ГЕ́ШАНЕК ((Geschonneck) Эрвін) (н. 27.12.1906, Берлін),

нямецкі акцёр. З пач. 1930-х г. у т-ры «Фольксбюнэ». У 1933 эмігрыраваў, жыў у Польшчы, СССР, Чэхаславакіі. У 1939—45 вязень гітлераўскіх канцлагераў. У 1945—49 у т-ры «Камершпіле» (Гамбург), з 1949 — у «Берлінер ансамблі». Сярод роляў: Маці, Палкавы свяшчэннік, Мяснік («Пан Пунціла і яго слуга Маці», «Матухна Кураж і яе дзеці», «Маці» Б.​Брэхта). З 1932 здымаўся ў кіно: «Куле Вампе», «Капітан з Кёльна», «Людзі з крыламі», «Голы сярод ваўкоў», «Лорд з Александэрплац», «Чалавек з «Кап-Аркона». Нац. прэміі ГДР 1954, 1960, 1961.

т. 5, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́НСКІ (Давыд Львовіч) (1857, г. Гродна — пасля 1916),

ваенны ўрач, падарожнік. Скончыў Гродзенскую гімназію, Пецярбургскую ваенна-мед. акадэмію (1882). Д-р медыцыны (1893). З 1889 урач Гродзенскага гусарскага палка. У 1892 разам з групай афіцэраў палка здзейсніў коннае падарожжа ў Індыю. З 1893 палкавы ўрач у Гродне. Чл. Гродзенскага таварыства ўрачоў. Сябраваў з А.​Я.​Багдановічам. У час італа-эфіопскай вайны 1895—96 у складзе рус. сан. атрада ўдзельнічаў у аказанні дапамогі Эфіопіі (Абісініі). З 1898 гал. ўрач ваен. шпіталя ў Гродне. З 1905 у Пецярбургу. Аўтар прац па медыцыне і ўспамінаў аб італа-эфіопскай вайне.

Тв.:

Харрар и его обитатели. Гродно, 1897;

Жизнь русского санитарного отряда в Харраре: (Из воспоминаний об Абиссинии). Гродно, 1899.

В.​М.​Чарапіца.

т. 5, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗА́ЦКІЯ ЛЕ́ТАПІСЫ,

украінскія гісторыка-літаратурныя творы, у якіх адлюстравана гісторыя Украіны 17—1-й пал. 18 ст. Складзены служылымі казакамі. Найб. вядомы летапісы Самавідца, Р.​Грабянкі і С.​Вялічкі.

Летапіс Самавідца ўкладзены ў канцы 17 — пач. 18 ст., як мяркуюць, старадубскім папом Р.​Ракушка-Раманоўскім, ген. падскарбіем гетмана I Брухавецкага. Ахоплівае падзеі 1648—1702. Напісаны ў пагадовай форме дзелавым стылем бел.-ўкр. літаратурнай мовы. У Летапісе Грабянкі (? — каля 1738; гадзяцкі палкавы есаул, потым абозны, суддзя, палкоўнік) падаецца літаратурна апрацаваная гісторыя казацтва ад стараж. часоў да 1709 стылізаванай кніжна-слав. мовай. Гіст. панарама ваен.-паліт. жыцця Украіны перыяду казацкіх войн раскрыта ў летапісе Вялічкі (? — пасля 1728; канцылярыст казацкага войска), гіст.-літ. кампіляцыі, крыніцай для якой паслужылі папярэднія ўкр. летапісы і польскія хронікі, дакумент. матэрыялы і маст. творы (скончаны ў 1720). Гал. герой К.л. — Б.Хмяльніцкі. Ён пададзены ва ўзнёсла-паэт., панегірычным плане. У летапісах ухваляецца далучэнне Украіны да Расіі, асуджаецца экспансіянісцкая палітыка Польшчы, Турцыі і Крымскай Арды на ўкр. землях.

Важная крыніца па гісторыі Украіны і суседніх краін 17 — пач. 18 ст., асабліва Польшчы і Расіі. У летапісах ёсць звесткі з гіст. мінулага Беларусі, найбольш Прыдняпроўя і Палесся.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 7, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)