Э́СКАЛА (Eskola) Антс (17.2.1908, Талін — 14.12.1989),
эстонскі акцёр. Нар. арт. СССР (1964). У 1925—49 (з перапынкам) працаваў у т-ры «Эстонія», з 1949 у Эстонскім драм. т-ры (з 1952 т-р драмы імя В.Кінгісепа), у 1966—83 у Эстонскім маладзёжным т-ры (усе ў Таліне). Сярод роляў: Маўрус («Чалавек і бог» паводле А.Тамсаарэ), Лео Саалеп («Няўлоўны цуд» Э.Вільдэ), Гамлет, Яга («Гамлет», «Атэла» У.Шэкспіра), Пер Гюнт («Пер Гюнт» Г.Ібсена), Шоу («Мілы лгун» Дж.Кілці), Крачынскі («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна) і інш. З 1947 здымаўся ў фільмах: «Святло ў Каордзі», «Справа Румянцава», «Новы Нячысты з пекла», «Мёртвы сезон», «Маленькі рэквіем для губнога гармоніка», «Школа пана Маўруса», «Суровае мора» і інш. Яго творчасць адметная жанравай разнастайнасцю, дакладнасцю і лаканічнасцю характарыстык герояў, псіхал. глыбінёй, прастатой сродкаў выразнасці. Дзярж. прэмія Эстоніі 1965.
т. 18, кн. 1, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)