А́ЛЬТЭРМАН (Altermann) Тэадор Юр’евіч (24.11.1885, в. Равіла, Эстонія — 31.3.1915),

эстонскі акцёр. Творчую дзейнасць пачаў у 1902. Адзін з арганізатараў і акцёр (з 1906) т-ра «Эстонія». Стварыў яркія вобразы Лео Саалепа і Пійбілехта («Няўлоўны цуд» і «Дамавік» Э.​Вільдэ), Барона («Скупы рыцар» А.​Пушкіна), Атэла, Гамлета (аднайм. п’есы У.​Шэкспіра). Ігра Альтэрмана вылучалася майстэрствам пераўвасаблення, унутранага маналога. Як рэжысёр паставіў «Няўлоўны цуд», «Маскарад» М.​Лермантава, «Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага і інш.

т. 1, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАШКЕ́ВІЧ Вячаслаў Іосіфавіч (н. 15.4.1941, в. Дзякшняны Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1965). Працаваў у прэсе, на Бел. тэлебачанні. З 1989 у Ін-це філасофіі і права Нац. АН Беларусі. Друкуецца з 1963. У вершах Д. — жыццё і праца, трывогі і клопаты сучаснікаў. Выступае як публіцыст. На бел. мову пераклаў п’есу Э.​Вільдэ «Няўлоўны цуд».

Тв.:

Загадка Атлантыды. Мн., 1983.

т. 6, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЬДЭ (Vilde) Эдуард (4.3.1865, Сімуна Ракверэскага р-на, Эстонія — 26.12.1933, эстонскі пісьменнік. У 1875—82 вучыўся ў Таліне. З 1883 журналіст у эст. і ням. газетах. У 1906—17 у эміграцыі (Германія, Швейцарыя, ЗША, Данія). Раннія творы — бытавыя, пераважна гумарыстычныя, апавяданні-фельетоны. Аўтар гіст. трылогіі «Вайна ў Махтра» (1902),

«Калі сяляне з Анія наведалі Талін» (1903), «Прарок Мальтсвет» (1905—08) пра сял. рух 1850—60-х г. у Эстоніі. Псіхал. раман «Малочнік з Мяэкюлы» (1916), апавяданні і нарысы (зб. «Усмешкі», 1913), драма «Няўлоўны цуд» (1912), камедыя «Дамавік» (1913) і інш. вызначаюцца драматызмам канфліктаў, напружанасцю дзеяння, эмацыянальнасцю мовы.

т. 4, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЎТЭР (Lauter) Антс (5.7.1894, с. Валга Рапласкага р-на, Эстонія — 30.10.1973),

эстонскі акцёр, рэжысёр, педагог. Нар. арт. СССР (1948). Дэбютаваў у 1913 у т-ры «Эстонія» (Талін). З 1917 у рус. т-ры ў Ноўгарадзе, у т-рах «Эстонія» (1918—41, у 1944—49 гал. рэжысёр), «Ванемуйне» (Тарту; 1951—58, у 1953—55 гал. рэжысёр). Выкладаў у Эст. кансерваторыі (1938—41) і тэатр. ін-це (1945—50, з 1947 праф.). Акцёрскаму мастацтву ўласціва тонкая інтэлектуальнасць, дакладнасць выяўл. сродкаў. Сярод роляў: Хлестакоў, Гараднічы («Рэвізор» М.​Гогаля), Гамлет, Атэла, Шэйлак («Гамлет», «Атэла», «Венецыянскі купец» У.​Шэкспіра), Ільвес, Хайнман («Сувязь», «Няўлоўны цуд» Э.​Вільдэ). Паставіў спектаклі: «Дамавік» Вільдэ (1924, 1938), «Ворагі» М.​Горкага (1946), «Два лагеры» А.​Якабсана, «Тры сястры» А.​Чэхава (абедзве 1948). Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1952.

т. 9, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Э́СКАЛА (Eskola) Антс (17.2.1908, Талін — 14.12.1989),

эстонскі акцёр. Нар. арт. СССР (1964). У 1925—49 (з перапынкам) працаваў у т-ры «Эстонія», з 1949 у Эстонскім драм. т-ры (з 1952 т-р драмы імя В.​Кінгісепа), у 1966—83 у Эстонскім маладзёжным т-ры (усе ў Таліне). Сярод роляў: Маўрус («Чалавек і бог» паводле А.​Тамсаарэ), Лео Саалеп («Няўлоўны цуд» Э.​Вільдэ), Гамлет, Яга («Гамлет», «Атэла» У.​Шэкспіра), Пер Гюнт («Пер Гюнт» Г.​Ібсена), Шоу («Мілы лгун» Дж.​Кілці), Крачынскі («Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна) і інш. З 1947 здымаўся ў фільмах: «Святло ў Каордзі», «Справа Румянцава», «Новы Нячысты з пекла», «Мёртвы сезон», «Маленькі рэквіем для губнога гармоніка», «Школа пана Маўруса», «Суровае мора» і інш. Яго творчасць адметная жанравай разнастайнасцю, дакладнасцю і лаканічнасцю характарыстык герояў, псіхал. глыбінёй, прастатой сродкаў выразнасці. Дзярж. прэмія Эстоніі 1965.

т. 18, кн. 1, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́НСА (Panso) Вальдэмар (30.11.1920, Талін — 27.12.1977),

эстонскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Эстоніі (1968). Нар. арт. СССР (1977). Канд. мастацтвазнаўства (1964). Скончыў Талінскае вучылішча сцэн. мастацтва (1941), Дзярж. ін-т кінематаграфіі (1955). У 1941—50, 1955—58, 1964—65 у Эст. т-ры імя В.​Кінгісепа, з 1970 яго гал. рэжысёр. Ініцыятар стварэння і гал. рэжысёр (1965—70) Эстр. маладзёжнага т-ра (Талін). Адначасова з 1957 выкладаў у Талінскай кансерваторыі. Рэжысёрскаму мастацтву характэрны вастрыня сцэн. формы, наватарскае рашэнне стылю і жанру спектакля. Сярод пастановак: «Каралю холадна» (1955), «Чалавек і Бог» (1962), «Чалавек і чалавек» (1972) А.​Тамсаарэ, «Атлантычны акіян» (1956), «Дзікі капітан» (1964, 1966) Ю.​Смуула, «Няўлоўны цуд» Э. Вільдэ, «Пан Пунціла і яго слуга Маці» Б.​Брэхта (1958), «Назад да Мафусаіла» Б.​Шоу (1965), «Гамлет» (1966), «Рычард III» (1975) У.​Шэкспіра, «Будаўнік Сольнес» Г.​Ібсена (1974). Выканаў ролі Важака («Аптымістычная трагедыя» У.​Вішнеўскага), Пабеданосікава («Лазня» У.​Маякоўскага) і інш. Здымаўся ў кіно. Аўтар кніг. Дзярж. прэмія Эстоніі 1965.

Тв.:

Рус. пер. — Труд и талант в творчестве актера. М., 1972;

Удивительный человек. М., 1972.

Р.​І.​Баравік.

т. 12, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)