Уладаўскія 752 палепшаныя (сорт буракоў) 2/472

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

СПАРТЫ́ЎНЫ АЎТАМАБІ́ЛЬ,

від легкавога аўтамабіля, абсталяванага для заняткаў аўтамабільным спортам. Адрозніваюць С.а. дарожнага тыпу і спецыяльныя.

Бываюць 2- і 4-месныя з адкрытым ці закрытым кузавам. На С.а. устанаўліваюць выбухабяспечны паліўны бак, рамяні бяспекі, асобныя прыводы тармазоў задніх і пярэдніх колаў і інш. С.а. дарожнага тыпу выпускаюцца на базе серыйных аўтамабіляў і ў параўнанні з імі маюць рухавікі павялічанай магутнасці, палепшаныя дынамічныя якасці, павышаную ўстойлівасць і інш. Прызначаны для спаборніцтваў на горных трасах, ралі і інш. Спецыяльныя С.а. вырабляюць з выкарыстаннем толькі асобных вузлоў і дэталей серыйных аўтамабіляў. Прызначаны для шашэйна-кальцавых гонак на вял. дыстанцыі (на кароткіх дыстанцыях карыстаюцца гоначнымі аўтамабілямі).

т. 15, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУГАВО́ДСТВА,

1) галіна раслінаводства, якая займаецца вытв-сцю зялёных кармоў, сена, сенажу, сіласу і травяной мукі, паляпшэннем прыродных і стварэннем штучных сенажацей і пашы для жывёлагадоўлі; састаўная ч. кормавытворчасці. Асн. задача Л. — паляпшэнне натуральнага і сеянага травастою, што звычайна прадугледжвае поўнае знішчэнне дзярніны ў працэсе ўзворвання, унясенне ўгнаенняў, сяўбу шматгадовых траў. На Беларусі лугі даюць прыкладна ​1/3 усіх кармоў для жывёлагадоўлі. 3 агульнай плошчы сельгасугоддзяў 9,3 млн. га (1998) сенажаці займаюць 1,3 млн. га (14%), паша — 1,7 млн. га (18,3%), з іх палепшаныя адпаведна 1 і 1,2 млн. га. Найб. плошчы лугоў на Пн і Пд рэспублікі. У 20 ст. на Беларусі праведзены вял. работы па паляпшэнні натуральных лугоў і асваенні новых зямель. Найб. плошчы новых зямель асвоены ў Бел. Палессі, дзе асушаныя плошчы з мелкім заляганнем торфу пераважна выкарыстоўваюцца як сенажаці і пашы. На пач. 1998 у рэспубліцы на асушаных землях 814,5 тыс. га сенажацяў і 780,5 тыс. га пашы. Палепшаныя і культурныя (сеяныя) сенажаці і паша высокапрадукцыйныя, могуць даваць 7—8 т/га сена. Важнай задачай Л. з’яўляецца асваенне сенажацезваротаў — папераменнае выкарыстанне адной і той жа лугавой плошчы пад сенажаць і пашу, падтрыманне іх высокапрадукцыйнага стану. Л. развіта ў краінах, дзе лугі адыгрываюць значную ролю ў вытв-сці кармоў, найб. у ЗША, Расіі, Канадзе, Аўстраліі, Аргенціне, Новай Зеландыі, Вялікабрытаніі, Германіі.

2) Навука, якая распрацоўвае тэарэт. асновы і практычныя спосабы павышэння прадукцыйнасці прыродных і стварэння сеяных (культурных) сенажацей і пашы, спосабы рацыянальнага іх выкарыстання. Звязана з раслінаводствам, аграхіміяй, глебазнаўствам, меліярацыяй, земляробствам і інш. На Беларусі развіваецца пераважна ў Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства, у Бел. НДІ земляробства і кормавытворчасці.

Н.​І.​Жураўская.

т. 9, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЛЕБ,

харчовы прадукт, які вырабляецца выпяканнем разрыхленага дражджамі ці закваскай цеста. Асн. сыравіна ў вытв-сці Х. — мука, вада, соль, дрожджы. Пры вырабе палепшаных і здобных гатункаў выкарыстоўваюць цукар, патаку, малако, яйцы, тлушчы, солад, разынкі, мак, спецыі і інш. Для дыетычных гатункаў Х. выкарыстоўваюць вотруб’е, цэлае і драблёнае зерне, марскую капусту, карацін, вітамінныя, бялковыя, мінер. і інш. дабаўкі. Х. мае вугляводаў (пераважна крухмал) 40—45%, бялкоў 5—10%, вітаміны групы B, мінер. рэчывы, цукар, тлушчы. Энергет. каштоўнасць 100 г аржанога Х. 190 ккал, пшанічнага — 226 ккал.

На Беларусі вырабляюць простыя гатункі Х. («Беларускі»), палепшаныя («Водар», «Вясковы», «Майскі», «Мінскі», «Пятроўскі», «Сітны», «Сталовы»), заварныя («Барадзінскі», «Броварскі», «Дымкаўскі», «Крынічны», «Нарачанскі», «Суражскі», «Траецкі», «Юбілярны»), дыетычныя («Асілак», «Асоль», «Водар вітамінізаваны», «Зярнятка», «Панацэя», «Пуліхаўскі») і інш.

т. 17, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫ́ТРУС (Citrus),

род кветкавых раслін сям. рутавых. Каля 15 відаў, большасць — культурныя, палепшаныя многавяковай селекцыяй дзікарослых форм, што цяпер не існуюць. Цэнтр узнікнення роду — Паўд. і Паўд.-Усх. Азія. У дзікім стане захаваліся некалькі відаў, у т. л. Ц. сапраўдны, або кіслы, ці лайм (C. aurantifolia), які расце ў Гімалаях, і танкан (C. tancan) — у лясах в-ва Тайвань. Віды Ц. культывуюць у вільготных тропіках і субтропіках. Вядомы апельсін, грэйпфрут, лімон, мандарын, памяранец, цытрон, бергамот, шэдак і інш. Для атрымання пладоў больш высокай якасці як прышчэпу выкарыстоўваюць трыфаліяту.

Вечназялёныя дрэвы, радзей кусты выш. 4—12 (20) м. Лісце ад яйцападобнага да ланцэтнага, у пазухах — калючкі. Кветкі двухполыя, духмяныя, звычайна ў шчыткападобных суквеццях. Плады (гесперыдыі) сакаўныя, са шчыльнай скуркай, у многіх відаў ядомыя, маюць лімонную к-ту, вітамін С (больш за 60 мг%), карацін, цукры і інш.; спажываюць у свежым і перапрацаваным выглядзе, разам з кветкамі выкарыстоўваюць у эфіраалейнай і харч. прам-сці; драўніна ідзе на дробныя вырабы.

т. 17, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«САХА́»,

сельскагаспадарчы часопіс дэмакр. кірунку. Выдаваўся з крас. 1912 да кастр. 1913 у Вільні, з ліст. 1913 у Мінску на бел. мове, у студз. 1915 на 27-м нумары выданне спынена ў сувязі з набліжэннем фронту ў 1-ю сусв. вайну. У крас. — маі 1920 у Мінску выйшлі 2 нумары. З сак. 1927 да жн. 1931 выдаваўся ў Вільні (41 нумар). Усяго выйшла 70 нумароў. Рэдактары А.​Уласаў (1912—15, 1920, 1928—29), У.​Павалковіч (1927), М.​Ільяшэвіч (1930—31). На старонках «С.» прапагандаваліся прагрэсіўныя метады апрацоўкі зямлі, палепшаныя гатункі насення, шматпольная сістэма севазвароту. Часопіс арыентаваў на спецыялізацыю гаспадаркі, развіццё жывёлагадоўлі, пісаў пра розныя аспекты садоўніцтва, агародніцтва, даваў гасп. парады. У дарэв. пару ў «С.» выступалі А.​Петрашкевіч, К.​Сініцкі, Я.​Пачопка (Я.​Башкір), Ю.​Бусел, Я.​Крыўка, Я.​Дыла (Н.​Бываеўскі), Л.​Папроцкі, Уласаў, А.​Баніцэвіч і інш. У зах.-бел. перыяд часопіс пісаў пра наспелыя аграрныя рэформы, прычыны цяжкага становішча вёскі, крытычна ставіўся да хутарызацыі, знаёміў з навінкамі ў паляводстве і жывёлагадоўлі. Найб. актыўныя аўтары «С.» ў гэты час: Павалковіч, Л.​Войцікава (З.​Верас), М.​Манцэвіч.

А.​С.​Ліс.

т. 14, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІНАГАДО́ЎЛЯ,

галіна жывёлагадоўлі, развядзенне свіней на мяса, сала і інш. прадукты. Свініна — каштоўны харч. прадукт, са скуры свіней робяць абутак і інш. рэчы, з крыві — каўбасы, альбуміны, крывяную муку, са шчаціння — шчоткі і пэндзлі, з касцей — касцявую муку, кішкі ідуць у каўбасную вытв-сць і на выраб струн. Свінні рана дасягаюць палавой спеласці, ужо ў гадавым узросце могуць мець прыплод. Высокая пладавітасць (10—12 парасят за апарос) разам з кароткім эмбрыянальным перыядам даюць магчымасць атрымліваць ад кожнай свінаматкі да 2,5 т свініны ў жывой масе за год. Рэалізацыйнай жывой масы 100—120 кг свінні дасягаюць за 5—7 месяцаў пры сярэднясутачнай прывазе 600—300 г (а пры збалансаваных рацыёнах кармлення да 1000—1200 г) пры спажыванні на 1 кг прыбаўлення ў масе 3,5—4,5 кг у кармавых адзінках. Свінні маюць высокую забойную масу (да 75—85% ад жывой масы), у ёй да 52% мяса і да 32% падскурнага тлушчу. З мяса свіней гатуюць разнастайныя харч. прадукты, многія з якіх вытрымліваюць працяглае захоўванне. У мясным балансе Беларусі свініна складае 47,7% (2000).

Гадоўляй свіней людзі пачалі займацца ў неаліце (5—3-е тыс. да н.э.). У развітых антычных краінах (Егіпет, Грэцыя, Рым) ужо існавалі іх пароды. У краінах феад. Зах. Еўропы С. была прымітыўная. Яе развіццё звязана з ростам гарадоў і попыту на мяса. У 19 ст. пачалася інтэнсіўная праца па паляпшэнні мясц. і фарміраванні новых парод, у выніку з’явіліся высокапрадукцыйныя, многія з якіх (асабліва буйная белая, выведзеная ў Англіі) не страцілі значэння да нашага часу. Найб. развіццё С. атрымала ў Еўропе, Усх. Азіі, Паўн. і Паўд. Амерыцы. Амаль палова сусв. пагалоўя ў краінах Азіі (найб. Кітай, Японія, Індыя, В’етнам), каля 25% у Еўропе (Германія, Францыя, Італія, Вялікабрытанія, Расія, Украіна, Польшча) і каля 10% у ЗША. Па рэліг. матывах С. не атрымала развіцця ў мусульманскіх краінах. У сусв. гандлі свінінай гал. месца займаюць Нідэрланды, Бельгія, Данія, Кітай і Канада.

На Беларусі да пач. 20 ст. С. была адной з развітых галін жывёлагадоўлі. Гадаваліся пераважна мясц. пароды, у памешчыцкіх гаспадарках — палепшаныя пароды. У 1916 было 2,4 млн. свіней. Племянная і таварная С. пачала развівацца ў 1920-я г. У час калектывізацыі ўзніклі таварныя свінагадоўчыя фермы (больш за 4 тыс. ў 1934). На пач. 1941 мелася 2,5 млн. свіней. З 1970-х г. С. пераводзілася на прамысл. аснову. Пабудаваны буйныя высокамеханізаваныя комплексы і ўкаранёна паточна-цэхавая сістэма вытв-сці на фермах калгасаў і саўгасаў. На Беларусі (2000) 100 свінагадоўчых комплексаў і больш за 1 тыс. ферм трох тыпаў: з закончаным абаротам статка, рэпрадукцыйных і адкормачных. Буйныя комплексы на 108 тыс. галоў гадавога адкорму свіней і сярэднія на 54 тыс. галоў — у дзярж. уласнасці. Асн. пароды: буйная белая, чорна-белая, беларуская мясная, эстонская беконная, ландрас і інш. Племянную работу праводзяць спецыялізаваныя заводы, саўгасы, раённыя племянныя станцыі; навук. даследаванні — Бел. НДІ жывёлагадоўлі, лабараторыі пры ВНУ. Колькасць свіней 3,6 млн. галоў, у т. л. 1,3 млн. ў насельніцтва (2000). Эфектыўнасць С. апошнія гады паніжана ў сувязі з высокімі выдаткамі корму (каля 6,6 кг у кармавых адзінках на 1 кг прывагі, у т. л. каля 6 кг у кармавых адзінках канцэнтратаў).

Г.​С.​Смалякоў.

Да арт. Свінагадоўля. Свінагадоўчы комплекс у саўгасе-камбінаце «Сож» Гомельскага раёна.

т. 14, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)