ЭЛЕКТРАПРАВО́ДНАСЦЬ, электрычная праводнасць,
здольнасць рэчыва праводзіць электрычны ток пад уздзеяннем знешняга эл. поля; фіз. велічыня, якая колькасна характарызуе гэту здольнасць. Э. рэчыва абумоўлена існуючымі ў ім рухомымі носьбітамі зараду (электронамі, дзіркамі, іонамі), накіраваны рух якіх і ёсць эл. ток.
У ізатропных правадніках электрычнасці шчыльнасць пастаяннага току супадае па напрамку з напружанасцю эл. поля , якое не мяняецца ў часе, што выражае Ома закон:
, дзе σ — удзельная Э. У агульным выпадку залежнасць ад нелінейная і анізатропная. Э. на пераменным току залежыць ад яго частаты. У залежнасці ад велічыні ўдзельнай Э. рэчывы ўмоўна падзяляюць на 3 групы: праваднікі (металы), паўправаднікі і ізалятары (дыэлектрыкі). Э. залежыць ад т-ры, структуры рэчыва (агрэгатнага стану, дамешкавых атамаў) і ад знешніх уздзеянняў (магн. поля, іанізавальнага выпрамянення). У металах памяншэнне Э. з ростам т-ры абумоўлена ў асноўным памяншэннем даўжыні свабоднага прабегу электронаў праводнасці. У паўправадніках экспаненцыяльны рост Э. пры іх нагрэве адбываецца з прычыны павелічэння колькасці электронаў праводнасці і/ці дзірак. Дыэлектрыкі маюць прыкметную Э. толькі пры высокіх напружанасцях эл. поля і/ці высокіх т-рах. Вымярэнне Э. — адзін з важных метадаў даследавання электроннай і атамнай структуры рэчываў.
Літ.:
Гл. да арт. Дыэлектрыкі, Звышправаднікі, Металы, Паўправаднікі.
М.А.Паклонскі.
т. 18, кн. 1, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)