ДЖАГІ́Р,

найбольш пашыраная форма феад. землекарыстання ў Магольскай імперыі ў Індыі ў 16—18 ст. Сярэдні памер Дж. быў вялікі (да 100 тыс. га). Уладальнік (джагірдар) атрымліваў долю дзярж. зямельнага падатку з Дж. на сваю карысць, за гэта быў абавязаны ўтрымліваць атрад наёмных коннікаў. У 1574 Акбар спрабаваў ліквідаваць сістэму Дж., што выклікала супраціўленне мусульм. джагірдараў. У 17 ст. ўзнікла тэндэнцыя да перараджэння Дж. ў спадчыннае валоданне (ажыццяўлялася ў 18 ст.).

т. 6, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)