«САХА́»,
сельскагаспадарчы часопіс дэмакр. кірунку. Выдаваўся з крас. 1912 да кастр. 1913 у Вільні, з ліст. 1913 у Мінску на бел. мове, у студз. 1915 на 27-м нумары выданне спынена ў сувязі з набліжэннем фронту ў 1-ю сусв. вайну. У крас. — маі 1920 у Мінску выйшлі 2 нумары. З сак. 1927 да жн. 1931 выдаваўся ў Вільні (41 нумар). Усяго выйшла 70 нумароў. Рэдактары А.Уласаў (1912—15, 1920, 1928—29), У.Павалковіч (1927), М.Ільяшэвіч (1930—31). На старонках «С.» прапагандаваліся прагрэсіўныя метады апрацоўкі зямлі, палепшаныя гатункі насення, шматпольная сістэма севазвароту. Часопіс арыентаваў на спецыялізацыю гаспадаркі, развіццё жывёлагадоўлі, пісаў пра розныя аспекты садоўніцтва, агародніцтва, даваў гасп. парады. У дарэв. пару ў «С.» выступалі А.Петрашкевіч, К.Сініцкі, Я.Пачопка (Я.Башкір), Ю.Бусел, Я.Крыўка, Я.Дыла (Н.Бываеўскі), Л.Папроцкі, Уласаў, А.Баніцэвіч і інш. У зах.-бел. перыяд часопіс пісаў пра наспелыя аграрныя рэформы, прычыны цяжкага становішча вёскі, крытычна ставіўся да хутарызацыі, знаёміў з навінкамі ў паляводстве і жывёлагадоўлі. Найб. актыўныя аўтары «С.» ў гэты час: Павалковіч, Л.Войцікава (З.Верас), М.Манцэвіч.
А.С.Ліс.
т. 14, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)