БЕЛАШО́ВА (Аляксеева-Белашова) Кацярына Фёдараўна

(2.12.1906, С.-Пецярбург — 9.5.1971),

рускі скульптар. Нар. мастак СССР (1963). Чл.-кар. АМ СССР (1964). Вучылася ў Ленінградскім вышэйшым мастацка-тэхн. ін-це (1926—32). Працавала пераважна ў галіне станковай скульптуры («Партрэт старога», 1944; «Мроі», 1957; «Абуджэнне», 1967). Стварыла рамантычны і адначасова драматычны вобраз А.​С.​Пушкіна («А.​С.​Пушкін», 1957; помнік А.​С.​Пушкіну ў Пушкінскіх Гарах, 1959). Гераізм народа адлюстраваны ў многіх работах ваен. і пасляваен. часу («Няскораная», 1943; «Партызан», 1944; «Зоя», 1948, і інш.). Дзярж. прэмія СССР 1967.

Літ.:

Е.​Ф.​Белашова: [Альбом]. М., 1972.

К.Белашова. Мроі. 1957.

т. 3, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ СА́НТЫС ((De Santis) Джузепе) (н. 11.2.1917, г. Фонды, Італія),

італьянскі кінарэжысёр. Скончыў Рымскі ун-т (1939), вучыўся ў Рымскім кінацэнтры. У яго творчасці неарэалістычныя тэндэнцыі сац. драм «Трагічнае паляванне» (1947), «Горкі рыс» (1949), «Няма міру пад алівамі» (1950) па-мастацку пераканаўча раскрыліся ў фільме «Рым, 11 гадзін» (1952). Сярод інш. фільмаў: «Дайце мужа Ганне Дзакеа» (1953, у пракаце «Страчаныя мроі»), «Яны ішлі на Усход» (1964, сав.-італьян.), «Цэнны спецыяліст з забяспечанай будучыняй» (1972). У лепшых фільмах страснасць, рамантычная прыўзнятасць спалучаюцца з каларытнымі замалёўкамі нар. жыцця.

т. 6, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМФІТЭА́ТРАЎ (Аляксандр Валянцінавіч) (26.12.1862, Калуга — 26.2.1938),

рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1885). Аўтар зб-каў апавяданняў «Псіхапаты. Праўда і выдумка» (1893), «Мроі і цені» (1896), раманаў «Атручанае сумленне» (1890; аналіз псіхал. матываў злачынства), «Жар-кветка» (1895; тэма спірытызму і акультызму), «Вікторыя Паўлаўна» (1903; пытанне жаночай эмансіпацыі), «Мар’я Лусьева» (1903; праблема прастытуцыі), гіст. твора «Звер з прорвы» (1911—14), фельетонаў, літ.-крыт. артыкулаў. Раманы-хронікі са шматтомнай серыі «Канцы і пачаткі. Хроніка 1880—1910» — спроба асэнсаваць жыццё рас. грамадства на рубяжы стагоддзяў. З 1921 у эміграцыі. Выдаў раман «Зачараваны стэп» (1921), кн. нарысаў «Тужлівыя нататкі» (1922), зб. «Неўтаймаваная Русь: Дэманічныя аповесці XVII ст.» (1929) і інш. На бел. мову творы Амфітэатрава перакладаў В.​Ластоўскі.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—30, 33—35, 37. Спб., 1911—16;

Закат старого века. М., 1989;

Мертвые боги. М., 1991;

Бел. пер. — Хілібертава пакута;

Вярба;

Палятуха. Вільня, 1912.

т. 1, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭТО́Н ((Breton) Андрэ) (18.2.1896, Тэншбрэ, дэпартамент Орн, Францыя — 28.9.1966),

французскі пісьменнік, адзін з заснавальнікаў сюррэалізму. Па прафесіі ўрач-псіхіятр. Удзельнік дадаісцкага руху (гл. Дадаізм). Тэкст «Магнітныя палі» (1919—20, з Ф.​Супо) — першы эксперымент у галіне т.зв. «аўтаматычнага пісьма». У «Маніфесце сюррэалізму» (1924) сфармуляваў базавыя палажэнні сюррэалістычнай паэтыкі: «аўтаматычнае пісьмо», «запіс мрояў», «мроі наяве» і інш. спосабы вызвалення пішучага з-пад кантролю розуму. У «Другім маніфесце сюррэалізму» (1930) засяродзіўся на пытаннях арганізацыйнага, а не літ. характару. У 1938 сустракаўся ў Мексіцы з Л.​Троцкім і заснаваў «Міжнародную федэрацыю незалежнага рэв. мастацтва». У час 2-й сусв. вайны жыў у ЗША, у 1946 вярнуўся на радзіму. Аўтар вершаваных зб-каў «Зямны свет» (1923), «Дыханне вады» (1934), рамана «Надзя» (1928), эсэ «Заўвагі пра паэзію» (1936, з П.​Элюарам), кн. «Аркан 17» (1945), «Лямпа ў гадзінніках» (1948) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — [Стихи] // Поэзия. М., 1990. № 57;

У кн.: Антология французского сюрреализма, 20-е годы. М., 1994;

Называть вещи своими именами: Программные выступления мастеров запад.-европ. лит. XX в. М., 1986.

Літ.:

Андреев Л.Г. Сюрреализм. М., 1972;

Балашова Т.В. Французская поэзия XX в. М., 1982;

Вирмо А. и О. Мэтры сюрреализма. СПб., 1996.

К.​М.​Міхееў.

т. 3, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАКЦЮ́РН (франц. nocturne літар. начны),

першапачаткова цыкл рознахарактарных муз. п’ес пераважна для ансамбля струнных ці духавых інструментаў, прызначаны для выканання ў начны ці вячэрні час на вольным паветры. Блізкі да дывертысмента, серэнады, касацыі (В.​А.​Моцарт, І.​Гайдн). Вядомы таксама вак. і хар. Н. З 19 ст. Н. называюць інстр. мініяцюру (пераважна для фп.) лірыка-сузіральнага характару з кантыленнай мелодыяй і акампанементам, які мерна пагойдваецца. Форма звычайна 3-часткавая з кантрастнай сярэдзінай, радзей ронда.

Стваральнік фп. Н. — Дж.​Філд. Лепшыя ўзоры Н. належаць Ф.​Шапэну, які паглыбіў яго вобразна-эмацыянальны змест. Тып праграмнага Н. ёсць у Р.​Шумана (цыкл «начных п’ес» ор. 23) і Ф.​Ліста («Мроі кахання»), Часам Н. уваходзіць у склад буйных інстр. форм (7-я сімф. Г.​Малера, саната h moli Шапэна), у сцэн. музыку («Сон у летнюю ноч» Ф.​Мендэльсона, «Дафніс і Хлоя» М.​Равеля), у камерна-інстр. (2-і квартэт А.​Барадзіна) і вак. творы (Дж.​Расіні, Дж.​Вердзі, М.​Глінка, Б.​Брытэн). Узоры Н. ў рус. класічнай музыцы стварылі П.​Чайкоўскі, А.​Скрабін. Тэрмін «Н.» выкарыстаў К.​Дэбюсі для назвы праграмнай сімф. сюіты, П.​Хіндэміт уключыў Н. у фп. сюіту «1922».

У бел. музыцы Н. ёсць у П.​Падкавырава, Я.​Цікоцкага. Найчасцей бел. кампазітары пішуць Н. для розных інстр. складаў, уключаюць у цыклы рознахарактарных п’ес (М.​Аладаў, А.​Багатыроў, Л.​Абеліёвіч, С.​Картэс, Л.​Шлег). У буйных інстр. формах Н. трапляецца пераважна ў перапрацаваным выглядзе ў Абеліёвіча, Аладава, Г.​Вагнера (лірыка-філас. павольныя часткі сімфоній). Блізкія да Н. некат. лірычныя сцэны бел. балетаў («Мара», «Маленькі прынц» Я.​Глебава).

Літ.:

Панкратова В. Малые инструментальные формы (прелюдия, ноктюрн, этюд). М., 1962;

Попова Т. Одночастные инструментальные жанры // Музыкальные жанры. М., 1968;

Цуккерман В. Музыкальные жанры и основы музыкальных форм. М., 1964.

А.​У.​Валадковіч.

т. 11, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)