СУДДЗЯ́,

службовая асоба, якая ўваходзіць у склад пэўных судовых органаў і выконвае функцыі правасуддзя.

У ВКЛ С. былі ўраднікі велікакняжацкай адміністрацыі (цэнтральнай і мясц.); выбраныя ў вызначаным парадку члены аддзеленых ад адміністрацыі судоў; феадалы ў адносінах да залежнага насельніцтва, найб. паважаныя сяляне-гаспадары (копныя мужы, старцы) — члены самага старажытнага копнага суда. Галоўным С. у дзяржаве лічыўся вялікі князь. Разам з панамі-радай ён выконваў функцыі правасуддзя ў вышэйшым велікакняжацкім судзе. Вял. князь (кароль) разам з сенатарамі з’яўляўся С. соймавага суда, у склад якога выбіраліся і некалькі соймавых паслоў. С. камісарскага суда прызначаліся вял. князем або інш. пастаяннымі С. з прадстаўнікоў Рады ВКЛ ці велікакняжацкай адміністрацыі Членаў Вышэйшага апеляцыйнага суда — Трыбунала Вялікага княства Літоўскага — выбірала на дэпутацкіх сойміках шляхта. Членаў земскага суда (С., падсудка, пісара) выбірала шляхта павета на элекцыйных сойміках. З чатырох вызначаных ёю кандыдатаў (на кожную пасаду) вял. князь зацвярджаў пажыццёва аднаго. Такі ж парадак існаваў і пры выбарах С. падкаморскага суда — падкаморыяў. На перыяд бескаралеўя ствараліся каптуровыя суды, членамі якіх былі С. павятовых судоў; гродскага, земскага, падкаморскага і некат. інш. ўраднікі. С. гродскага суда (замкавага) былі службовыя асобы мясц. адміністрацыі, а таксама прадстаўнікі мясц. шляхты; з 1566 са шляхціцаў прызначаліся С. і пісар. Для гараджан і феадальна-залежных людзей С. былі феадалы і іх ураднікі (гл. Вотчынны суд), а таксама асобы мясц. дзярж. і гасп. адміністрацыі. У гарадах ВКЛ, якія атрымалі магдэбургскае права, ствараліся бурмістраўска-радзецкія суды і войтаўска-лаўніцкія суды. С. палюбоўнага суда (кампрамісарскага) выбіраліся бакамі, якія вялі справу. С. канфедэрацкіх судоў — канфедэратамі. С. судоў духоўных былі прадстаўнікі духавенства, якія выбіраліся капітулам.

У Рэспубліцы Беларусь, паводле Закона «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь» ад 13.1.1995, С. з’яўляюцца асобы, надзеленыя ва ўстаноўленым законам парадку паўнамоцтвамі па ажыццяўленні правасуддзя. С. ўсіх судоў Рэспублікі Беларусь валодаюць адзіным статусам. Асаблівасці статуса асобных катэгорый С. вызначаюцца законамі рэспублікі. С. можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў узросту 25 гадоў, мае вышэйшую юрыд. адукацыю, не ўчыняў ганьбуючых яго ўчынкаў, мае стаж работы па юрыд. спецыяльнасці не менш як 2 гады або прайшоў ва ўстаноўленым парадку стажыроўку на працягу 2 гадоў і здаў кваліфікацыйны экзамен. Пры ажыццяўленні судовай улады С. павінен няўхільна выконваць Канстытуцыю і законы Рэспублікі Беларусь, быць справядлівым і непрадузятым. Пры выкананні сваіх абавязкаў, а таксама ў неслужбовых адносінах С. павінен пазбягаць усяго, што прыніжае аўтарытэт судовай улады, годнасць С. Ён не можа займацца якой-н. іншай дзейнасцю (акрамя навук. ці педагагічнай, не звязанай з заняццем штатных пасад), быць дэпутатам, ажыццяўляць прадпрымальніцкую дзейнасць, належаць да паліт. партый і масавых рухаў. С. ўсіх судоў нязменныя. Яны не могуць быць пераведзены на інш. пасаду або ў іншы суд без асабістай згоды. Паўнамоцтвы С. не могуць быць спынены інакш, як у парадку і на падставах, устаноўленых законам. С. з’яўляецца недатыкальным і не можа быць прыцягнуты да крымін. адказнасці без згоды органа, які яго выбраў ці прызначыў. Выбраныя і прызначаныя на пасаду С. прыносяць прысягу.

Т.​І.​Доўнар, Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 15, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)