Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАШУ́Т (франц. parachute ад parer папярэджваць + chute падзенне),
апарат для запавольвання скорасці падзення ў паветры чалавека ці грузаў. Выкарыстоўваецца ў авіяцыі, касманаўтыцы, парашутным спорце і інш.
Ідэю П. падаў і навук. абгрунтаваў Леанарда да Вінчы (1495). У 1617 першы спуск на П. з высокай вежы здзейсніў венецыянскі інж.-механік Ф.Веранцыо. У 1783 француз С.Ленарман стварыў і выпрабаваў П. з жорсткім каркасам (у выглядзе вял. парасона), на якім франц. паветраплавальнік А.Ж.Гарнерэн у 1797 спусціўся з паветр. шара. Ранцавы П. створаны ў Расіі Г.Я.Кацельнікавым (1911). У СССР першы скачок з П. здзейсніў у 1927 М.М.Громаў; вучэбна-трэніровачныя П. з’явіліся ў 1930.
Складаецца з купала са стропамі, падвясной падвеснай сістэмы, выцяжнога П., ранца, чахла, выцяжных фала, кальца і аварыйнага кальца. Адрозніваюць П. па форме купала (напр., круглы, прамавугольны, па плошчы 0,1—1000 м² і больш) і асаблівасцях канструкцый (напр., са шчылінамі і клапанамі, якія дапамагаюць кіраваць П.). Ёсць П., купал якіх у час спуску набывае форму крыла лятальнага апарата. Паводле прызначэння П. падзяляюць на людскія, грузавыя і спецыяльныя. Людскія бываюць выратавальныя, трэніровачныя, спарт., дэсантныя. Для спуску цяжкіх грузаў ужываюць шматкупальныя сістэмы (3 і больш). Спец. П. служаць для тармажэння самалёта (пры пасадцы), гоначнага аўтамабіля, спуску на зямлю касм. спускальных апаратаў, радыёзондаў і інш., а таксама спуску касм. апаратаў на тыя планеты, якія маюць атмасферу і інш.
Схема раскрыцця парашута: 1 — выкід выцяжнога парашута з парашутнага кантэйнера; 2 — выцягванне купала са стропаў асноўнага парашута раскрытым выцяжным парашутам; 3, 4, 5 — напаўненне купала паветрам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРНЕРЭ́Н (Garnerin),
сям’я французскіх паветраплавальнікаў і парашутыстаў. Андрэ Жак (31.1.1769, Парыж — 18.8.1823), пілот паветранага шара і парашутыст. Ажыццявіў шэраг паветр. палётаў у Еўропе, у т. л. першыя паветр. палёты ў Расіі (1803, Пецярбург, Масква). Выкарыстаў паветр. шар у ваен. мэтах у час франц.рэв. войнаў (1794). Ажыццявіў першы ў свеце скачок з парашутам з вышыні каля 600 м (1797, Парыж), потым з вышыні 2400 м (1802, Англія). Жан Батыст Аліўе (1775, Парыж — 1846), брат Андрэ Жака, вынаходнік і парашутыст. Удасканаліў парашут брата: паменшыў яго масу і павялічыў грузападымальнасць. Вынайшаў паплаўковы парашут для скачкоў у ваду. Жанна Жэнеўева (1775—1846), жонка Андрэ Жака, першая жанчына паветраплавальніца і парашутыстка.