АКТЫНАБАЦЫЛЁЗ, праактынамікоз, псеўдаактынамікоз,

хранічная інфекцыйная хвароба жывёл, якая выклікаецца грыбком з кл. актынаміцэтаў. Пашырана ў многіх краінах свету, у т. л. на Беларусі. Хварэюць пераважна свойскія жывёлы (часцей маладняк буйн. раг. жывёлы, авечак, свіней) у зімова-веснавы перыяд. У арганізм узбуджальнік трапляе праз раны скуры або слізістай абалонкі рота, часцей з кормам. У хворых жывёл у мяккіх тканках галавы і шыі, лімфатычных вузлах з’яўляюцца шчыльныя гнойныя вузельчыкі, з наступным утварэннем свішчоў. У прафілактычных мэтах неабходна пазбягаць выпасу на нізкіх пашах, запарваць грубыя кармы.

т. 1, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ДЭЛЬ (Міхась) (Мендэль Моўшавіч; 13.4.1904, в. Камень Лепельскага р-на Віцебскай вобл. — 26.10.1980),

бел. крытык, тэатразнавец. Вучыўся ў БДУ (1921—26). Быў на парт. і журналісцкай рабоце, працаваў у навук. і тэатр. установах Беларусі. У Вял. Айч. вайну ў т-рах і ўстановах культуры Тамбова, Ташкента, Андыжана. З 1944 заг. літ. часткі т-ра оперы і балета ў Мінску, з 1945 у рэдакцыях час. «Полымя», газ. «Літаратура і мастацтва». Друкаваўся з 1925. У 1930-я г. прытрымліваўся вульгарна-сацыялагізатарскіх поглядаў, у пасляваен. час імкнуўся іх пазбягаць. Аўтар зб. артыкулаў «Тэатр і драматургія» (1935), брашуры «Л.​П.​Александроўская» (1945), кнігі нарысаў «Народныя артысты БССР» (1948).

т. 10, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МИНЧА́НИН»,

штотыднёвая літ. і грамадска-паліт. газета ліберальна-асветнага кірунку. Выходзіла з 30.11(13.12) да 28.12.1913 (10.1.1914) у Мінску на рус. мове. Арыентавалася на асветніцкія ідэі, добры густ і здаровы сэнс, імкнулася пазбягаць «партыйных і нацыяналістычных тэндэнцый». У серыі нарысаў, артыкулаў і літ. аглядаў крытыкавала бездухоўнасць, дэгуманізацыю масавай культуры і грамадскага побыту, адзначала крызіс рэліг., эстэт., маральных і інш. духоўных каштоўнасцей. Сцвярджала думку (А.​Чорнабародаў, І.​Бялоў), што тэхн. прагрэс пач. 20 ст. прывёў да крызісу культуры, які выявіўся ў выцясненні высокага мастацтва масавай культурай, у дэвальвацыі рэлігіі, філасофіі, хрысц. гуманізму, у перамозе прагматызму і утылітарызму над духоўнасцю. Выступала з крытыкай мадэрнісцкіх і натуралістычных плыней у мастацтве. Змяшчала асобныя маст. творы.

У.​М.​Конан.

т. 10, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)