Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Паразітычныя чэрві 3/393, гл. Гельмінты
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕПТАСПІ́РЫ (ад грэч. leptos тонкі, лёгкі + speira кручаная лінія),
род аэробных бактэрый сям. спірахет. 2 віды: Л.паразітычныя (L. interrogans) і Л.-сапрафіты (L. biflexa). Л.паразітычныя складаюць 18 сералагічных груп, 124 сератыпы, узбуджальнікі лептаспірозаў. Вылучаны яп. вучонымі Іда, Інада і інш. (1914).
Даўж. да 20 мкм, дыяметр да 0,3 мкм. Складаюцца з асявой ніткі, акружанай цытаплазматычнай спіраллю. Рухомыя. Размнажаюцца папярочным дзяленнем. Патагенныя Л. гінуць пры ўздзеянні прамога сонечнага святла, хім. рэчываў (кіслоты, шчолачы, дэзінфіцыруючыя сродкі), высокай т-ры, але ўстойлівыя да нізкіх т-р, здольныя перазімоўваць у вадаёмах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Гельмінты (паразітычныя чэрві) 1/388; 3/418
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАНТЫДЫЁЗ, балантыдыяз,
інвазійная хвароба свіней, буйной рагатай жывёлы, трусоў і чалавека, якая пашкоджвае сценкі тоўстага кішэчніка. Узбуджальнікі — паразітычныя інфузорыі з роду Balantidium. Рэгіструецца ўсюды, у т. л. на Беларусі. Найчасцей хварэюць парасяты і падсвінкі. Крыніца інфекцыі — хворыя жывёлы. Заражэнне адбываецца праз ежу, кармы, ваду, гной, ад брудных рук. Заглынутыя цысты ў кішэчніку ператвараюцца ў інфузорый, якія выклікаюць запаленне кішэчніка з утварэннем язваў, з’яўляецца панос з дамешкамі слізі і крыві, знясіленне. Лячэнне тэрапеўтычнае. Гл. таксама Дызентэрыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАСТАМІКО́ЗЫ (ад бласта... + мікозы),
група хранічных, некантагіёзных мікозаў, якія пашкоджваюць скуру, лёгкія і інш.ўнутр. органы чалавека і некаторых жывёл (сабак, радзей коней). Распаўсюджаны ў ЗША, Канадзе, адзінкавыя выпадкі зарэгістраваны ў інш. краінах. Адрозніваюць: паўночна-амерыканскі (хвароба Гілкрыста), еўрапейскі (крыптакакоз), паўднёваамерыканскі (паракакцыдыяідоз), келоідны (хвароба Лабо) бластамікоз. Узбуджальнік бластамікозу — дражджавыя і дрожджападобныя паразітычныя грыбкі (Blatomyces dermatitidis і інш.), якія размнажаюцца пачкаваннем. Заражэнне адбываецца пры ўдыханні спораў грыбка з пылам. Першасны ачаг Лакалізуецца ў лёгкіх, потым пашкоджваецца скура. Пры лакалізаваных пашкоджаннях прагноз спрыяльны, пры пашкоджаннях унутр. органаў — высокая смяротнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВІТУ́ХА (Cuscuta),
род кветкавых раслін сям. павітухавых. Больш за 150 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 6 відаў. Найб. вядомыя П.: еўрапейская (C. europaea), ільняная (C. epilinum), чабаровая (C. epithymum).
Аднагадовыя травяністыя паразітычныя расліны. Сцябло павойнае, бесхларафільнае, нітка- або шнурападобнае, бясколернае ці афарбаванае (аранжавае, жоўтае, ружаватае, чырванаватае), без каранёў і лісця (рэдукавана ў лускавінкі). Абвівае расліну-гаспадара, укараняецца ў яго прысоскамі (гаўсторыямі) і жывіцца сокамі (парушае абмен рэчываў, затрымлівае рост і развіццё, часта выклікае гібель). Кветкі дробныя, белыя, жаўтаватыя, ружаватыя ў клубочках, парасоніках або гронках. Плод — каробачка. Паразіты с.-г. культур і кармавых траў, дзікарослых раслін, дрэў, небяспечнае каранціннае пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУСАНО́ГІЯ (Cirripedia),
атрад (па інш. сістэме — падклас) ракападобных. Вядомы з сілуру. 3 падатр.: тарацыкавыя (Thoracica), коранегаловыя (Rhizocephala), акратарацыкавыя (Acrothoracica). Больш як 1000 відаў. Жывуць у морах і саленаватых водах. У дарослым стане прымацоўваюцца да скал, камянёў, днішчаў суднаў, жывых істот. Найб. вядомыя марскія жалуды і марскія качачкі.
Даўж. цела 2—500 мм, укрыта вапністай ракавінай (домікам); грудныя ножкі з шчацінкамі, нагадваюць вусікі (адсюль назва). Рачок пры дапамозе мышцаў можа расхінаць створкі доміка і карміцца. Паразітычныя вусаногія (грудныя ножкі, вочы, галава і інш. ў іх рэдукаваныя) аплятаюць цела крабаў, крэветак, ракаў-пустэльнікаў, марскіх чарапах. Разнаполыя і гермафрадыты. Лічынка-наўпліус, якая пасля шэрагу лінек ператвараецца ў цыпрысападобную лічынку, што вольна плавае, потым прымацоўваецца да субстрату. Лічынак паядаюць рыбы. Некаторыя віды вусаногіх ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛЬМІ́НТЫ [ад грэч. helmins (helminthos) чарвяк, гліст],
глісты, паразітычныя чэрві, узбуджальнікі глісных хвароб (гельмінтозаў) чалавека, жывёл і раслін. Вядома каля 18 тыс. відаў. Паводле цыкла развіцця падзяляюцца на біягельмінты і геагельмінты. Да гельмінтаў адносяцца чэрві тыпаў плоскія чэрві: трэматоды, або смактуны, і стужачныя чэрві, або цэстоды; з трэматод у чалавека часцей трапляюцца апістархіды, з цэстод — шырокі стужачнік, бычы, свіны і карлікавы цэпні, лічынкі эхінакока і альвеакока; круглыя чэрві, або нематоды, — аскарыды, воласагаловы, вастрыцы, трыхінелы, анкіластаміды і інш.; скрэбні, або акантацэфалы; кольчатыя чэрві, або анеліды. Прадстаўнікі скрэбняў і кольчатых чарвей у чалавека паразітуюць рэдка. Гельмінты паразітуюць практычна ва ўсіх органах і тканках. Звычайна заражаюцца гельмінтамі праз ежу, ваду, скуру, плацэнту, пры паяданні прамежкавага гаспадара. Вывучае гельмінты і выкліканыя імі хваробы гельмінталогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМА́ЗАВЫЯ КЛЯШЧЫ́ (Gamasoidea),
група кляшчоў атр. паразітыформных. 30 сям., 3—4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Свабоднажывучыя і паразітычныя формы. Жывуць у глебе, лясным подсціле, гнаі, норах і гнёздах млекакормячых і птушак, мурашніках, жыллі чалавека, на раслінах і інш. Многія віды паразітуюць на целе або ў органах і поласцях наземных пазваночных жывёл, чалавека. Некаторыя — пераносчыкі ўзбуджальнікаў інфекцый кляшчовага энцэфаліту, кляшчовага сыпнога тыфу, ліхаманкі Ку, тулярэміі і інш. На Беларусі каля 100 відаў. Найб. Пашыраныя гамазавыя кляшчы: курыны (Dermanyssus gallinae), пацуковы (Ornithonyssus bacoti), грызуноў (Haemogamasus nidi), андралелапс (Androlaelaps hermaphrodita).
Даўж. 0,2—4 мм. Цела прадаўгавага-круглаватае, пляскатае, укрытае хіцінавымі шчыткамі. Ногі шасцічленікавыя. На целе і канечнасцях шматлікія шчацінкі. Ротавы апарат грызуча- або колюча-сысучы. Адкладваюць яйцы або жывародныя. Развіццё непрацяглае, поўнае. За сезон могуць даваць дзесяткі пакаленняў. Пераважна драпежнікі, кормяцца дробнымі членістаногімі, нематодамі, крывёй і інш.