РЭЗО́Н [франц. raison ад лац. ratio (rationis) падстава, прычына] разумная падстава, доказ, сэнс, прычына. Напр.: «Крыўдзіцца на ўвесь свет няма рэзону».

т. 13, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЦЫЯ (польск. racja ад лац. ratio розум),

разумная падстава, слушнасць, перакананне ў чыіх-небудзь грунтоўных развагах і прынятых рашэннях (напр., «маеце рацыю»).

т. 13, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЗУС БЕ́ЛІ (лац. casus belli),

непасрэдная фармальная падстава для ўзнікнення вайны паміж дзяржавамі. У мінулым К.б. лічыўся законнай падставай для пачатку ваен. дзеянняў і апраўдання вайны, служыў мэтам замаскіравання яе сапраўдных прычын. Разам з ліквідацыяй права на вайну зніклі і падставы для К.б.

т. 7, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРЫ́Т (ад лац. antrum пячора, поласць + ...im),

запаленне слізістай абалонкі і касцявых сценак поласці соскападобнага адростка скроневай косці — антрума. Назіраецца ў дзяцей першых месяцаў жыцця. Узнікае як ускладненне вострага сярэдняга атыту, іншы раз ад агульнага знясілення арганізма (пры таксічнай дыспепсіі, пнеўманіі). Падстава на падазрэнне антрыту — цяжкі, зацяжны, востры атыт і завушны абсцэс пасля прарыву гною з антрума. Лячэнне хірургічнае.

т. 1, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭТНІ́ЧНАЯ ТЭРЫТО́РЫЯ,

тэрыторыя пераважнага размяшчэння пэўнага этнасу, якая ўключае арэал яго фарміравання і кампактнага рассялення, а таксама раёны змешвання з інш. нацыянальнасцямі. Асаблівасці размяшчэння і прыродныя ўмовы Э.т. істотна ўплываюць на жыццё этнасу, яго культуру і побыт. Э.т. — гал. падстава пры ўстанаўленні дзярж. граніц і фарміраванні нац.-дзярж. структуры. Гл. таксама Этнічная група, Этнаграфічныя карты.

т. 18, кн. 1, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРА́ ДЗЯЛЯ́НА ПАЎСТА́ННЕ,

паўстанне супраць візант. панавання на тэр. гіст. Македоніі і прылеглых зямель Балканскага п-ва ў 1040—41. Непасрэдная падстава — узмацненне падатковага цяжару. Гал. кіраўнік — Пётр Дзялян, які назваў сябе ўнукам цара Зах.-Балг. царства (заваявана Візантыяй у 1018) Самуіла і быў абвешчаны царом. Захапіўшы гарады Бялград, Ніш і Скопле, Пётр падначаліў сабе атрады паўстанцаў у Албаніі. Візант. імператар Міхаіл VI скарыстаў міжусобную барацьбу сярод паўстанцаў (сын балг. цара Івана Уладзіслава Алусіян асляпіў Пятра і ўцёк да візантыйцаў) і ў 1041 задушыў паўстанне.

т. 13, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГУМЕ́НТ (лац. argumentum),

1) суджэнне (або іх сукупнасць), што прыводзіцца ў пацвярджэнне праўдзівасці інш. суджэння, канцэпцыі, тэорыі.

2) У логіцы — пасылка доказу (інакш — падстава або довад доказу); часам аргументам называюць увесь доказ цалкам. Лагічныя довады для абгрунтавання якога-н. палажэння называюць аргументацыяй. Азначае таксама працэс лагічнага доказу ісціннасці якога-н. палажэння (суджэння) пры дапамозе аргумента (аксіём, азначэнняў і выказванняў аб фактах). Аргументацыя ажыццяўляецца ў адпаведнасці з правіламі пабудовы доказаў (правілы катэгарычнага сілагізму, умоўна-раздзяляльнага, умоўнага сілагізму і інш.). У ёй можа быць выкарыстана адвольная, але канечная колькасць аргумента. Спосаб сувязі аргумента паміж сабой ці з тэзісам (палажэннем, якое аргументуецца) наз. дэманстрацыяй, формай доказу або формай аргументацыі.

У.​К.​Лукашэвіч.

т. 1, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРА́ЕЎСКАЕ ЗАБО́ЙСТВА,

забойства наследніка аўстр. прастола эрцгерцага Франца Фердынанда 28.6.1914 у г. Сараева (Боснія). Здзейснена членамі тайнай групы сербскай нац. арг-цыі «Маладая Боснія» на чале з Г.​Прынцыпам і Д.​Ілічам. План забойства распрацавала з ведама сербскага ўрада блізкая да сербскага ген. штаба тайная арг-цыя «Аб’яднанне або смерць» («Чорная рука»), Франц Фердынанд, разам з жонкай, быў застрэлены Прынцыпам у час руху па вуліцах Сараева, куды ён прыбыў для кіраўніцтва манеўрамі аўстра-венг. арміі. Іліч і 2 інш. члены тэрарыст. групы пакараны смерцю, Прынцып (як непаўналетні) асуджаны на 20 гадоў катаргі (памёр у турме). С.з. было выкарыстана Аўстра-Венгрыяй і Германіяй як падстава для ваен. нападу на Сербію, што стала пачаткам 1-й сусв. вайны.

т. 14, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЯ,

1) у псіхалогіі свядомая самарэгуляцыя суб’ектам сваёй дзейнасці і паводзін, якая забяспечвае пераадоленне цяжкасцей пры дасягненні мэты. Розныя вытлумачэнні волі ў філасофіі і псіхалогіі звязаны з процілегласцю канцэпцый дэтэрмінізму і індэтэрмінізму. Першы разглядае волю як абумоўленую звонку (фіз., псіхал., сац. прычынамі або божым прадвызначэннем), другі — як аўтаномную і незалежную сілу (гл. Свабода волі). У вучэннях валюнтарызму воля ўяўляецца як адвечная і першасная падстава сусветнага працэсу і чалавечай дзейнасці. У т.зв. «аўтагенетычных» тэорыях воля разглядаецца як нешта спецыфічнае, незалежнае, што не зводзіцца да якіх-н. працэсаў (В.​Вунт, Н.​Ах, І.​Ліндворскі), а ў «гетэрагенетычных» тэорыях — як нешта другаснае, прадукт інш. псіхал. фактараў і з’яў (І.​Ф.​Гербарт, Г.​Эбінгаўз, Э.​Блейлер, прадстаўнікі асацыянізму).

2) У праве — адлюстраваная ў сістэме нормаў права воля класа, які эканамічна і палітычна пануе ў грамадстве. Тэрмін «воля» выкарыстоўваецца ў заканадаўстве і як сінонім волевыяўлення ўдзельнікаў праваадносін.

т. 4, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКАЯ СПА́ДЧЫНА,

вайна за польскую спадчыну (1733—35) паміж Расіяй, Аўстрыяй і Саксоніяй з аднаго боку і Францыяй — з другога. Падстава — выбары караля Рэчы Паспалітай пасля смерці Аўгуста II (1733). Францыя падтрымлівала кандыдатуру Станіслава Ляшчынскага, зацвярджэнне якой вяло да стварэння антырас. блоку дзяржаў на чале з Францыяй. Расія і Аўстрыя падтрымлівалі сына Аўгуста II саксонскага курфюрста Фрыдрыха Аўгуста II. Паводле просьбы групы магнатаў, Расія ў вер. 1733 увяла ў Рэч Паспалітую свае войскі. 12.9.1733 на сейме ў Варшаве каралём быў выбраны Ляшчынскі, але частка шляхты на занятай рас. войскамі тэр. ўзвяла на прастол Фрыдрыха Аўгуста II (гл. Аўгуст III). Рас. войскі ў студз. 1734 захапілі г. Торунь, у ліп. — Гданьск (Данцыг), адкуль Ляшчынскі ўцёк у Прусію. У 1734—35 Францыя з пераменным поспехам вяла ваен. дзеянні супраць Аўстрыі на р. Рэйн і ў Італіі. У кастр. 1735 заключаны папярэдні, а ў ліст. 1738 у Вене — канчатковы мір паміж Аўстрыяй і Францыяй, да якога ў 1739 далучыліся Расія, Рэч Паспалітая і Саксонія. Францыя прызнала каралём Рэчы Паспалітай Аўгуста III.

т. 12, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)