ПАКРЫ́ШКІН (Аляксандр Іванавіч) (6.3.1913, г. Новасібірск, Расія — 13.11.1985),

савецкі ваен. дзеяч. Маршал авіяцыі (1972). Тройчы Герой Сав. Саюза (май, жн. 1943, 1944). Канд. ваен. н. (1969). Скончыў Пермскую авіяц. школу авіятэхнікаў (1933), Качынскую авіяц. школу лётчыкаў (1939), Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1948) і Генштаба (1957). У Чырв. Арміі з 1932. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд., Паўн.-Каўказскім, 1-м, 2-м і 4-м Укр. франтах — камандзір авіяэскадрыллі, авіяпалка, авіядывізіі. Зрабіў 600 баявых вылетаў, удзельнічаў у 156 паветр. баях, збіў 59 варожых самалётаў. Пасля вайны ў войсках ППА краіны. З 1968 нам. галоўнакамандуючага войскамі ППА краіны. З 1972 старшыня ЦК ДТСААФ СССР. З 1981 у групе ген. інспектараў Мін-ва абароны СССР. Аўтар кніг «Крылы знішчальніка» (1944) і «Неба вайны» (1966).

Літ.:

Хорунжий А.М. Орлиные крылья. М., 1966;

Водопьянов М. Три Золотые Звезды // Водопьянов М. Небо начинается с земли. М., 1976;

Жуков Ю.А. Один «миг» из тысячи. М., 1979.

А.І.Пакрышкін.

т. 11, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯКО́Ў (Юрый Міхайлавіч) (н. 12.11.1954, Масква),

рускі пісьменнік. Канд. філал. н. (1981). Скончыў пед. ін-т імя Н.​К.​Крупскай (1976). Працаваў настаўнікам, інструктарам райкома камсамола, журналістам. У 1979—86 гал. рэдактар газ. «Московский литератор». Друкуецца з 1974. У паэт. зб-ках «Час прыбыцця» (1980), «Размова з сябрам» (1981), «Гісторыя кахання» (1985), «Асабісты вопыт» (1987) тэмы мінулай вайны, дзяцінства, кахання, роздум пра лёс людзей і краіны. Аповесці «ЧП раённага маштабу» (1985, аднайм. фільм 1988), «Апафегей» (1989) пра амаральнасць і інтрыгі ў колах парт.-камсамольскага апарату, аповесць «Сто дзён да загаду» (1987, аднайм. фільм 1988) пра нестатутныя адносіны ў арміі. Аўтар кнігі пра франтавую паэзію «Паміж двух мораў» (1983), рамана-эпіграмы «Казляня ў малацэ» (1996), аповесцей «Работа над памылкамі» (1986, аднайм. фільм 1987), «Парыжскае каханне Косці Гуманкова» (1991), п’ес, эсэ, публіцыстычных артыкулаў і інш. Прозе П. ўласцівы актуальнасць праблем, псіхалагізм, метафарычнасць мовы, іронія, гумар, сатыра.

Тв.:

Избранное. Т. 1—2. М., 1994;

Небо падших. М., 1998;

Замыслил я побег... М., 1999.

А.​В.​Спрынчан.

т. 12, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЗАНАЎ (Васіль Васілевіч) (2.5.1856, г. Вятлуга Ніжагародскай вобл., Расія — 5.2.1919),

рускі філосаф, пісьменнік, публіцыст. Скончыў Маскоўскі ун-т (1882). У 1882—93 настаўнічаў. З 1899 супрацоўнік газ. «Новое время». У першым філас. творы «Пра разуменне» (1886) сфармуляваў ідэю пазнання прыроды як цэлага адзінства. Паводле Р., пазнанне прыроды, чалавека, гісторыі і культуры заснавана на суб’ектыўна-індывідуальным успрыманні, спосаб пазнання — ірацыянальны, хутчэй маст., чым навуковы. Асн. пытанні яго філасофіі: сувязь язычніцтва і хрысціянства, сінтэз «духоўнага» і «плоцевага», суб’ектыўнага светаадчування чалавека і касм. абсалюту. Першаасновай жыцця, на думку Р., з’яўляецца пол; істотная сувязь чалавека з Богам рэалізуецца менавіта праз пол, асвячэнне якога вядзе да сцвярджэння святасці сям’і («У свеце няяснага і нявырашанага», 1901; «Сямейнае пытанне ў Расіі», т. 1—2, 1903). Проціпастаўляў старазапаветнае і новазапаветнае хрысціянства, адзначаў у апошнім «авіталізм», які вядзе да разбурэння сувязі чалавека з Богам («Цёмны твар. Метафізіка хрысціянства», «Людзі месячнага святла. Метафізіка хрысціянства», абодва 1911). Абагаўленне сям’і ў яго звязана са сцвярджэннем самакаштоўнасці быт., прыватнага; звычайнае ўзводзіцца да агульназначнага, «глабальнае» — да мімалётнага. Адсюль асн. прынцыпы паэтыкі яго маст. прозы: абсалютызацыя суб’ектыўнага, сканцэнтраванасць на ўнутр. жыцці асобы, імкненне да фіксацыі мысліцельнага працэсу («Самотнае», 1912; «Смяротнае», 1913; «Апалыя лісты», т. 1—2, 1913—15; «Мімалётнае» 1915). Проза Р. — сінтэз рэліг. філасофіі і маст. л-ры, літ. крытыкі і публіцыстыкі, спалучэнне рыс эпасу і лірыкі, нарыса, рамана, эсэ, паэмы. Аўтар кн. «Апакаліпсіс нашага часу» (1917—18), літ.-крытычных артыкулаў «Легенда пра вялікага інквізітара Ф.​М.​Дастаеўскага» (1891), «На межах паэзіі і філасофіі» (1900), «Загадкі Гогаля...» (1909), «Апакаліптыка рускай літаратуры» (1918), у якіх разглядаюцца шляхі развіцця рус. і сусв. л-ры, праблемы «пісьменнік — пісьменніцтва — л-ра».

Тв.:

[Соч.] Т. 1—2. М., 1990;

О себе и жизни своей. М., 1990;

Религия. Философия Культура. М., 1992;

«Иная земля, иное небо...». М., 1994;

В мире неясного и нерешенного. М., 1995;

О писательстве и писателях. М., 1995;

Уединенное. М., 1998.

Літ.:

Фатеев В.А. В.​В.​Розанов: Жизнь. Творчество. Личность. Л., 1991;

Носов С. В.​В.​Розанов: Эстетика свободы. СПб., 1993;

В В.​Розанов: pro et contra. СПб., 1995;

Синявский А. «Опавшие листья» В.​В.​Розанова. М., 1999;

Николюкин А.Н. Розанов. М., 2001.

М.​Л.​Хаймовіч.

т. 13, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)