Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАХО́ДНЫ ПАДА́ТАК з грамадзян, від падатку, які бярэцца з сукупнага даходу грамадзян у грашовай (нац. або замежнай валюце) ці натуральнай формах, атрыманага на тэр. краіны або за яе межамі на працягу каляндарнага года. На Беларусі адносіцца да прамых падаткаў і бярэцца на аснове закона «Аб падаходным падатку з грамадзян» (1991). Уплывае на фарміраванне мясц. бюджэтаў або адносіцца да разраду ўласных (замацаваных) падаткаў і поўнасцю застаецца на тэр. мясц. Саветаў. Плацельшчыкамі П.п. з’яўляюцца грамадзяне краіны, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна або часова пражываюць на яе тэрыторыі. Законам прадугледжаны даходы, што не падлягаюць падаткаабкладанню (дапамога, аліменты, стыпендыі, пенсіі і г.д.), а таксама льготы, па якіх асобныя катэгорыі грамадзян ад выплаты падатку вызваляюцца поўнасцю або сума падатку паніжаецца (інваліды, слабазабяспечаныя грамадзяне, сем’і з дзецьмі і інш.), ільготы па падатку з даходаў, атрыманых ад рэалізацыі с.-г. прадукцыі, і інш. З 1999 уведзена сістэма ўсеагульнага дэкларавання пры налічэнні П.п., паводле якой кожны падаткаплацельшчык павінен зарэгістравацца ў падатковых органах па месцы жыхарства і кожны год падаваць дэкларацыю аб даходах, атрыманых за год.
А.Ф.Кірэева.
т. 11, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯДО́ІМКА,
сума падатку або інш. абавязковага плацяжу, не ўнесеная ў вызначаны дзяржавай тэрмін.
т. 11, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАТКО́ВЫЯ ЛЬГО́ТЫ,
частковае або поўнае вызваленне пэўнага кола фіз. і юрыд. асоб ад платы падаткаў шляхам вылічэнняў ці скідак пры вызначэнні падаткаў. П.л. маюць на мэце стымуляванне развіцця эканомікі, прыярытэтных галін, асобных вытворчасцей, рэгіёнаў краіны. Існуюць розныя формы П.Л.: неабкладны мінімум аб’екта падатку; выключэнне з абкладання пэўных элементаў аб’екта падатку; вызваленне ад платы падаткаў пэўных асоб або катэгорый плацельшчыкаў або паніжэнне падатковых ставак; вылік з падатковага плацяжу за разліковы перыяд; мэтавыя П.Л., падатковыя крэдыты, адтэрміноўкі спагнання падаткаў і інш.
М.Е.Заяц.
т. 11, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖАЎНЫЯ ДАХО́ДЫ,
фінансавыя сродкі, якія паступаюць у дзярж. бюджэт і складаюць даходную частку цэнтралізаваных фін. рэсурсаў дзяржавы. Выкарыстоўваюцца дзяржавай для ажыццяўлення сваіх функцый. Утвараюцца ў асноўным за кошт чыстага даходу ў форме падатку з абароту, плацяжоў прадпрыемстваў і арг-цый з прыбытку, мытных даходаў, узносаў па сац. страхаванні, падаходнага падатку. Крыніцамі Дз.д. з’яўляюцца таксама даходы ад жыллёвага фонду, лясны даход, выручка ад рэалізацыі безгаспадарчай і канфіскаванай маёмасці, незапатрабаваных грузаў і паштовых адпраўленняў, маёмасці прадпрыемстваў, што ліквідуюцца, арг-цый і ўстаноў, даходы ад платных паслуг. Да Дз.д. належаць паступленні сум, якія перавышаюць даходы над расходамі па спец. сродках бюджэтных устаноў, ад арэнднай платы і інш. Адна з формаў папаўнення Дз.д. — замежныя пазыкі.
т. 6, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНАРО́ВЫ ГРАМАДЗЯНІ́Н,
1) прывілеяванае званне, устаноўленае ў Рас. імперыі ў 1832 для асобных груп гараджан. Ганаровы грамадзянін вызваляўся ад падушнага падатку, рэкруцкай павіннасці, цялесных пакаранняў.
2) Званне, якое ў Рэспубліцы Беларусь і некаторых інш. краінах надаецца мясц. органамі дзярж. улады асобам за іх асабістыя заслугі перад пэўным горадам.
т. 5, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВО́ТА (ад позналац. quota частка, якая прыпадае на кожнага),
1) доля, частка, пай, норма, якія прыпадаюць на аднаго з удзельнікаў агульнай справы.
2) Колькасныя абмежаванні (вытв-сці, збыту, спажывання, экспарту, імпарту тавараў), якія ўводзяцца на пэўны час. Абмежавальныя меры называюцца кваціраваннем.
3) Велічыня падатку, што збіраецца з пэўнай адзінкі абкладання.
т. 8, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ННЫ ВО́ДКУП,
сістэма збірання ўскоснага падатку, пры якой аддаецца на водкуп прыватным прадпрымальнікам права на гандаль віном (гарэлкай). Адкупшчыкі плацілі дзяржаве загадзя абумоўленую грашовую суму і гэтым набывалі права на публічны гандаль гарэлкай. У Расіі вядомы з 16 ст. Існаваў на працягу 17 — 1-й пал. 19 ст. побач з віннай манаполіяй. Асабліва быў пашыраны ў 18 ст. Да 19 ст. не пашыраўся на шэраг зах., паўн.-зах., паўд.-зах. губерняў і Царства Польскае, дзе права на гандаль віном захоўвалі памешчыкі і гарады. З 18 ст. вінны водкуп — адна з крыніц т.зв. пачатковага накаплення капіталу. На яго аснове ўзбагачаліся купецтва і дваранства, а дзяржава атрымлівала вял. даходы (напр., у 1859—63 прыбыткі ад віннага водкупу складалі 40% усіх даходаў). Вінны водкуп выклікаў абурэнне народа і прывёў да адкрытых выступленняў у 1858—59. Сістэма віннага водкупу ліквідавана ў 1863 і заменена інш. відам ускоснага падатку — акцызам.
т. 4, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАСАНО́ГІЯ»,
удзельнікі нар. паўстання 1639 у Ніжняй Нармандыі (Францыя). Назва ад паўлегендарнага кіраўніка паўстанцаў Жана Басаногага. Паўстанне выклікана ўвядзеннем цяжкага салянога падатку («габелі»). Пачалося ў г. Аўранш, распаўсюдзілася на ўсю вобласць. Паўстанцы (сяляне, гар. нізы, буржуа) стварылі сваю армію (саманазва «армія пакуты»; каля 20 тыс. чал.), заклікалі насельніцтва не плаціць падаткі, узбройвацца і забіваць зборшчыкаў падаткаў. Разбіты восенню 1639 каралеўскімі часцямі.
т. 2, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАГІ́Р,
найбольш пашыраная форма феад. землекарыстання ў Магольскай імперыі ў Індыі ў 16—18 ст. Сярэдні памер Дж. быў вялікі (да 100 тыс. га). Уладальнік (джагірдар) атрымліваў долю дзярж. зямельнага падатку з Дж. на сваю карысць, за гэта быў абавязаны ўтрымліваць атрад наёмных коннікаў. У 1574 Акбар спрабаваў ліквідаваць сістэму Дж., што выклікала супраціўленне мусульм. джагірдараў. У 17 ст. ўзнікла тэндэнцыя да перараджэння Дж. ў спадчыннае валоданне (ажыццяўлялася ў 18 ст.).
т. 6, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)