ДЗЕ́ЦКІ,

1) у Стараж. Русі з 11 ст. прадстаўнік ніжэйшай («малодшай») часткі дружыны. У сац.-грамадскай сферы выконваў шэраг паліцэйскіх, адм. функцый. У надзвычайных абставінах мог быць пераведзены ў баяры і атрымаць пасадніцтва. Дз. складалі сталы вайсковы аддзел, які знаходзіўся ў непасрэдным распараджэнні князя або кіраўніцтва земскай абшчыны. Па меры разлажэння дружыны Дз. трацілі рысы дружыннай структуры і паглынуты княжацкім дваром.

2) У ВКЛ у 15—16 ст. службовая асоба, якая па даручэнні вял. князя, ваяводы, старосты ці інш. прадстаўнікоў улады затрымлівала і дастаўляла абвінавачанага ў суд. З 1566 функцыі Дз. выконваў возны.

Г.​В.​Ласкавы.

т. 6, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ КАМЕРЦЫ́ЙНЫ БАНК,

першы прыватны банк у дарэв. Беларусі. Засн. ў 1873 памешчыкамі і гандл. буржуазіяй Мінска і Мінскай губ. Сярод акцыянераў банка Л.​А.​Ваньковіч, кн. Е.​Э.​Друцкі-Любецкі, В.​А.​Лапо, Х.Г. і А.​Я.​Лур’е і інш. Акцыянерны капітал складаў 1,5 млн. рублёў. Банк спецыялізаваўся на выдачы пазык для забеспячэння гандлю с.-г. таварамі, на крэдытаванні вывазу лясной прадукцыі ў паўд. губерні Расіі і за мяжу. У 1880—90-я г. аддзяленні і агенцтвы М.к.б. дзейнічалі ў Гомелі, Магілёве, Лібаве, Бабровіцах, Навазыбкаве, Рамнах, Канатопе і інш. Росквіт М.к.б. прыпадае на канец 19 — пач. 20 ст. У 1895 кантрольны пакет яго акцый купіў пецярбургскі прадпрымальнік Я.​С.​Палякоў з сынамі. Пасля разарэння Паляковых на чале М.к.б. зноў сталі мясц. акцыянеры. Змены ў развіцці ляснога рынку, канкурэнцыя з боку буйных рас. банкаў, канцэнтрацыя акцый у руках вузкай групы асоб прывялі да ліквідацыі М.к.б. (1908), у 1912 ён паглынуты Азоўска-Данскім Камерцыйным банкам.

В.​М.​Сяховіч.

т. 10, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)