УДМУ́РЦІЯ, Удмурцкая Рэспубліка. Размешчана ў зах. ч. Сярэдняга Урала, у міжрэччы Камы і Вяткі, у Рас. Федэрацыі. Пл. 42,1 тыс. км². Нас. 1629 тыс. чал. (2000), гарадскога 69%. Сярэдняя шчыльн. 38,7 чал. на 1 км². Жывуць удмурты (30,9%), рускія (58,9%), татары (6,9%) і інш. Сталіца — г. Іжэўск. Найб. гарады: Глазаў, Сарапул, Воткінск.

Прырода. Паверхня — узгорыстая раўніна, парэзаная далінамі рэк і ярамі. Узвышшы: на Пн Верхнякамскае (выш. да 330 м), на ПдУ Сарапульскае, на ПдЗ Мажгінскае. На З размешчана слаба дрэнажаваная, месцамі забалочаная нізіна. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, каменны вугаль, торф, невял. радовішчы марганцавых руд, кварцавыя пяскі, гліны, вапнякі і інш. Шмат крыніц мінер. вод. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -15,5 °C на Пн да -14,2 °C на Пд, ліп. адпаведна ад 17,5 да 19 °C. Ападкаў 400—600 мм за год. Гал. р. Кама і прытокі р. Вятка (Чапца, Кільмезь і інш.). Воткінскае вадасх. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, на Пд і ПдУ шэрыя лясныя, месцамі трапляюцца дзярнова-карбанатныя, у далінах рэк — алювіяльныя. Пад лесам каля 45% тэр. На Пн і ў цэнтр. ч. пашыраны паўд.-таежныя лясы, на Пд — цёмнахвойна-шыракалістыя. У складзе жывёльнага свету: ліс, куніца, гарнастай, барсук, воўк, вавёрка і інш., з птушак — рабчык, глушэц, курапатка.

Гісторыя. Тэр. У. заселена чалавекам у канцы палеаліту або ў мезаліце. Асновай для фарміравання стараж.-удм. этнасу сталі плямёны Волга-Кам’я, вытокі этнагенезу якіх узыходзяць да ананьінскай культуры 8—3 ст. да н.э. У 2-й пал. 1-га тыс. н.э. на базе п’янаборскай культуры і яе позніх варыянтаў (паломская культура і інш.) пачала афармляцца стараж.-удм. этнамоўная супольнасць, якая рассялілася ў бас. р. Вятка і яе прытокаў. У 12 ст. ў паўд. групы удмуртаў, што ўваходзіла ў склад Балгарыі Волжска-Камскай, фарміраваліся раннефеад. адносіны. Пасля разгрому волжска-камскіх балгараў мангола-татарамі ў 1236—41 тэр. паўд. удмуртаў залежала ад Залатой Арды, а ў 15—16 ст. — ад Казанскага ханства. У 1489 паўн. удмурты Вяцкай зямлі прызналі ўладу Маскоўскага вялікага княства. Пасля падзення Казанскага ханства (1552) да Рас. дзяржавы далучаны і землі паўд. удмуртаў (1558). Феад. і падатковы прыгнёт выклікалі паўстанні удмуртаў (1608—10, 1705—11), удзельнічалі яны і ў Сялянскай вайне 1773—75. У Вяцкім намесніцтве (з 1780) і Вяцкай губ. (з 1796) удмурты склалі большасць насельніцтва ў 4 яе паветах — Глазаўскім, Сарапульскім, Малмыжскім і Елабужскім — і былі аднесены да разраду дзярж. сялян. У сярэдзіне 18 ст. на тэр. У. ўзнікла горназаводская прам-сць (з-ды Воткінскі, Іжэўскі) з пераважна рус. рабочымі. У канцы 18 ст. ўзмацніўся працэс хрысціянізацыі удмуртаў. У 2-й пал. 19 ст. развіваўся капіталізм у прам-сці У. (да пач. 20 ст. каля 56 тыс. фабр.-зав. і каля 90 тыс. сезонных рабочых). Агульнарас. рэзананс набыла «Мултанская справа» 1892—96, калі групу удмуртаў з с. Стары Мултан ілжыва абвінавацілі ў чалавечым ахвярапрынашэнні язычніцкім багам; гал. ролю ў апраўданні непавінных людзей адыграў як суд. абаронца рус. пісьменнік У.Г.Караленка Сав. ўлада ўстаноўлена ў ліст. 1917 — сак. 1918. У чэрв. 1918 1 ы Усерас. з’езд удмуртаў прыняў рашэнне аб добраахвотным уваходжанні У. ў склад РСФСР. У 1918—19 на тэр. У. адбываліся баі Чырв. Арміі з белагвардзейскімі войскамі адм. А.В.Калчака. У Іжэўску і Воткінску пад уплывам эсэраў адбываліся мяцяжы рабочых супраць сав. улады. 4.11.1920 дэкрэтамі ВЦВК і СНК РСФСР утворана Воцкая аўт. вобласць (ад устарэлай назвы удмуртаў — вацякі). У 1921 У., як і ўсё Паволжа, ахапіла засуха; каля 2 тыс. дзяцей з У. ў крас. 1922 прыняла Гомельская губ. 1.1.1932 Воцкая аўт. вобласць перайменавана ва Удмурцкую аўт. вобласць, а 28.12.1934 — ва Удм. АССР. Насельніцтва У. актыўна ўдзельнічала ў Вял. Айч. вайне; каля 100 чал., у т. л. 10 удмуртаў, сталі Героямі Сав. Саюза; на ўласныя сродкі калгаснікаў была пабудавана танк. калона «Калгаснік Удмурціі». Для эвакуіраваных дзяцей з Зах. Беларусі быў створаны дзіцячы дом у с. Каракуліна. Пасля вайны працоўныя У. дапамагалі аднаўляць нар. гаспадарку Беларусі, Украіны, пацярпелых раёнаў Расіі; накіравалі каля 10 тыс. галоў жывёлы; у Беларусь адпраўлена больш за 130 вагонаў з абсталяваннем, с.-г. машынамі, будматэрыяламі. 20.9.1990 Вярх. Савет Удм. АССР прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце Удм. Рэспублікі, у кастр. 1990 уведзена назва Удмурцкая Рэспубліка; у 1993—94 узаконены дзярж. сімвалы — сцяг, герб і гімн. У снеж. 1994 прынята Канстытуцыя Удм. Рэспублікі, у 1995 праведзены выбары ў Дзярж. савет. У 2000 выбраны першы прэзідэнт А.​А.​Волкаў і старшыня ўрада Ю.​С.​Піткевіч (ураджэнец г. Жлобін Гомельскай вобл.).

Гаспадарка. У. — рэспубліка з развітой прам-сцю і шматгаліновай сельскай гаспадаркай. Доля ў валавым рэгіянальным прадукце: прам-сці і буд-ва 44,3%, сельскай гаспадаркі 8,5%, сферы паслуг 47,2%. Гал. галіна прам-сці — машынабудаванне і металаапрацоўка (37,8% кошту прадукцыі) — спецыялізуецца на вытв-сці грузавых (10,2 тыс. шт.) і легкавых (4,8 тыс. шт.) аўтамабіляў, аўтафургонаў, матацыклаў, станкоў, падшыпнікаў, абароннай прадукцыі, паляўнічай і спарт. зброі, абсталявання для нафтавай, газавай і лясной прам-сці, пральных (122 тыс. шт.) і кухонных (20,3 тыс. шт.) машын, магнітафонаў і інш. Гал. цэнтры: Іжэўск, Воткінск, Сарапул, Глазаў, Камбарка. Паліўна-энергет. комплекс (31,4%) прадстаўлены здабычай нафты (7,7 млн. т), газу (60 млн. м³) і торфу (200 тыс. т). Вытв-сць электраэнергіі 2,8 млрд. кВт∙гадз (1999) пераважна на ЦЭЦ (Іжэўскія ЦЭЦ 1 і 2, Сарапульская). Частку электраэнергіі У. атрымлівае з Пермскай вобл. (Воткінская ГЭС). Чорная металургія працуе на прывазной сыравіне. Вытв-сць сталі, пракату, стальных труб, чыгуну ў Іжэўску, Глазаве, Мажзе. Лясная і дрэваапр. прам-сць (вытв-сць дзелавой драўніны 827 тыс. шчыльных м³, піламатэрыялаў 398 тыс. м³, фанеры 3,9 тыс. м³, мэблі). Прам-сць буд. матэрыялаў арыентуецца на мясц. сыравіну. Развіты швейная, трыкат., гарбарна-абутковая, дывановая прам-сць; мясная, масласыраробная, мукамольна-крупяная, малочная галіны харч. прам-сці. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку з развітымі свіна- і птушкагадоўляй. Пагалоўе (тыс. галоў, 2000); буйн. раг. жывёлы — 476, свіней — 299, авечак і коз — 139. Вытв-сць мяса 74 тыс. т, малака 576 тыс. т, яек 555 млн. шт., настрыг воўны 321 т. Пчалярства. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 50% тэрыторыі. Пасяўныя пл. (тыс. га) 1192, у т. л. пад збожжавымі культурамі (жыта, авёс, пшаніца, ячмень, гарох) 590, тэхн. (лён-даўгунец) 8,3, кармавымі 535, бульбай і агароднінай 58,4. Збор (тыс. т, 1999): збожжа — 478, бульбы — 687, агародніны — 203, лёну — 2. Гал. віды транспарту — чыг. і аўтамабільны. Даўж. чыгунак 852 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 5332 км. Гал. чыгунка Казань—Кізнер—Сарапул—Екацярынбург, аўтадарогі Казань—Іжэўск—Екацярынбург, Іжэўск—Глазаў, Іжэўск—Сарапул. Суднаходства па р. Кама. Рачны порт Сарапул Буйны аэрапорт у г. Іжэўск. Газаправоды Мінібаева—Іжэўск, Сібір—Цэнтр і інш. У. пастаўляе ў інш. рэгіёны Расіі і за мяжу аўтамабілі, матацыклы, паляўнічыя і спарт. ружжы і інш. маш.-буд. прадукцыю, піламатэрыялы; завозіць харч., хім., маш.-буд. прадукцыю, тэкстыль і інш. Бальнеагразевы курорт Варзі-Ятчы.

Літаратура зарадзілася ў канцы 19 ст. Да 1917 апубл. каля 170 кніг (большасць рэліг. характару). У 1920-я г. ў л-ры пераважала паэзія (І.​Дзядзюкоў, Д.​Маёраў, М.​Пракоп’еў, Ашальчы Акі), узнікла драматургія (П.​Батуеў-Марксісцкі, І.​Гаўрылаў, П.​Сакалоў, М.​Цімашаў і інш.). К.​Герд (К.​П.​Чайнікаў) пераклаў на удм. мову верш Я.​Купалы «А хто там ідзе?» (1915, апубл. 1922). У 1929 выйшаў першы раман «Цяжкая няволя» Кедра Мітрэя. У 1930-я г. ў прозе выступілі М.​Бехцераў, П.​Бліноў, Р.​Мядзведзеў, М.​Канавалаў, паэзіі — М.​Пятроў, П.​Кедраў, П.​Чайнікаў. У Вял. Айч. вайну тэмы твораў — гераізм сав. людзей на фронце і ў тыле (Т.​Шмакаў, А.​Бутолін, М.​Лямін). У пасляваен. л-ры гал. месца заняла паэзія (М.​Пакчы-Пятроў, І.​Зорын, Г.​Сабітаў), жанр байкі распрацоўваў А.​Лужанін. Папулярнасць набылі гіст. раман Пятрова «Стары Мултан» (1954), п’есы В.​Садоўнікава, С.​Шырабокава. У 1960-я г. найб. значныя раманы Г.​Красільнікава, Т.​Архіпава, Р.​Валішына. 1970—80-я г. прадстаўлены паэзіяй А.​Беланогава, Ф.​Васільева, А.​Уварава, драматургіяй Гаўрылава, Л.​Перавошчыкава. У 1990-я — пач. 2000-х г. плённа працуюць драматургі Я.​Загрэбін, А.​Грыгор’еў, П.​Захараў, празаікі С.​Самсонаў, П.​Чарноў, Г.​Перавошчыкаў, паэты М.​Байцяракаў, У.​Раманаў, М.​Фядотаў, В.​Ар-Сяргі, літаратуразнаўцы З.​Багамолава, А.​Шкляеў, А.​Зуева-Ізмайлава. Вылучылася т.зв. жаночая лірыка (А.​Кузняцова, Л.​Куцянава, Г.​Раманава, Т.​Чарнова). Сярод рускіх пісьменнікаў найб. вядомы паэт А.​Паскробышаў. У бел. перыёдыцы друкаваліся пераклады твораў Байцяракава, Беланогава, Васільева, Зорына, Кедрава, Лужаніна, К.​Ламагіна, Раманава, Г.​Ходырава і інш. Сярод перакладчыкаў удм. пісьменнікаў на бел. мову Э.​Валасевіч, У.​Паўлаў, П.​Прыходзька, М.​Сіскевіч, С.​Шушкевіч.

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. У. знойдзены кераміка, вырабы з косці, метал. літыя фігуркі 1-га тыс. да н.э. — пач. 2-га тыс. н.э. У 17 ст. ўзніклі гарады і драўляныя крэпасці (Сарапул). З сярэдзіны 18 ст. ствараліся пасёлкі вакол заводаў. З канца 18 — пач. 19 ст. паводле ген. планаў забудоўваліся гарады Глазаў, Сарапул, Іжэўск, Воткінск. У гар. дойлідстве 1-й пал. 19 ст. пераважаў стыль ампір. У нар. архітэктуры зрубныя пабудовы размешчаны уздоўж двара або П-падобна. Двары часта былі адкрытыя, мошчаныя каменем і бярвеннем з масіўнымі зрубнымі (ПнУ) варотамі, упрыгожанымі як і дамы драўлянай разьбой. Хата (корка) будавалася на ўзор рускай. Своеасаблівыя былі культавая пабудова куала для сямейных маленняў і 1- або 2-павярховы свіран (кено́с). У 1920—30-я г. ў горадабудаўніцтве пашыраліся рысы канструктывізму, у 1940—50-я г. — неакласіцызму (арх. П.​Папоў, В.​Арлоў, В.​Масевіч і інш.). У 2-й пал. 20 ст. распрацаваны ген. планы буйных гарадоў, пасёлкаў, праекты забудоў саўгасаў і калгасаў, створаны новыя жылыя раёны, адм.-культ. цэнтры. Сярод традыц. рамёстваў пашыраны ўзорнае ткацтва, вязанне, пляценне, разьба па дрэве. У пач. 20 ст. з’явілася прафес. выяўл. мастацтва. Сярод найб. значных жывапісцаў — В.​Белых, С.​Вінаградаў, П.​Ёлкін, А.​Ложкін, В.​Міхайлаў, А.​Рускіх, Я.​Скобелеў, графікаў — К.​Галіханаў, М.​Гарыпаў, Ю.​Лабанаў, скульптараў — А.​Анікін, Б.​Казлоў. У 1939 створаны Саюз мастакоў, у 1948 — Саюз архітэктараў У.

Музыка склалася пад уплывам стараж. фіна-угорскіх, цюрк. і слав. народаў. Найкаштоўнейшая яе ч. — песенны фальклор (каляндарныя, сямейна-быт., гіст. песні катаргі і ссылкі, гульнявыя і інш. песні). У старадаўніх песнях пераважае пентатоніка мажорнага ўхілу, для больш позніх характэрна поўная дыятоніка, развітое шматгалоссе. Сярод стараж. муз. інструментаў: чыпчырган (духавы), крэзь (гуслі), тутэктон (пастухоўскі ражок), запазычаныя балалайка, гармонік і інш. З 1910-х г. пачалі развівацца прафес. музыка, збіранне і вывучэнне фальклору (К.​Герд, М.​Бывальцаў, Дз.​Васільеў-Буглай). Сярод першых удм. муз. твораў: камедыя «Вяселле» М.​Грахаводава (1946), опера «Наталь» Г.​Карэпанава (1960), балет «Італмас» Г.​Карэпанава-Камскага (1961). Уклад у развіццё муз. мастацтва зрабілі кампазітары Ю.​Балдзянкоў, М.​Голубеў, Г.​Карэпанаў-Камскі, А.​Карэпанаў, Г.​Карэпанаў, Я.​Копысава, Ю.​Талкач, М.​Шабалін, М.​Шкляеў, дырыжор А.​Мамантаў, спевакі К.​Ложкін, М.​Варанчыхін, Р.​Цітоў, В.​Пудава, М.​Суворава. Працуюць (2001): Дзярж. т-р оперы і балета У. (у 1973—93 Муз. тэатр), Ансамбль песні і танца «Італмас» (з 1936), філармонія (з 1931), хор Удм. радыё і тэлебачання (з 1933), т-р фалькл. песні «Айкай» (з 1990), аркестр нар. інструментаў, фалькл. ансамблі «Зангары», «Чыпчырган» і інш.; муз. ф-т у Пед. ін-це, муз. вучылішча імя Васільева-Буглая, маст. школы. У 1973 створаны Саюз кампазітараў У.

Тэатр. Элементы тэатр. мастацтва ў нар. абрадах і гульнях. У 1918 у с. Ягашур Глазаўскага пав. адбыўся першы спектакль на удм. мове. У 1920-я г. працавалі перасоўныя нар. т-ры «Шунды» і «Шуралі», у 1930-я г. — калгасна-саўгасныя т-ры ў г. Сарапул, Глазаў, Мажга, с. Алнашы, Дэбёсы. У 1931 у Іжэўску створаны Удм. драм. т-р (з 1996 Нац. т-р У.). З 1935 працуюць Рус. драм. т-р імя У.​Караленкі і Т-р лялек У. Ва У. (2001) 7 драм. т-раў. У рэпертуары нац. і замежная драматургія, у т. л. бел.: Рус. драм. т-рам паст. «Пяюць жаваранкі» (1951) і «Хто смяецца апошнім» (1954) К.​Крапівы, «Гэта было ў Мінску» А.​Кучара (1953), «Выбачайце, калі ласка» А.​Макаёнка (1954), «У ціхім завулку» (1956, і Удм. драм. т-рам) і «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона (1958), «Звалка» (1989) і «У прыцемках» (2001) А.​Дударава; Удм. драм. т-рам пастаўлены «Трыбунал» А.​Макаёнка (1980) і «Парог» А.​Дударава (1984).

У 1994 зняты першы удм. маст. фільм «Цень алангасара».

Літ.:

Природа Удмуртии. Ижевск, 1972;

Очерки истории Удмуртской АССР. Т. 1—2. Ижевск, 1958—62;

Удмуртия, 1920—1970: Факты. Свершения. События. Ижевск, 1970;

Вопросы истории Удмуртии. Вып. 1—3. Ижевск, 1974—75;

Пименов В.В. Удмурты. Л., 1977;

Иванова М.Г. Чепецкие древности. Устинов, 1985;

Гришкина М.В. Удмурты: Этюды из истории IX—XIX вв Ижевск, 1994;

Удмурты: Ист. этногр.-очерки. Ижевск, 1993;

Голдина Р.Д. Древняя и средневековая история удмуртского народа. Ижевск, 1999;

Материалы по этногенезу удмуртов: (Сб. ст.) Ижевск, 1982;

Владыкин В.Е., Христолюбова Л.С. Этнография удмуртов. 2 изд. Ижевск, 1997;

Народы Поволжья и Приуралья. М., 2000. С. 428—548;

Владыкин В.Е. Религиозно-мифологическая картина мира удмуртов. Ижевск, 1994;

Губогло М.Н., Смирнова С.К. Феномен Удмуртии: Парадоксы этнополитич. трансформации на исходе XX в. М., 2001;

Богомолова З.А. Песня над Чепцой и Камой. 2 изд. М., 1981;

Домокош П. История удмуртской литературы: Пер. с венг. Ижевск, 1993;

Крюкова Т.А. Удмуртское народное изобразительное искусство. Л.;

Ижевск, 1973;

Климов К.М. Удмуртское народное искусство. Ижевск, 1988;

Путь к удмуртской опере. Ижевск, 1969;

Удмуртская Республика: Энцикл. Ижевск, 2000.

Г.​С.​Смалякоў (прырода, гаспадарка), Ю.​В.​Бажэнаў, У.​Е.​Уладыкін (гісторыя, літаратура, архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, музыка, тэатр).

Да арт. Удмурція. Краявід на Верхнякамскім узвышшы.
Вёска Каршунова на поўначы Удмурціі.
Да арт. Удмурція. Кенос (свіран) паўночных удмуртаў. Фота 1980-х г.
Да арт. Удмурція. Строй сялянкі. Паўночныя удмурты. Канец 19 — пач. 20 ст.
Да арт. Удмурція. Посцілка. 1970—80-я гг.

т. 16, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)