СУВО́РАЎ Аляксандр Васілевіч (24.11.1730, Масква — 18.5.1800),
расійскі палкаводзец. Генералісімус (1799), граф Рымнікскі і «Свяшчэннай Рым імперыі» (1789), кн. Італійскі (1799). На ваен. службе з 1747. Удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63. У 1768—72 на чале палка, брыгады ваяваў супраць войск Барскай канфедэрацыі на Беларусі і ў Польшчы: 23.5.1771 разбіў асн. сілы канфедэратаў каля в. Лянцкарона (Польшча); у вер. 1771 за 2 тыдні прайшоў па маршруце Брэст — Бяроза — Косава — Палонка — Нясвіж — Клецк — Лагішын — Пінск — Драгічын — Антопаль — Брэст; 23.9.1771 каля мяст. Сталовічы (цяпер вёска ў Баранавіцкім р-не) разбіў атрад вял. гетмана ВКЛ М.К.Агінскага. У рус.-тур. вайну 1768—74 разбіў тур. войскі каля Казлуджы (Балгарыя, 1774). У 1774 накіраваны на Урал на разгром паўстання Е.І.Пугачова. У рус.-тур. вайну 1787—91 разбіў тур. войскі на Кінбурнскай касе (1787), пры Факшанах (цяпер Румынія) і на р.Рымнік (1789), штурмам узяў крэпасць Ізмаіл (1790). У час падаўлення паўстання 1794 напачатку дзейнічаў на Брэстчыне, дзе ў Крупчыцкім баі 1794 і каля Брэста (19 вер.) разбіў корпус ген. Ю.Серакоўскага; 5.11.1794 штурмам узяў Прагу (прадмесце Варшавы), пасля чаго Варшава капітулявала. З 1795 валодаў на Брэстчыне маёнткам Кобрынскі Ключ. У 1797, за крытыку новых статутаў і абмундзіравання, звольнены імператарам Паўлам I і сасланы ў маёнтак Канчанскае Наўгародскай губ. З лют. 1799 галоўнакаманд. рас.-аўстр. саюзнымі войскамі антыфранц. кааліцыі ў Італіі, дзе нанёс шэраг паражэнняў франц. войскам (гл.Італьянскі паход Суворава 1799); на чале рас. войск з баямі пераадолеў Альпы (гл.Швейцарскі паход Суворава 1799). Аўтар прац «Палкавая ўстанова» і «Навука перамагаць». Прыхільнік смелага і рашучага наступлення як асн. формы баявых дзеянняў. У СССР з 1942 існаваў ордэн С. 3 ступеней (захоўваецца і ў рас. арміі). У 1943 створаны сувораўскія ваенныя вучылішчы, у т. л. ў 1953 у Мінску.
Літ.:
Михайлов О.Н. Суворов. Ростов н/Д, 1997;
Ростунов И.И. Генералиссимус А.В.Суворов: Жизнь и полководческая деятельность. М., 1989.