АКЦЫ́З
(франц. accise ад лац. accidere абразаць),
від ускоснага падатку на тавары і паслугі ўнутр. вытв-сці. Аб’ектам такога абкладання, як правіла, з’яўляюцца тавары масавага ці абмежаванага выкарыстання, прадметы раскошы, а таксама пашыраныя камунальныя, трансп., культ. і інш. паслугі. Некаторыя краіны ў пратэкцыянісцкіх мэтах абкладаюць акцызам і імпартныя тавары (звыш мытных пошлін). Акцыз уключаецца ў цану тавара і ў тарыф за паслугі і фактычна перакладваецца на спажыўца. З’яўляецца важнай крыніцай даходаў дзярж. бюджэту. У 1904 у Расіі акцыз (разам з віннай манаполіяй) даваў амаль 50% бюджэтных даходаў. У б. СССР у 1930—31 быў адменены. У Рэспубліцы Беларусь уведзены законам «Аб акцызах» ад 19.12.1991, які вызначае тавары і паслугі, што абкладаюцца акцызам. Плацельшчыкамі акцызу з’яўляюцца юрыд. і фіз. асобы, якія ажыццяўляюць вытв. і камерцыйную дзейнасць, аказваюць паслугі.
т. 1, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)