БЕ́РАНАЎ Ігар Леанідавіч (н. 20.1.1936, г. Екацярынбург, Расія),

рускі спявак (барытон). Засл. арт. Расіі (1970). Скончыў Горкаўскую кансерваторыю (1960), выкладаў у ёй (1980—92). У 1961—87 саліст Горкаўскага т-ра оперы і балета. З 1993 у Бел. акадэміі музыкі. На сцэне Опернай студыі акадэміі паставіў оперы «Утаймаванне свавольніцы» В.​Шабаліна, «Любоўны напітак» Г.​Даніцэці, «Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага, кампазіцыю паводле оперы «Так робяць усе» В.​А.​Моцарта.

т. 3, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАНКО́НІ (Ronconi) Джорджа (6.8.1810, г. Мілан, Італія — 8.1.1890),

італьянскі спявак (барытон), адзін з буйнейшых спевакоў 19 ст. Спяваць вучыўся ў бацькі Д.​Ранконі. На опернай сцэне дэбютаваў у 1830. Выступаў у Італіі і інш. краінах, у т. л. ў Расіі (1851—55, 1858—59). Яго выкананне вылучалася віртуозным вак. майстэрствам, выразнай фразіроўкай, тэмпераментам. Сярод партый: Рыгалета, Навухаданосар (у аднайм. операх Дж.​Вердзі), лорд Генрых Эштан («Лючыя ды Ламермур») і Дулькамара («Любоўны напітак», абедзве Г.​Даніцэці), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні).

т. 13, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НТЭ ФЛАМЕ́НКА (ісп. cante flamenco),

група сольных песень і танцаў Паўд. Іспаніі, а таксама стыль іх выканання. Радзіма К.ф. — Андалусія. Характэрны любоўны змест, асаблівы эмацыянальны стыль спеваў (найб. стараж. пласт наз. кантэ хонда — «глыбінныя спевы»), разнастайнасць рытмаў (прышчоўкванне пальцамі, дробнае прыстукванне абцасамі — сапатэада, суправаджэнне на кастаньетах; гал. муз. інструмент — гітара). Сярод асн. відаў — тона, пала, сігірыя, салеарэс, фанданга). Вядома з глыбокай старажытнасці. Пашырылася з узнікненнем спец. артыстычных кафэ (першае ў Севільі, 1842). Масавае пашырэнне набыло з 1870-х г. (1870—1920-я г. наз. «залатой эпохай» К.ф.). Стыль К.ф. выкарыстоўвалі ў творчасці многія кампазітары (М. дэ Фалья і інш.).

т. 8, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНД (Lind) Ені (Жэні; 6.10.1820, Стакгольм — 2.11.1887),

шведская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Вучылася спевам у школе пры Каралеўскім т-ры (Стакгольм), з 1838 у трупе гэтага т-ра. З 1844 у Прыдворным т-ры ў Берліне, інш. т-рах Еўропы. З 1856 жыла ў Вялікабрытаніі. Валодала голасам надзвычай вял. дыяпазону, прыгожага тэмбру і крыштальнай чысціні (яе называлі «шведскі салавей»). Сярод партый, у т. л. драм. сапрана: Норма, Аміна («Норма», «Самнамбула» В.​Беліні), Аліса («Роберт-Д’ябал» Дж.​Меербера), Амалія («Разбойнікі» Дж.​Вердзі), Адзіна («Любоўны напітак» Г.​Даніцэці) і інш. Яе творчасць — значны этап у станаўленні швед. нац. рамантызму.

Е.Лінд.

т. 9, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗІ́НІ (Masini) Анджэла (28.11.1844, Тэра-дэль-Соле, Італія — 29.9.1926),

італьянскі спявак (тэнар); адзін з буйнейшых прадстаўнікоў стылю бельканта 19 ст. З 1867 выступаў на сцэнах буйнейшых т-раў Італіі і інш. еўрап. краін, у т. л. ў 1879—1903 у Італьян. оперы ў Пецярбургу. У 1905 пакінуў сцэну. Валодаў голасам прыгожага тэмбру, бліскучай каларатурнай тэхнікай. Сярод партый: граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Немарына, Джэнара («Любоўны напітак», «Лукрэцыя Борджа» Г.​Даніцэці), Радамес («Аіда» Дж.​Вердзі), Турыду («Сельскі гонар» П.​Масканьі), Лаэнгрын («Лаэнгрын» Р.​Вагнера), Фауст («Фауст» Ш.​Гуно), Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага) і інш.

Літ.:

Лаури-Вольпи Дж. Вокальные параллели: Пер. с итал. Л., 1972.

т. 9, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЫ́ЛЫ (Gigli) Беньяміна (20.3.1890, г. Рэканаці, Італія — 30.11.1957),

італьянскі спявак (тэнар); адзін з буйнейшых прадстаўнікоў мастацтва бельканта 1-й пал. 20 ст. З 1914 спяваў на оперных сцэнах Італіі (у т. л. «Ла Скала») і інш. краін, з 1954 у канцэртах. Валодаў голасам рэдкай прыгажосці, аднароднага гучання ва ўсіх рэгістрах, што дазваляла яму выконваць партыі лірычнага і драм. тэнара: Немарына, Эдгар («Любоўны напітак», «Лючыя ды Ламермур» Г.​Даніцэці), Надзір («Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ), Радамес («Аіда» Дж.​Вердзі), Каніо («Паяцы» Р.​Леанкавала), Каварадосі («Тоска» Дж.​Пучыні). Вядомы як выканаўца неапалітанскіх песень. Здымаўся ў муз. фільмах, у т. л. «Авэ Марыя», «Ты маё шчасце», «Джузепе Вердзі», «Паяцы», «Голас у тваім сэрцы» і інш.

Літ. тв.: Рус. пер. — Воспоминания. 2 изд. М.; Л., 1967.

т. 6, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЫЧЭ́НКА Віктар Лук’янавіч (19.8.1935, г. Ліскі Варонежскай вобл., Расія — 25.4.1974),

бел. спявак (лірычны тэнар). Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1963). З 1963 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодаў лёгкім рухомым голасам цёплага тэмбру. Яго выкананне вызначалася музыкальнасцю, тонкім лірызмам, шчырасцю. Сярод партый: Мільчык і Уронак («Яснае світанне» А.​Туранкова), Пётр («Зорка Венера» Ю.​Семянякі), Сашка («Андрэй Касценя» М.​Аладава), Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Уладзімір Ігаравіч («Князь Ігар» А.​Барадзіна), граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Альфрэд, Герцаг, Касіо («Травіята», «Рыгалета», «Атэла» Дж.​Вердзі), Немарына («Любоўны напітак» Г.​Даніцэці), Фауст («Фауст» Ш.​Гуно), Надзір («Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ), Рудольф («Багема» Дж.​Пучыні), Дон Атавіо («Дон Жуан» В.​А.​Моцарта), П’еро («Балаганчык» А.​Янчанкі), у тэлеоперах «Тарас на Парнасе» М.​Аладава, «Ранак» Г.​Вагнера.

т. 8, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВАРО́ЦІ (Pavarotti) Лучана (н. 12.10.1935, г. Модэна, Італія),

італьянскі спявак (тэнар). Вучыўся ў А.​Полы і Э.​Кампагальяні. На опернай сцэне з 1961. Выступае ў буйнейшых т-рах свету, у т. л. ў «Ковент-Гардэн» (Лондан), «Ла Скала» (Мілан), «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк), Венскай дзярж. оперы і інш. Валодае голасам прыгожага звонкага тэмбру, надзвычай вял. дыяпазону. Яго выкананне адметнае шчырасцю, эмацыянальнасцю. У рэпертуары рознахарактарныя партыі пераважна ў італьян. класічных операх: Рудольф, Каварадосі, Калаф, («Багема», «Тоска», «Турандот» Дж.​Пучыні), Радамес, Атэла, Герцаг («Аіда», «Атэла», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Немарына, Тоніо («Любоўны напітак» і «Дачка палка» Г.​Даніцэці), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ). Выступаў у трыо з Х.Карэрасам і П.Дамінга, запісаў з імі шэраг папулярных оперных арый. Аўтар успамінаў «Гісторыя майго жыцця» (1981). 1-я прэмія на Міжнар. конкурсе вакалістаў імя А.​Перу (Рэджанель-Эмілія, Італія, 1961).

Л.Павароці.

т. 11, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКІ́ПА (Schipa) Ціта (2.1.1889, г. Лечэ, Італія — 16.12.1965),

італьянскі спявак (лірычны тэнар). Вучыўся ў А.​Джэрунды ў Лечэ і ў Э.​Пікалі ў Мілане. У 1910—55 выступаў на сцэне італьян. і інш. оперных т-раў Еўропы і Амерыкі, у т. л. Чыкагскага, «Метраполітэн-опера», «Ла Скала». З 1946 выступаў і як канцэртны выканаўца. Адзін з буйн. італьян. оперных спевакоў 20 ст. Майстар бельканта. Яго голас вылучаўся багаццем адценняў. пластычнасцю, пяшчотнасцю і мяккасцю гучання. Сярод лепшых партый: граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Немарына, Эрнеста («Любоўны напітак», «Дон Паскуале» Г.​Даніцэці), Вертэр («Вертэр» Ж.​Маснэ). Спяваў у спектаклях з Ф.​Шаляпіным. Здымаўся ў муз. кінафільмах, у т. л. «Любімыя арыі». Аўтар аперэты «Прынцэса Ліяна» (паст. 1935), хар. і фп. твораў, песень.

Літ.:

Лаури-Вольпи Дж. Вокальные параллели: Пер. с итал Л., 1972.

т. 14, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́ЖАНЦАЎ Юрый Парыгоравіч (24.2.1928, г. Табольск, Расія — 10.11.1979),

бел. рэжысёр, педагог. Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя Луначарскага (1953). З 1955 рэжысёр Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова з 1958 выкладчык Бел. кансерваторыі, з 1965 гал. рэжысёр Бел. філармоніі. Сярод пастановак: оперы «Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ (1956), «Манон» (1958) і «Вертэр» (1959) Ж.​Маснэ, «Калючая ружа» Ю.​Семянякі (з В.​Броўкіным, 1960), «Церам-церамок» І.​Польскага (1961), «Кето і Катэ» В.​Далідзе (з Дз.​Смолічам, 1962), «Рафаэль» А.​Арэнскага (1963), «Трубадур» (1964) і «Рыгалета» (1968) Дж.​Вердзі, «Любоўны напітак» Г.​Даніцэці (1965), «Андрэй Касценя» М.​Аладава (з А.​Маралёвым, 1970); аперэты «Карневільскія званы» Р.​Планкета (1.959) і «Цыганскі барон» І.​Штрауса (1960); у опернай студыі Бел. кансерваторыі — «Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага, «Вяселле Фігара» В.​А.​Моцарта, «Травіята» Вердзі, «Павел Карчагін» П.​Падкавырава.

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 16, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)