1) драўляная вупраж для валоў і інш. рабочай буйн. раг. жывёлы. Бывае парнае (на пару валоў) і адзінарнае (баўкун, ярэмец). Складалася з падоўжанага корпуса з двума плаўнымі паглыбленнямі, у якія ўпіраліся каркі валоў, і ніжняга бруска, што разам са штырамі ўтвараў раму. Нярэдка ніжнюю частку рамнага корпуса замянялі Г-падобныя кульбакі або лукі, што ў рабочым стане агіналі шыю жывёлы. Найб. архаічнае Я. нарожнае (мацавалася да рагоў). Ярэмная (ярэмна-дышальная) вупраж была пашырана ў зах.ч. Беларусі і на Палессі, дзе яна бытавала да сярэдзіны 20 ст. 2) У пераносным сэнсе — няволя, прыгнёт, уціск.