць сілы току ад плошчы папярочнага сячэння правадніка. Прапанаваў пакрываць праваднікі ізаляцыйным слоем. Даследаваў электралітычнае дзеянне эл. току, разрады ў газах, электрызацыю трэннем, люмінесцэнцыю. Стварыў шэраг эл. прылад. Яго даследаванні паклалі пачатак практычнаму выкарыстанню электрычнасці.
Літ.:
Елисеев А.А. В.В.Петров. М.; Л., 1949.
т. 13, с. 167
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)