ДЖЬІ́ЛЫ (Gigli) Беньяміна
(20.3.1890, г. Рэканаці, Італія — 30.11.1957),
італьянскі спявак (тэнар); адзін з буйнейшых прадстаўнікоў мастацтва бельканта 1-й пал. 20 ст. З 1914 спяваў на оперных сцэнах Італіі (у т.л. «Ла Скала») і інш. краін, з 1954 у канцэртах. Валодаў голасам рэдкай прыгажосці, аднароднага гучання ва ўсіх рэгістрах, што дазваляла яму выконваць партыі лірычнага і драм. тэнара: Немарына, Эдгар («Любоўны напітак», «Лючыя ды Ламермур» Г.Даніцэці), Надзір («Шукальнікі жэмчугу» Ж.Бізэ), Радамес («Аіда» Дж. Вердзі), Каніо («Паяцы» Р.Леанкавала), Каварадосі («Тоска» Дж. Пучыні). Вядомы як выканаўца неапалітанскіх песень. Здымаўся ў муз. фільмах, у т.л. «Авэ Марыя», «Ты маё шчасце», «Джузепе Вердзі», «Паяцы», «Голас у тваім сэрцы» і інш.
Літ. тв.: Рус. пер. — Воспоминания. 2 изд. М.; Л., 1967.
т. 6, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)