РЭКАМЕНДА́ЦЫЯ (ад позналац. recommendatio даручэнне),

1) пісьмовы ці вусны спрыяльны водзыў для паступлення ў якую-н. арганізацыю.

2) Станоўчая характарыстыка каго-н. з прапановай выкарыстаць яго ў пэўнай справе.

3) Парада, прапанова (напр., Р. навуковая, урача, рэкламнага характару).

т. 13, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСУЛЬТА́ЦЫЯ (ад лац. consultatio нарада),

1) абмеркаванне якога-н. пытання спецыялістамі.

2) Парада спецыяліста па якім-н. пытанні.

3) Установа, якая аказвае дапамогу насельніцтву парадамі спецыялістаў па якіх-н. пытаннях (напр. мед., юрыд. К.).

4) Дадатковыя заняткі выкладчыка з навучэнцамі для лепшага засваення прадмета.

т. 7, с. 600

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́НДРАТ (ням. Landrat ад Land зямля, краіна + Rat парада, дарадчык),

1) у Расіі ў 1713—19 саветнік ад дваран павета пры губернатару (у кіраванні губерняй удзельнічала калегія з 8—12 Л.). У 1719 Л. заменены ваяводамі, якія прызначаліся ўрадам.

2) У ФРГ кіраўнік органа мясц. кіравання.

3) Назва заканад. органа ў некаторых кантонах і паўкантонах Швейцарыі (Гларус, Уры, Базель-Ланд, Нідвальдэн, Апенцэль-Інерадэн).

т. 9, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗНАЧЭ́ННЕ ў граматыцы,

даданы член сказа, які паясняе словы з прадметнымі значэннямі, называючы прыкмету прадмета (яго якасць, форму, памер, матэрыял, адносіны да інш. прадметаў і г.д.). У бел. мове азначэнні падзяляюцца на дапасаваныя (сінтаксічная сувязь — дапасаванне, сродкі выражэння — прыметнік, дзеепрыметнік, займеннік, лічэбнік: «зялёная ялінка», «бацькава парада», «неадасланае пісьмо», «нашы сябры», «трэці год») і недапасаваныя (сінтаксічная сувязь — прымыканне, сродкі выражэння — назоўнік ва ўскосных склонах часам з прыназоўнікам, займеннік, інфінітыў, прыслоўе, а таксама словазлучэнні розных тыпаў: «дом восем», «дарога бацькоў», «дзяўчынка з бантам», «яе клопат», «імкненне вучыцца», «паварот налева», «стары высокага росту»). Асобная форма азначэнняў — прыдатак.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 1, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАБУДЖА́ЛЬНЫ СКАЗ,

камунікатыўна-сінтаксічная адзінка мовы, што служыць для перадачы такіх інтэнцый асобы, што гаворыць, як просьба, прапанова, патрабаванне, парада, рэкамендацыя, заклік, загад і інш. П.с. ўласціва мадальнасць волевыяўлення («Адпачывай!» = «Я хачу, каб ты адпачываў») або неабходнасці («Хай ён болей чытае!» = «Яму неабходна болей чытаць»). Гэтымі значэннямі ў плане зместу звязваецца асоба, што гаворыць, з асобай (або персаніфікаванай з’явай ці прадметам), да якой звернута маўленне («Пасядзіце тут крыху, бабуля», «Хай квітнее наш край!», «Паляціце, хмаркі, у родную старонку!»). Сродкі выражэння пабуджэння і пабудовы пабуджальнай сінтакс. канструкцыі: інтанацыя, формы загаднага ладу дзеяслова, зваротак, інш. лексічныя і граматычныя катэгорыі, што набываюць пабуджальнае значэнне ў адпаведным кантэксце ці кансітуацыі («На кнігу!», «Маўчаць!», «Досыць ліць слёзы!», «Ну-ну, што далей?» і інш.).

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 11, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЫЗА́НСКІ ПАРА́Д 1944.

Адбыўся 16 ліп. ў Мінску ў гонар вызвалення сталіцы ад ням.-фаш. захопнікаў і баявых заслуг партызан, якія прымалі актыўны ўдзел у правядзенні Беларускай аперацыі 1944, у т. л. ліквідацыі акружанай групоўкі ням. войск (гл. Мінскі кацёл»), Адбыўся на тэр. іпадрома (цяпер раён вул. Першамайскай і Чырвонаармейскай). Ва ўрачыстым мітынгу жыхароў горада (каля 50 тыс. чал.) і партызан (каля 30 тыс. чал.) прымалі ўдзел дэлегацыі воінаў Чырв. Арміі на чале з камандуючым 3-м Бел. фронтам ген. арміі І.Д.Чарняхоўскім і працоўных г. Горкі (цяпер Ніжні Ноўгарад у Расіі), якая перадала Мінску эшалон падарункаў. Парад прымаў нач. ЦШПР і старшыня СНК БССР П.К.Панамарэнка, камандаваў парадам нач. БШПР П.З.Калінін. Партызаны Мінскай і некат. суседніх абласцей Беларусі ішлі са сваімі сцягамі і зброяй, везлі артылерыю, ехалі на кулямётных тачанках, аўтамабілях, у т. л. трафейных, самаходных гарматах. Асобнай калонай прайшла зводная група кавалерыі. Пасля парада ўдзельнікі строем прайшлі па вуліцах горада. М.Г.Нікіцін.

т. 12, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯНЧУ́К (Барыс Міхайлавіч) (н. 15.5.1918, г. Анапа Краснадарскага краю, Расія),

бел. дырыжор, педагог. Нар. арт. Беларусі (1970). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1942). З 1944 дырыжор аркестраў вайск. часцей, штаба Ленінградскай ваен. акругі, нач. ваенна-арк. службы Паўд. групы войск. Адзін з дырыжораў зводнага аркестра ў час Парада Перамогі 1945 на Краснай плошчы. У 1962—79 нач. ваенна-арк. службы і гал. дырыжор аркестраў БВА, з 1965 адначасова выкладаў у Бел. кансерваторыі (з 1986 праф.). Выканальніцкі почырк П. вылучаецца глыбокім разуменнем стылю муз. твора і маст. ініцыятыўнасцю. Аўтар марша «Партызаны Беларусі», «Беларускага марша» на тэмы песень У.​Алоўнікава, «Беларускага камсамольскага марша» на тэмы песень І.​Лучанка, «Страявога марша» на тэмы песень Ю.​Семянякі, інструментоўкі Дзярж. гімна Беларусі, шматлікіх апрацовак, інструментовак і пералажэнняў твораў бел. кампазітараў Р.​Пукста, А.​Багатырова, Я.​Глебава, Л.​Захлеўнага, Н.​Сакалоўскага і інш. Выдаў дапаможнік «Дырыжору духавога аркестра» (1975). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1972.

Дз.​М.​Жураўлёў.

Б.М.Пянчук.

т. 13, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)