Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНЫ́ ((Vigny) Альфрэд Віктор дэ) (27.3.1797, г. Лош, Францыя — 17.9.1863),
французскі пісьменнік. Граф. Чл.Франц. акадэміі (1845). У 1814—27 служыў у каралеўскай арміі. Яго творчасць адна з вяршынь франц. рамантызму. Дэбютаваў як паэт у 1820. Аўтар зб-каў «Вершы» (1822), «Паэмы на старажытныя і новыя сюжэты» (1826). У рамане «Сен-Мар» (т. 1—2, 1826) адлюстраваў сутыкненне рамантычнай асобы з сац.-гіст. рэаліямі. Драмы Віны прысвечаны аналізу ключавых для яго творчасці антыномій — гісторыя і чалавек, які становіцца ахвярай яе паступовага руху («Жонка маршала д’Анкра», 1831), творчая асоба і грамадства («Чатэртон», 1835). У аповесці «Няволя і веліч салдата» (1835) раскрыў супярэчнасці паміж воінскім абавязкам і маральнымі прынцыпамі. Для яго сталай паэзіі характэрны трагічнае светаадчуванне (зб. «Лёсы», выд. 1864), гіст. і экзістэнцыяльны фаталізм, апяванне вернасці перакананням і мужнасці пад ударамі лёсу (паэма «Смерць ваўка», 1843, і інш.). Аўтар рамана «Дафна» (выд. 1913), «Дзённіка паэта» (выд. 1867).
Тв.:
Рус.пер. — Неволя и величие солдата. Л., 1968;
Избранное. М., 1987;
Сен-Мар, или Заговор во времена Людовика XIII;
Стелло, или «Синие дьяволы»: [Романы]. М., 1990.
Літ. Соколова Т.В. Философская поэзия А. де Виньи. Л., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ТЭР ((Luther) Марцін) (10.11.1483, г. Эйслебен, Германія — 18.2.1546),
нямецкі тэолаг, рэліг. рэфарматар, заснавальнік лютэранства. Пасля заканчэння Эрфурцкага ун-та (1505) уступіў у ордэн аўгусцінцаў, у 1507 пасвячоны ў святары. З 1508 праф. Вітэнбергскага ун-та, з 1512 доктар тэалогіі. Пратэстуючы супраць продажу індульгенцый, з 1517 выступіў з 95 тэзісамі, у якіх выкрываў карыслівую сутнасць гандлю «нябеснымі скарбамі». Папа Леў X у 1520 асудзіў тэзісы Л. ў буле, якую Л. публічна спаліў. Адначасова ён выдаў шэраг палемічных твораў («Да хрысціянскага дваранства нямецкай нацыі», «Вавілонская няволя», «Пра свабоду хрысціяніна»), якія ляглі ў аснову пратэстантызму. Канчаткова адлучаны ад царквы (1521) і асуджаны на выгнанне паводле Вормскага эдыкта 1521, Л. схаваўся ў замку саксонскага курфюрста Фрыдрыха Мудрага ў Вартбургу, дзе працаваў над перакладам на ням. мову Новага запавету і новымі палемічнымі творамі («Супраць злоўжывання святой імшой», «Пра шлюбы святароў і манахаў»). У 1522 Л. вярнуўся ў Вітэнберг і пачаў працу над перакладам Старога запавету. Ён рэзка выступіў супраць Сялянскай вайны 1524—26 і падтрымаў яе задушэнне. У 1530 на Аўгсбургскім рэйхстагу было прадстаўлена складзенае Л. і адрэдагаванае Ф.Меланхтанам «Аўгсбургскае спавяданне», якое афіц. фармулявала асн. палажэнні лютэранства. Найважнейшай працай Л. стаў таксама ням. пераклад Бібліі (скончаны ў 1542), у якім замацаваны нормы агульнанямецкай нац. мовы.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. произв. СПб., 1994;
Лекции по «Посланию к римлянам». Мн., 1996;
Лекции по «Посланию к Галатам». Мн., 1997.
Літ.:
Соловьев Э.Ю. Непобежденный еретик: Мартин Лютер и его время. М., 1984;
Порозовская Б. Мартин Лютер, его жизнь и реформаторская деятельность. СПб., 1994;
Эриксон Э.Г. Молодой Лютер: Психоаналит. ист. исслед.: Пер. с англ.М., 1996;
Мартин Лютер — реформатор, проповедник, педагог: [Сб.]. М., 1996.