САРКО́ДАВЫЯ (Sarcodina),
падтып прасцейшых; 3 кл.: караняножкі, прамянёвікі і сонечнікі (па інш. класіфікацыях С. — падтып з 8 кл. або клас з 4 падкл.). Больш за 11 тыс. відаў. Жывуць у марскіх і прэсных водах, глебе, ёсць паразітычныя формы. Удзельнічаюць ва ўтварэнні асадкавых парод. Выкапнёвыя (фарамініферы) вядомы з кембрыйскага перыяду.
Памеры ад некалькіх да сотняў мікраметраў. Арганелы руху і захопу корму — часовыя цытаплазматычныя адросткі — псеўдаподыі. Маюць ядро, пульсуючую і стрававальныя вакуолі, некат. — унутраны і вонкавы мінер. шкілет. Кормяцца бактэрыямі, водарасцямі, прасцейшымі. Размнажэнне бясполае (дзяленне напалам, розныя формы пачкавання) і палавое (узнікаюць жгуцікавыя ці амёбападобныя гаметы).
т. 14, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)