ДЗЕСЯЦІ́НА
(лац. decima, франц. décime, dîme, ням. Zehnt, англ. tithe),
1) дзесятая частка даходу, якая збіралася царквою з насельніцтва ў сярэдневяковай Еўропе (Дз. царкоўная). Узнікла ў канцы 6 ст. У Стараж. Русі ўстаноўлена кн. Уладзімірам Святаславічам пасля хрышчэння Русі і прызначалася першапачаткова для Кіеўскай Дзесяціннай царквы, а пазней набыла характар паўсюднага падатку, які збіраўся царк. арг-цыямі (але не манастырамі). У ВКЛ у 15—16 ст. была Дз. «снаповая» (сяляне аддавалі кожны 10-ы сноп) і агульная (1/10 частка збожжа, мёду і інш.).
2) Стараж.-рус. мера зямельных плошчаў. Першапачаткова ўяўляла сабой квадрат з бакамі, якія раўняліся 1/10 вярсты (адсюль назва); пл. 2500 кв. сажняў. Як гал. пазямельная адзінка Расіі ўведзена Межавой інструкцыяй 1753 у выглядзе казённай Дз. плошчай 2400 кв. сажняў, або 1,0925 га. Скасавана ў 1918 з пераходам да метрычнай сістэмы мер.
Я.К.Анішчанка.
т. 6, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)