Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕСНАХО́Д»,
арганізацыя маладых пісьменнікаў і мастакоў Зах. Беларусі. Створана ў маі 1927 у Вільні з мэтай творчай вучобы і ўзаемадапамогі. Выдаў альманах «Рунь веснаходу» (1927), у якім надрукаваны творы П.Пестрака (Звястун), А.Салагуба, А.Бартуля і інш. Улады Польшчы не зацвердзілі статут арг-цыі, і «Веснаход» неўзабаве пасля стварэння спыніў дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́МБАХ (Brambach) Іаган, сакратар пасольства Ганзы ў Расію ў 1603. У сваім дзённіку апісаў пасольства, даў кароткія звесткі пра бел. гарады і мястэчкі. Дзённік надрукаваны ў Любеку ў 1748 на верхненям. мове.
Тв.:
Рус.пер. — Отчет о поездке ганзейского посольства из Любека в Москву и Новгород в 1603 г. // Проезжая по Московии. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗБОР ЛІТО́ЎСКІХ ЗАКО́НАЎ З 1389 ДА 1529»
(«Zbiór praw litewskich od roku 1389 do roku 1529»),
зборнік юрыд. актаў, якія асвятляюць дзярж. і грамадскі лад ВКЛ канца 14 — сярэдзіны 16 ст. Рыхтаваўся да друку ў 1830-я г. І.М.Даніловічам, І.Лялевелем і Т.Дзялынскім, але з-за паўстання 1830—31 выдадзены ў 1841 у Познані Дзялынскім. Змяшчае агульназемскія і абласныя прывілеі вял. князёў Ягайлы 1387, Казіміра 1447 (з памылковым датаваннем 1457), Аляксандра 1492, Жыгімонта I Старога 1506, 1507, 1522, Віцебскай зямлі 1509, Гарадзельскі прывілей 1413, Судзебнік 1468 (з памылковым датаваннем 1492), дакументы сеймаў ВКЛ 1544—63, просьбы шляхты і адказы на іх вял. князёў і інш. Дакументы надрукаваны з арыгіналаў, ранейшых публікацый і кніг-копій Метрыкі ВКЛ на мове арыгінала — лац. і бел. (лацінскім шрыфтам), некаторыя перакладзены на польск. мову. У кнізе ўпершыню надрукаваныСтатут Вялікага княства Літоўскага 1529 на бел. і лац. мовах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ХТЫ М. ДРУКА́РНЯ,
прыватная бел. друкарня ў Вільні ў 1906—17, заснаваная друкаром і выдаўцом М.М.Кухтам. Мела права выдаваць кнігі, газеты і часопісы на еўрапейскіх мовах. 23.11.1906 у ёй надрукаваны 1-ы нумар бел.газ.«Наша ніва». Друкавала творы Ф.Багушэвіча, М.Багдановіча, Я.Коласа, К.Буйло, Цёткі, у т. л. верш «Скрыпка беларуская», забаронены царскай цэнзурай. Выдавала бел. календары, зборнікі, спеўнікі з нотамі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАЛЬКАМА́НІЯ (франц. décalcomanie),
паліграфічны спосаб вырабу пераводных відарысаў (дзіцячых малюнкаў, ярлыкоў і інш.), прызначаных для пераносу на тканіну, метал, фарфор, шкло, дрэва і інш. паверхні. Для друкавання відарысаў (у залежнасці ад метадаў іх пераносу) выкарыстоўваюцца водаўстойлівыя або тэрмапластычныя лакі і фарбы, спец. фарбы, вырабленыя на аснове смол. Друкуецца відарыс спосабам плоскага друку (літаграфіяй) на паперы са спец. пакрыццямі ці палімернай плёнцы, пад уздзеяннем вады, цяпла або ціску аддзяляецца ад падкладкі, на якой быў надрукаваны, і пераносіцца на патрэбную паверхню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́ЕЎ (Віталь Мікалаевіч) (14.4.1910, г. Курган, Расія — 1982),
рускі графік. Нар. мастак СССР (1981). Вучыўся ў Вышэйшым дзярж.маст.-тэхн. і Маскоўскім паліграф. ін-тах (1929—34). Аўтар экспрэсіўных сатыр. малюнкаў і карыкатур (надрукаваны пераважна ў час. «Крокодил»), станковых малюнкаў (серыя «Амерыканцы ў сябе дома»), ілюстрацый («Пецярбургскія аповесці» М.В.Гогаля, 1965, «Тры таўстуны» Ю.К.Алешы, 1968) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1967.
В.Гараеў. Доктар Гаспар і Суок. Ілюстрацыя да аповесці Ю.К.Алешы «Тры таўстуны». 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ДЛЕРФЕЛЬТ ((Adlerfelt) Густаў) (1671—9.7.1709),
шведскі прыдворны. Вучыўся ва ун-тах Упсалы (Швецыя), Гале (Германія), падарожнічаў па краінах Еўропы. З 1700 гофюнкер, з 1701 пры двары Карла XII, суправаджаў яго ў паходах. Удзельнік Паўн. вайны 1700—21. Загінуў у баі пад Палтавай. Вёў дзённік ваен. падзей, у т. л. на Беларусі, дапаўняў яго афіц. дакументамі, інш. крыніцамі. Часткова надрукаваны (ананімна) у 1707 у Гамбургу, дапрацаваны сынам, выдадзены на франц., англ. і ням. мовах (1740—42); у арыгінале выдадзены ў 1919.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГАСПАДАРЫ́»
(«Гаспадары, для Вас пішам гэта апавяданне...»),
бел. ананімная брашура. Выйшла нелегальна асобным выданнем без тытульнага ліста. Надрукавана лацінкаю. Налічвае 8 стар. празаічнага тэксту. Мяркуецца, што твор надрукаваны ў Кракаве. Прысвечана падзеям, што разгарнуліся 9.11.1893, калі царскія ўлады закрывалі касцёл у мяст. Крожы (Кражай) у Літве. Сяляне аказалі супраціўленне, іх схапілі і судзілі ў Віленскай суд. палаце. Багацце лексікі, трапныя фразеалагізмы, жывая гутарковая мова даюць падставу прыпісаць гэта выданне Ф.Багушэвічу. Брашура зберагаецца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ БОРЦЬ»,
часопіс Беларускага кааператыўнага т-ва «Пчала». Выдаваўся са жн. 1934 да мая 1938 у Вільні на бел. мове. Рэдактар-выдавец Л.А.Войцік (Зоська Верас). Першыя 5 нумароў надрукаваны на шапірографе, астатнія — друкарскім спосабам. Асвятляў пытанні пчалярства, садоўніцтва, агародніцтва, дробнай жывёлагадоўлі і інш. Закранаў праблемы бел. мовы і школьніцтва. Змяшчаў матэрыялы пра мядова-лекарскія зёлкі, вершы і апавяданні, тэматычна звязаныя з пчалярствам. Меў старонку для жанчын, куток наймалодшых, паштовую скрынку. Абменьваўся матэрыяламі з рус., польск., укр., чэш. і ням. пчалярскімі часопісамі. Спыніў існаванне з-за фінансавых цяжкасцяў. Выйшла 25 нумароў.