ФЕАКЦІ́СТАЎ Канстанцін Пятровіч (н. 7.2.1926, г. Варонеж, Расія),
савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1964). Лётчык-касманаўт СССР (1964). Чл.-кар. Міжнар. акадэміі астранаўтыкі (1969). Д-р тэхн. н. (1967), праф. (1969). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (МВТВ; 1949). З 1964 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў. 12—13.10.1964 з У.М.Камаровым і Б.Б.Ягоравым здзейсніў палёт на першым шматмесным касм. караблі «Узыход» (як навук. супрацоўнік). У космасе правёў 1 сут. У 1974—90 нам. ген. канструктара НВА «Энергія», з 1990 у МВТВ. Залаты медаль імя К.Э.Цыялкоўскага АН СССР. Залаты медаль «Космас». Яго імем названы кратэр на Месяцы. Ленінская прэмія 1966. Дзярж. прэмія СССР 1976.
Тв.:
Семь шагов в небо. М., 1984;
Космическая техника: Перспективы развития. М., 1997;
Траектория жизни. М., 2000.
У.С.Ларыёнаў.
т. 16, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)