ПІРАСМАНАШВІ́ЛІ, Пірасмані,

Ніко (Мікалай Асланавіч; 1862?, с. Мірзаані, Грузія — 5.5?.1918), грузінскі мастак-самавук, прадстаўнік інсітнага мастацтва. Працаваў у Тбілісі. Маляваў самаробнымі фарбамі на кляёнцы і блясе шыльды для сталовых-духанаў і забаўляльных устаноў і карціны на тэмы нар. жыцця, пейзажы, нацюрморты, выявы жывёл. Творы вызначаюцца насычаным глыбокім каларытам, кантрастнымі спалучэннямі халодных сіне-чорных і цёплых светлых колеравых плям, пластычнай завершанасцю форм, спалучэннем унутр. драматызму са знешнім спакоем персанажаў: «Дворнік» (1904), «Мядзведзь у месячную ноч» (1905), «Нацюрморт» (1910—12), «Лань» (1916), «Прадавец дроў», «Гулянка трох князёў», «Кампанія Бего», «Рыбак сярод скал» і інш. На радзіме П. адкрыты яго Дом-музей.

Літ.:

Зданевич К.М. Нико Пиросманашвили. М., 1964;

Нико Пиросманашвили: [Альбом] М., 1967;

Кузнецов Э. Пиросмани. Л., 1984.

Я.​Ф.​Шунейка.

Н.Пірасманашвілі. Гулянка трох князёў.

т. 12, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)