ПЕ́ЛЬТЦЭР (Таццяна Іванаўна) (6.6.1904, Масква — 16.7.1992),
расійская актрыса. Нар. арт. СССР (1972). На сцэне з 1920. З 1925 працавала ў маскоўскіх т-рах імя Массавета, з 1940 Мініяцюр, з 1947 Сатыры, з 1977 ў т-ры «Ленком». Творчасці ўласціва вострая камедыйнасць з надзвычайнай дакладнасцю сцэн. малюнка, схільнасць да буйнаакрэсленага характару; выкарыстанне гратэскавых прыёмаў спалучалася ў актрысы з псіхал. дакладнасцю, шчырасцю і душэўнасцю выканання. Сярод роляў: Каурава («Снеданне ў прадвадзіцеля» І.Тургенева), Манефа, Кукушкіна («На ўсякага мудраца хапае прастаты», «Даходнае месца» А.Астроўскага), нянька Гінес («Дом, дзе разбіваюцца сэрцы» Б.Шоу), Марселіна («Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ), Матухна Кураж («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта) і інш. Здымалася ў кіно: «Вяселле з пасагам», «Салдат Іван Броўкін», «Вам і не снілася», «Каранцін», «Формула кахання». Дзярж. прэмія СССР 1951.
т. 12, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТКО́ВІЧ (Лізавета Іванаўна) (н. 18.3.1947, в. Сімакава Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. актрыса. Скончыла Магілёўскае культ.-асв. вучылішча (1967), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1976). З 1967 актрыса Магілёўскага абл. драм. т-ра, з 1978 — Т-ра юнага гледача Беларусі. Яе творчасці ўласцівы лірычнасць і псіхалагізм. Сярод лепшых роляў: у Магілёўскім т-ры — Вольга («Апошнія суніцы ў жніўні» А.Дзялендзіка), Глашка («Трывога» А.Петрашкевіча), Таня («Развітанне ў чэрвені» А.Вампілава), Лэйдзі Торэнс («Арфей спускаецца ў пекла» Т.Уільямса), Ганначка («На бойкім месцы» А.Астроўскага); у Т-ры юнага гледача — маці Бэмбі («Бэмбі» Ф.Зальтэна, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980), Каралева («У краіне ліліпутаў» паводле Дж.Свіфта), маці Я.Купалы («Калыска чатырох чараўніц» У.Караткевіча), Турусіна, Аграфена Кандратаўна («На кожнага мудраца хапае прастаты», «Свае людзі — паладзім» Астроўскага), Нянька («Антыгона» паводле Ж.Ануя і Сафокла).
Р.І.Баравік.
т. 8, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)