ПАРАШУ́Т (франц. parachute ад parer папярэджваць + chute падзенне),
апарат для запавольвання скорасці падзення ў паветры чалавека ці грузаў. Выкарыстоўваецца ў авіяцыі, касманаўтыцы, парашутным спорце і інш.
Ідэю П. падаў і навук. абгрунтаваў Леанарда да Вінчы (1495). У 1617 першы спуск на П. з высокай вежы здзейсніў венецыянскі інж.-механік Ф.Веранцыо. У 1783 француз С.Ленарман стварыў і выпрабаваў П. з жорсткім каркасам (у выглядзе вял. парасона), на якім франц. паветраплавальнік А.Ж.Гарнерэн у 1797 спусціўся з паветр. шара. Ранцавы П. створаны ў Расіі Г.Я.Кацельнікавым (1911). У СССР першы скачок з П. здзейсніў у 1927 М.М.Громаў; вучэбна-трэніровачныя П. з’явіліся ў 1930.
Складаецца з купала са стропамі, падвясной падвеснай сістэмы, выцяжнога П., ранца, чахла, выцяжных фала, кальца і аварыйнага кальца. Адрозніваюць П. па форме купала (напр., круглы, прамавугольны, па плошчы 0,1—1000 м² і больш) і асаблівасцях канструкцый (напр., са шчылінамі і клапанамі, якія дапамагаюць кіраваць П.). Ёсць П., купал якіх у час спуску набывае форму крыла лятальнага апарата. Паводле прызначэння П. падзяляюць на людскія, грузавыя і спецыяльныя. Людскія бываюць выратавальныя, трэніровачныя, спарт., дэсантныя. Для спуску цяжкіх грузаў ужываюць шматкупальныя сістэмы (3 і больш). Спец. П. служаць для тармажэння самалёта (пры пасадцы), гоначнага аўтамабіля, спуску на зямлю касм. спускальных апаратаў, радыёзондаў і інш., а таксама спуску касм. апаратаў на тыя планеты, якія маюць атмасферу і інш.
Схема раскрыцця парашута: 1 — выкід выцяжнога парашута з парашутнага кантэйнера; 2 — выцягванне купала са стропаў асноўнага парашута раскрытым выцяжным парашутам; 3, 4, 5 — напаўненне купала паветрам.