Палонка (в.) 2/139 (к.); 8/62
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛО́НКА,
вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе г. Слонім — в. Новая Мыш. Цэнтр сельсавета. За 20 км на З ад г. Баранавічы, 217 км ад Брэста, 4 км ад чыг. ст. Палонка. 781 ж., 293 двары (2000). Аддз. «Палонка» птушкафабрыкі «Дружба», лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Касцёл. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Свята-Мікалаеўская царква (пач. 20 ст.).
Вядома з пач. 16 ст. як сяло ў Слонімскім пав. Навагрудскага ваяв. Належала Сапегам. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 каля вёскі адбылася Палонкаўская бітва 1660. У 1680 заснаваны дамініканскі кляштар (існаваў да 1830). З 1793 П. ў складзе Рас. імперыі, мястэчка Навамышскай вол. Навагрудскага пав. У пач. 20 ст. 500 ж., 56 двароў, земскае нар. вучылішча. З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка Навамышскай гміны Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у складзе БССР, з 1940 вёска, цэнтр сельсавета ў Навамышскім р-не Баранавіцкай вобл., з 1957 — у Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл.
т. 12, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГО́РЧЫК (Марат Казіміравіч) (н. 10.9.1962, в. Палонка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. спявак (лірычны тэнар). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1985), Бел. акадэмію музыкі (1993, клас А.Генералава). З 1990 саліст Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Валодае голасам цёплага, прыгожага тэмбру, роўным ва ўсіх рэгістрах. Выконвае партыі пераважна драм. плана. Сярод лепшых партый: Свеціловіч («Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана), Іешуа, Майстар («Майстар і Маргарыта» Я.Глебавай Ленскі, Вадэмон («Яўген Анегін», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Паміна («Чароўная флейта» В.А.Моцарта), Каварадосі, Пінкертон («Тоска», «Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Герцаг, Рычард («Рыгалета», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу імя Глінкі (1991, Алматы), дыпламант міжнар. конкурсу «Новыя імёны» (1991, Германія).
Н.Я.Бунцэвіч.
т. 5, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКЕ́ВІЧ (Багуслаў Казімір) (1625, в. Сэрвач Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 1683),
бел. грамадскі дзеяч, пісьменнік-мемуарыст. Сын С.І.Маскевіча. Адукацыю атрымаў у Навагрудку. у 1646—48 у войску І.Вішнявецкага, з якім у 1647 пабываў у Запарожскай Сечы. У 1650 пакінуў вайск. службу. Быў ашмянскім маршалкам. Аўтар двух «Дыярыушаў» на польск. мове. У адным (ахоплівае 1643—49) замалёўкі ўкр. стэпаў, ваен. дзеянняў Вішнявецкага, М.Патоцкага, М.Каліноўскага, Я.Радзівіла супраць Б.Хмяльніцкага на Украіне і Беларусі. Падзеі пададзены з феад.-шляхецкіх пазіцый, хоць аўтар і не заўсёды прыхільна ставіцца да магнатаў. У другім апісана трыумфальнае шэсце рус. ваяводы І.Хаванскага па Беларусі ў пач. 1660 і разгром яго войск 28.6.1660 аб’яднанымі сіламі літ. гетмана П.Сапегі, польск. ваяводы С.Чарнецкага і інш. каля в. Палонка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.
Літ.:
Pamiętniki Samuela i Bogusława Kazimierza Maskewiczów. Wrocław. 1961.
А.Ф.Коршунаў.
т. 10, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛО́НКАЎСКАЯ БІ́ТВА 1660.
Адбылася каля в. Палонка (паміж Слонімам і Ляхавічамі) 28 чэрв. ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Пасля заключэння 3.5.1660 Аліўскага міру 1660 са Швецыяй войска Рэчы Паспалітай на чале з П.Я.Сапегам і С.Чарнецкім перайшло ў наступленне: з Брэста праз Слонім яны рушылі на дапамогу гарнізону Ляхавіцкага замка, які быў абложаны рас. войскамі І.А.Хаванскага. Даведаўшыся пра гэта, Хаванскі з большай часткай сваёй арміі выступіў ім насустрач. Пад Палонкай яны сустрэліся. Хаванскі з конніцай стаў на правым флангу, на левым — кн. В.Шчарбаты, пасярэдзіне — рэйтары і пяхота. У цэнтры баявога пастраення войска Рэчы Паспалітай размясцілася дывізія Чарнецкага (4 тыс. чал.), па флангах — харугвы Сапегі, А.Г.Палубінскага і С.Кміціча (6 тыс. чал.). Атака гусараў Рэчы Паспалітай была такой імклівай, што рас. пяхота паспела зрабіць толькі адзін залп і была змята. Паспяховай была атака гусараў і панцырных на рас. конніцу. Пасля гэтага быў нанесены супольны ўдар па астатняй рас. пяхоце. Бітва скончылася поўным разгромам войск Хаванскага: загінула каля 2 тыс. чал. пяхоты, яшчэ больш коннікаў; мноства ратнікаў, у т. л. Шчарбаты, трапіла ў палон. Хаванскі з рэшткамі войска адступіў да мяст. Ляхавічы, зняў аблогу яго замка і пачаў імклівы адыход на Полацк. Войску Рэчы Паспалітай дасталіся вял. трафеі. П.б. — першая буйная перамога войска Рэчы Паспалітай, якая засведчыла пераход да яго стратэгічнай ініцыятывы.
Літ.:
Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995. С. 96—97.
т. 12, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)