НІКО́,

бальнеалагічны і горнакліматычны курорт у Японіі, у цэнтр. частцы в-ва Хонсю, на Пн ад Токіо, у даліне р. Дая. Клімат марскі, вільготны, мусонны. На схілах г. Насу — гарачыя (да 65 °C) крыніцы гідракарбанатна-сульфатна-кальцыевых вод, якія выкарыстоўваюць для ваннаў пры захворваннях органаў апоры і руху, скуры. Размешчаны ў аднайменным нац. парку. Цэнтр турызму.

т. 11, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пірасманашвілі Ніко

т. 12, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОРДКІПАНІ́ДЗЕ (Ніко) (Мікалай Мерабавіч; 29.9.1880, с. Чунешы, Грузія — 25.5.1944),

грузінскі пісьменнік. Скончыў Горную акадэмію ў Леобене (Аўстрыя; 1907). У творчасці імкнуўся асэнсаваць праблемы гісторыі і сучаснасці. Яго апавяданні і аповесці вылучаюцца майстэрствам стварэння вобразаў, перадачай духу эпохі: «Рыцары», «Грозны валадар» (абедзве 1912), «Ліхалецце» (1914—19) і інш. Гісторыка-рэв. аповесць «З сцежак на рэйкі» (1928) пра барацьбу груз. народа ў 1905—07. Аповесці «Непакорныя» (1943) і «Вяртанне былога палоннага» (1944) пра Вял. Айч. вайну. Аўтар цыкла навел «Разбураныя гнёзды» (1916), аповесці «Скульптар» (1936) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — С тропинок на рельсы: Повести и рассказы. М., 1981.

Літ.:

Жгенти В. Н.​Лордкипанидзе. Тбилиси, 1958.

т. 9, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУДЫЯШВІ́ЛІ (Ладо) (Уладзімір) Давыдавіч (30.3.1896, Тбілісі — 20.7.1980),

грузінскі жывапісец і графік. Нар. мастак Грузіі (1957) і СССР (1972). Герой Сац. Працы (1976). Вучыўся ў Школе жывапісу і скульптуры (Тбілісі, 1910—14). У 1919—26 жыў у Парыжы, наведваў Акадэмію Ронсана. Зазнаў уплыў сярэдневяковага груз. мастацтва і заходнееўрап. плыней 1920-х г. У 1926—32 праф. Тбіліскай АМ. Яго творы насычаны фальклорнымі матывамі, міфалагічнымі і фантаст. вобразамі (алегарычныя і сатыр. карціны, сцэны з жыцця тыфліскай багемы, партрэты, кніжныя іл., тэатр. дэкарацыі). Сярод іх жывапісныя карціны «Рыба Цоцхалі» (1920), «Ніко Пірасмані» (1946), іл. да зб. «Грузінскія народныя песні» Г.​Чхіквадзе (1946), да кн. «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш.​Руставелі (2-е выд. 1976) і інш. Дзярж. прэмія Ш.​Руставелі 1965.

Літ.:

Каган М.С. Л.​Гудиашвили: Альбом. Л., 1983.

т. 5, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАЛА́ДЗЕ (Мікалай) (Ніко) Якаўлевіч (26.9.1843, г. Кутаісі, Грузія — 1.4.1928),

грузінскі і рас. публіцыст і літ. крытык, дзеяч нац.-вызв. і дэмакр. руху ў Грузіі. Д-р права (1868). Скончыў Цюрыхскі ун-т (Швейцарыя, 1868). Друкаваўся з 1860, быў блізкі да М.​Г.​Чарнышэўскага. У 1861 за ўдзел у рэв. дзейнасці выключаны з Пецярбургскага ун-та і арыштаваны. У 1864—69 у эміграцыі ў Францыі і Швейцарыі. Супрацоўнічаў у газ. «Колокол» А.​І.​Герцэна, удзельнічаў у дзейнасці рас. рэв.-дэмакр. групы «Маладая эміграцыя», выданні час. «Подпольное слово» і «Современность». З 1870 у Тбілісі, разам з І.Р.Чаўчавадзе і інш. ўзначаліў груз. нац.-вызв. рух. У 1878—80 выдаваў ліберальную газ. «Обзор». У 1881—83 у Пецярбургу, супрацоўнік час. «Отечественные записки». З 1886 у Грузіі, адзін з кіраўнікоў ліберальнага руху «Меарэ-дасі» («Другая група»). У 1894—1912 гар. галава г. Поці. Быў чл. урада Грузінскай Дэмакр. Рэспублікі (1918—21). З 1920 у Лондане. У 1924 вярнуўся на радзіму. У літ.-крытычных артыкулах выступаў як паслядоўны прыхільнік рэаліст. метаду.

т. 11, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЭ́ННЕ тытуню,

адна з найбольш распаўсюджаных шкодных прывычак чалавека — удыханне дыму тлеючага тытуню; від бытавой наркаманіі. Тытунь завезены Х.​Калумбам у Іспанію і Партугалію з Амерыкі ў канцы 15 ст.; выкарыстоўваўся як дэкар. расліна, пазней — для К. У 16 ст. распаўсюдзіўся ў Францыі (падараваны каралеве як лек. сродак паслом у Партугаліі Ж.​Ніко — адсюль «нікацін»); у Расію завезены ў пач. 17 ст. К. праследавалася ўладамі ў Англіі, Італіі, Расіі і інш. краінах. Пётр I дазволіў продаж тытуню і наклаў пошліну на карысць дзяржавы. Да сярэдзіны 19 ст. К. стала бытавой заганай.

Цвёрдая ч. тытунёвага дыму складаецца з дзёгцю і інш. пухлінагенных рэчываў, газавая мае ў сабе аксіды вугляроду, нікацін, альдэгіды, эфіры, фенолы, сінільную к-ту і інш. Вуглевадароды ў тытунёвым дыме могуць правакаваць развіццё ракавых пухлін, радыеактыўны палоній-210 садзейнічае з’яўленню хранічных бранхітаў, злаякасных пухлін лёгкіх, мачавога пузыра, страўніка, нырак і інш. Таксічнасць тытунёвых вырабаў вызначаецца колькасцю нікаціну (0,7—2,5%). Паступовае атручэнне арганізма пры К. вядзе да заўчаснага развіцця захворванняў, скарачае працягласць жыцця у сярэднім на 5—7 гадоў, зніжае фіз. і інтэлектуальныя здольнасці чалавека; тытунёвы дым шкодны для навакольных; найб. небяспечнае К. для дзяцей і падлеткаў, пры цяжарнасці. Лячэнне: псіхатэрапія і псіхапрафілактыка, медыкаментознае.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 9, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)