МЯДЗВЕ́ДЗІЦЫ (Arctiidae),

сямейства начных матылёў. 2 падсям. (уласна М. — Arctiinae і лішайніцы — Lithosiinae), больш за 7 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, асабліва разнастайныя ў тропіках. Жывуць пераважна ў лясах. На Беларусі каля 40 відаў, у т. л. М. кая (Arctia caja), М.-пані (Panaxia [Callimorpha] dominula), М. чорная (Arctinia caesarea).

Уласна М. — матылі пераважна з шырокімі крыламі (размах да 85 мм), тоўстым касматым тулавам. Вусікі тонкія, у самцоў грабеньчатыя. Хабаток кароткі, часам недаразвіты. Вусені вельмі касматыя (адсюль назва). Афарбоўка большасці відаў стракатая, са спалучэннем белых, жоўтых, карычневых, пунсовых, чорных, іншы раз з метал. адлівам плям, якія ўтвараюць на крылах своеасаблівы малюнак. Трапляюцца і амаль аднаколерныя (ад белых да шэрых і карычневых) віды. Вусені кормяцца лісцем травяністых раслін. Лішайніцы — невял. і няяркія матылі з вузкімі пярэднімі крыламі, тонкім некасматым тулавам. Вусені кормяцца пераважна лішайнікамі.

Мядзведзіцы: 1 — кая; 2 — вусень каі; 3 — дзяўчынка; 4 — чорная; 5 — лішайніца чатырохплямістая.

т. 11, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯ́РНАЯ ЗО́РКА α Малой Мядзведзіцы, самая яркая зорка (2-й зорнай велічыні) у сузор’і Малой Мядзведзіцы. Размешчана на адлегласці каля 1° ад Паўн. полюса свету, таму захоўвае амаль нязменнае становішча пры бачным сутачным вярчэнні нябеснай сферы. Паказвае напрамак на Пн і шырату месца назірання, прыблізна роўную вышыні П.з. над гарызонтам. П.з. — падвойная зорка, складаецца з цэфеіды (перыяд пульсацыі каля 4 дзён, амплітуда змены бляску 0,12 зорнай велічыні) і карліка гал. паслядоўнасці. Аддалена ад Сонца на 1000 св. гадоў. На Беларусі відаць круглы год.

А.​А.​Шымбалёў.

Схема вызначэння становішча Палярнай зоркі на небе.

т. 12, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЦАР, ζ Вялікай Мядзведзіцы; падвойная зорка. Кампаненты з зорнымі велічынямі 2,4 (Міцар) і 4,0 (Алькор) утвараюць фіз. пару з вуглавой адлегласцю 11,8. М. і Алькор (араб. конь і коннік) — самая вядомая і найб. даступная для назірання падвойная зорка. Абодва кампаненты, у сваю чаргу, — спектральна-падвойныя зоркі.

т. 10, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́НЧЫЯ ПСЫ (лац. Canes Venatici),

сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Размешчана пад «ручкай каўша» Вялікай Мядзведзіцы. Гал. зорка (α Гончых Псоў) — падвойная, 3-й візуальнай зорнай велічыні; 30 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. У паўн. частцы Гончых Псоў знаходзіцца спіральная туманнасць. На тэр. Беларусі відаць круглы год. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Гончыя Псы.

т. 5, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДРУСЕ́ВІЧ (Аркадзь Лявонцьевіч) (10.9.1929, в. Ламачы Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. — 10.9.1995),

бел. пісьменнік. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1978). Працаваў настаўнікам, журналістам, з 1960 у газ. «Магілёўская праўда». Друкаваўся з 1964. Пісаў пераважна пра жыццё сваіх равеснікаў, юнацтва якіх прыпала на час вайны і цяжкія пасляваен. гады. Аўтар зб-каў прозы «Чарпак Вялікай Мядзведзіцы» (1969), «Кругі на Белай паляне» (1977).

т. 7, с. 580

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДЫНА́ЛЕ ((Cardinale) Клаўдзія) (н. 15.4.1939, г. Туніс),

італьянская кінаактрыса. Вучылася ў эксперым. кінацэнтры ў Рыме. Ролі адметныя тонкай індывідуалізацыяй характараў: «Рока і яго браты» (1960), «Леапард» (1962), «Туманныя зоркі Вялікай Мядзведзіцы» (1965), «Сямейны партрэт у інтэр’еры» (1974; усе рэж. Л.​Вісконці), «Восем з паловай» (1963, рэж. Ф.​Феліні), «Фіцкаральда» (1982, рэж. В.​Герцаг), «Генрых IV» (1984, рэж. М.​Белокіо) і інш. У 1969 знялася ў сав.-італьян. фільме «Чырвоная палатка» (рэж. М.​К.​Калатозаў).

т. 8, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬМІНА́ЦЫЯ ў астраноміі,

праходжанне свяціла праз нябесны мерыдыян пры бачным сутачным вярчэнні нябеснай сферы.

Адрозніваюць верхнюю К. (вышыня свяціла найбольшая) і ніжнюю (вышыня найменшая). У Паўн. паўшар’і Зямлі пры верхняй К. свяціла праходзіць паміж Паўн. полюсам свету і пунктам Поўдня; пры ніжняй — паміж Паўн. полюсам свету і пунктам Поўначы. Калі абедзве К. назіраюцца над гарызонтам, свяціла наз. незаходным (напр., сузор’е Вялікай Мядзведзіцы ў сярэдніх шыротах Паўн. паўшар’я Зямлі). На полюсах свяцілы рухаюцца паралельна гарызонту і іх вышыня застаецца аднолькавай.

т. 9, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́РНЫЯ ПАТО́КІ,

сукупнасці зорак, якія рухаюцца з аднолькавымі прасторавымі скарасцямі. Адрозніваюць вял. і малыя З.п. Супадзенне скарасцей руху паказвае на агульнасць паходжання зорак з дадзенага патоку.

Да малых З.п. адносяць некат. рассеяныя зорныя скопішчы, напр., Гіяды, частка зорак сузор’я Вял. Мядзведзіцы. Зоркі аднаго і таго ж патоку не ўтвараюць значных згушчэнняў, займаюць на небе вял. вобласці і выяўляюцца па агульнасці іх скарасцей. Наяўнасць вял. З.п. — вынік вярчэння Галактыкі і выкліканых ім заканамернасцей руху зорак і адлюстраванне яе спіральнай структуры.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 7, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЯ МЯДЗВЕ́ДЗІЦА (лац. Ursa Major),

незаходнае сузор’е Паўн. паўшар’я неба. 7 галоўных, найб. яркіх, зорак размяшчэннем нагадваюць коўш з ручкай. Усе яны 2-й зорнай велічыні, акрамя левай верхняй зоркі «каўша» (3-й велічыні). Каля сярэдняй зоркі «ручкі каўша» (Міцара) простым вокам відаць зорка Алькор. 125 зорак ярчэй за 6-ю зорную велічыню. У сузор’і ёсць яркія галактыкі. На тэр. Беларусі Вялікую Мядзведзіцу відаць круглы год. Гл. Зорнае неба.

Па «каўшы» Вялікай Мядзведзіцы знаходзяць Палярную зорку, праз 2 крайнія зоркі (ад β да α) мысленна праводзяць лінію і прадаўжаюць яе прыблізна на пяцікратную адлегласць паміж гэтымі зоркамі.

Сузор’і Вялікая Мядзведзіца і Малая Мядзведзіца.

т. 4, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ХМАН ((Bachmann) Інгеборг) (25.6.1926, г. Клагенфурт, Аўстрыя — 17.10.1973),

аўстрыйская пісьменніца. У 1945—50 вучылася ў Грацкім, Інсбрукскім, Венскім ун-тах. Д-р філасофіі (1950). Аўтар зб-каў вершаў «Адтэрмінаваны час» (1953), «Покліч Вялікай Мядзведзіцы» (1956), зб-каў апавяданняў «Трыццаты год» (1961), «Сінхронна» (1972), рамана «Маліна» (1971), эсэ, нарысаў. Пісала лібрэта для балетаў і опер Г.​Генцэ, радыёп’есы: «Панскі двор» (1954), «Цыкады» (1955), «Добры бог з Манхатана» (1958). Яе лірыка сімвалічная, вытанчаная, са складанай метафарычнасцю, аднак стыль ясны, просты, строгі. Героі Бахман дзёрзкія, упартыя, поўныя пошукаў і супярэчнасцяў. Яны бунтуюць супраць багоў, лёсу, сац. умоў.

Тв.:

Рус. пер. — Три дороги к озеру: Повесть и рассказы. М., 1976;

Избранное. М., 1981.

У.​Л.​Сакалоўскі.

т. 2, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)