ДЭКАЛЬКАМА́НІЯ (франц. décalcomanie),
паліграфічны спосаб вырабу пераводных відарысаў (дзіцячых малюнкаў, ярлыкоў і інш.), прызначаных для пераносу на тканіну, метал, фарфор, шкло, дрэва і інш. паверхні. Для друкавання відарысаў (у залежнасці ад метадаў іх пераносу) выкарыстоўваюцца водаўстойлівыя або тэрмапластычныя лакі і фарбы, спец. фарбы, вырабленыя на аснове смол. Друкуецца відарыс спосабам плоскага друку (літаграфіяй) на паперы са спец. пакрыццямі ці палімернай плёнцы, пад уздзеяннем вады, цяпла або ціску аддзяляецца ад падкладкі, на якой быў надрукаваны, і пераносіцца на патрэбную паверхню.
т. 6, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)