Лоск (в., Маладзечанскі р-н) 3/80 (к.); 5/466
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Лоск (в., Валожынскі р-н) 2/453, 576 (к.), 577; 6/38, 426
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОСК,
вёска ў Гародзькаўскім с/с Валожынскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса. За 25 км на Пн ад Валожына, 100 км ад Мінска, 8 км ад чыг. ст. Валожын. 400 ж., 187 двароў (1999).
У «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» (канец 14 ст.) згадваецца пад назвай Лошаск. Паводле археал. даследаванняў у 11—13 ст. тут існавала паселішча, у 14—18 ст. — Лоскі замак. У 1480 у Л. заснаваны касцёл. Уладанне Карыбутавічаў, Я.П.Мантыгірдавіча, Кішкаў, пры якіх дзейнічаў кальвінскі збор. У 1574 дзярж. дзеяч ВКЛ Я.Кішка заснаваў Лоскую друкарню. З канца 16 ст. мястэчка. З 1793 у Рас. імперыі. З 19 ст. ў Забрэжскай вол. Ашмянскага пав. Віленскай губ. У 1880-я г. 592 ж., 65 дамоў, 2 царквы, касцёл. З 1921 у складзе Забрэжскай гміны Валожынскага пав. Навагрудскага ваяв. Польшчы, з 1939 у БССР. У 1972—820 ж., 242 двары.
Базавая школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — Георгіеўская царква (1856), касцёл Сэрца Ісуса (1930). На тэр. вёскі — гарадзішча.
В.У.Шаблюк.
т. 9, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЫ́НІЙ НАМЫСЛО́ЎСКІ (Ян) (пач 1560-х г., Намыслаў, Польшча — паміж 1633—36),
мысліцель-гуманіст, пісьменнік, педагог ВКЛ. Вучыўся ў Ягелонскім ун-це ў Кракаве. З 1585 рэктар арыянскай школы ў Іўі. З 1593 прапаведнік абшчыны арыян у Навагрудку. Зблізіўся з С.Будным і Ф.Соцынам, прапагандаваў сацыніянства сярод бел.-літ. антытрынітарыяў. У 1615 за атэіст. погляды адлучаны Навагрудскім сінодам ад сацыніянскай абшчыны. Аўтар вершаванага маральна-павучальнага твора «Сентэнцыі, неабходныя ў грамадскім жыцці» (Лоск, 1589; 225 сентэнцый і перасцярог, вытрыманых у духу Адраджэння). У 1592 выдаў на польск. мове «Анатомію і гарманічнасць хрысціянскага жыцця чалавека» (не збераглася, у 1636 перакладзена на ням. мову). Выказваў рацыяналістычныя рэліг.-філас. погляды («Зварот да братоў-евангелікаў», 1597), выступаў супраць кальвінісцкай шляхты (палемічны твор «Каталісіс», 1598). З лац. на польск. мову пераклаў трактат А.Бусбеквіса аб тур. палітыцы (Вільня, 1598). Мяркуюць, што Л.Н. — аўтар «Дапаможніка для авалодання вучэннем Арыстоцеля» (Лоск, 1586; на лац. мове пад псеўд. Gracianus Prosper). На бел. мову яго перакладаў Я.Парэцкі.
Літ.:
Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы: (Вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970.
А.Ф.Коршунаў.
т. 9, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗЫ́ЛІК (Цыпрыян) (1535?, г. Серадз, Польшча — пасля 1600),
паэт, перакладчык, кампазітар, кнігавыдавец. Вучыўся ў Кракаўскім ун-це. Прыблізна з 1556 адзін з кіраўнікоў капэлы канцлера ВКЛ М.Радзівіла Чорнага. Складаў рэліг. песнапенні (выдадзены асобнымі кніжкамі ў Брэсце ў 1556, 1558, 1559). У 1560—70-я г. ўладальнік і кіраўнік Брэсцкай друкарні. У некаторыя кнігі ўключаў свае вершы. Аўтар паэмы «Надпіс на помніку П.Сецыгнеўскага» (1570). Пераклаў з лац. мовы на польск. і выдаў «Гісторыю жорсткіх ганенняў царквы Божай» (1567, з А.Воланам), творы М.Барлетці пра Г.Скандэрбега (1569), М.Олаха «Пра Атылу, караля угорскага» (Кракаў, 1574; рукапіс бел. перакладу каля 1580) і А.Маджэўскага Фрыча «Аб удасканаленні Рэчы Паспалітай» (Лоск, 1577).
т. 2, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДНЫ Бенеш, дзеяч бел. культуры 16—17 ст., пісьменнік, перакладчык. Нарадзіўся, верагодна, у мяст. Лоск (цяпер у Валожынскім р-не Мінскай вобл.). Скончыў Кёнігсбергскі пратэстанцкі ун-т. Да 1594 жыў пры двары бел. магнатаў Ф.Скуміна, А.Храптовіча, потым служыў у М.К.Радзівіла. Яго асн. твор «Кароткія і ясныя аповесці, якія па-грэчаску называюцца «Апафегматы» (Вільня, 1599) у 17 ст. вытрымаў 11 выданняў, у 1711 па загадзе Пятра I перакладзены на рус. мову і надрукаваны ў Маскве. Гэта філас.-этычныя сентэнцыі з нагоды вучэння ці жыцця ант. філосафаў і паліт. дзеячаў. Будны спрабаваў хрысціянізаваць ант. этыку і на аснове сінтэзу духоўных каштоўнасцяў антычнасці і хрысціянства выпрацаваць агульначалавечыя прынцыпы і нормы маралі, карысныя для ўсіх эпох. Пераклаў трактаты Цыцэрона «Аб старасці» (1956), «Аб дружбе» (1603).
т. 3, с. 315
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́СКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—18 ст. у мяст. Лоск (цяпер вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл.). Меў драўляныя ўмацаванні ў выглядзе зрубных сцен-гародняў і баявых вежаў, якія сїаялі на кальцавым земляным вале. Паводле інвентара за 1621, тут было 10 трох’ярусных вежаў і двух’ярусная вежа-брама, што зачынялася варотамі і кратай-герсай. Сцены гародні ў верхняй частцы завяршаліся баявой галерэяй з байніцамі і абламамі, накрытай двухсхільнай гонтавай страхой. У цэнтры дзядзінца стаялі два 2-павярховыя палацы. Адзін з іх пабудаваны ў стылі рэнесансу, завяршаўся вежай з гадзіннікам. На 1-м паверсе вакол прыхожай было 9 жылых пакояў з узорыстымі кафлянымі грубкамі і 2 каморы, на 2-м, абкружаным адкрытай галерэяй, вакол гасцінай — 2 святліцы, жылы пакой, 3 каморы. Другі палац меў 42 розныя памяшканні. Недалёка ад вежы-брамы стаяла кухня. За сценамі замка знаходзіліся лазня і бровар. Замак не захаваўся.
М.А.Ткачоў, Ю.А.Якімовіч.
т. 9, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯНЧЫ́ЦКІ ((Lęzycki) Даніэль) (Даніэль з Лянчыцы; каля 1530, Польшча — каля 1600),
друкар. Вучыўся ў Кракаве. Выдаваў кнігі на польскай і лац. мовах. З 1558 працаваў у друкарні у Пінчаве (Польшча). У 1562 пераехаў у Нясвіж, дзе ў друкарні Кавячынскіх выпусціў 11 кніг, у т. л. некалькі палемічных прац Гжэгаша Паўла (1564), Новы запавет (1564, 1570) і Катэхізіс (1564) С.Буднага. У 1571—72 друкаваў кнігі ў Заслаўі. Па запрашэнні Я.Кішкі пераехаў у Лоск, кіраваў Лоскай друкарняй, выдаў шэраг кніг. З 1574 у Вільні, працаваў у друкарні М.Х.Радзівіла Сіроткі, дзе выдаў кнігу А.Рымшы «Дзесяцігадовая аповесць ваенных гадоў К.Радзівіла», у друкарнях віленскіх антытрынітарыяў, езуітаў. Выпусціў каталіцкі катэхізіс П.Цанісія на літ. і лат. мовах (1595). У 1596—1600 меў уласную друкарню. Да рэлігіі ставіўся індыферэнтна, таму выдаваў кнігі і католікаў і пратэстантаў.
Літ.:
Анушкин А. На заре книгопечатания в Литве. Вильнюс, 1970;
Немировский Е.Л. Иван Федоров в Белоруссии. М., 1979;
Drukarze dawnej Polski od XV do XVIII wieku. Z. 5. Wrocław;
Kraków, 1959.
М.Б.Батвіннік.
т. 9, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТЫГІ́РДАВІЧЫ (Мантыгердавічы),
дзяржаўныя дзеячы і буйныя землеўладальнікі ВКЛ у 14—15 ст. Родапачынальнік — баярын Мантыгірд (Мантыгерд), намеснік полацкі ў 1396. Меў некалькі сыноў і пляменнікаў, з іх ад Наруша пайшоў шляхецкі род Нарушэвічаў. З прамых нашчадкаў Мантыгірда найб. вядомыя:
Пётр (Петраш; каля 1390—1459), сын Мантыгірда. У час заключэння Гарадзельскай уніі 1413 разам з братамі і родзічамі прыняў герб «Вадвіч». Староста падольскі ў 1418, маршалак надворны ў 1422—31, намеснік новагародскі ў 1431, маршалак земскі з 1434. Член рады вял. кн. Жыгімонта Кейстутавіча і Казіміра IV. Атрымаў мястэчкі Іўе ад вял. кн. Казіміра (1444) і Лоск пасля жаніцьбы з дачкой кн. Фёдара Карыбутавіча Ганнай. Пётр Янавіч (мянушка Белы; каля 1440—19?), унук Пятра, намеснік браслаўскі, маршалак надворны ў 1480—82, староста луцкі, маршалак валынскі ў 1487, ваявода трокскі і маршалак земскі з 1491. Неаднаразовы ўдзельнік пасольстваў вял. кн. Аляксандра ў Маскву. Уладальнік Іўя і Лоска, Дубровы і Нядрэзска ў Заслаўскім княстве, Шацка і Цітвы ў Менскім пав., Лахвы на Палессі, Алыкі на Валыні; у 1492 атрымаў Нясвіж. Яго адзіны сын Ян загінуў у бітве на Вядрошы 1500, пасля чаго ўсе маёнткі адышлі да дачкі Соф’і, жонкі Станіслава Кішкі.
В.Л.Насевіч.
т. 10, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́СКАЯ ДРУКА́РНЯ Існавала ў 2-й пал. 16 ст. ў мяст. Лоск
(цяпер вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл.). Была цэнтрам арыянскага кнігадрукавання ў ВКЛ. Засн. магнатам-арыянінам Янам Кішкам, які ў 1572 выкупіў у братоў М. і Г.Кавячынскіх абсталяванне Нясвіжскай друкарні і размясціў яго ў сваім замку ў Лоску. У Л.д. выдаваліся кнігі на польскай і лац. мовах (вядома каля 20 выданняў). Працавалі друкары Д.Ланчыцкі (1573—74),
Я.Карцан (1576—80), Ф.Балямоўскі (1586—89?). Ідэйным кіраўніком друкарні ў 1570 — пач. 1580-х г. быў С.Будны. Сярод найб. значных выданняў творы Буднага: «Новы запавет» (пераклад, прадмова, каментарыі), «Пра дзве сутнасці Хрыста», «Кароткі доказ таго, што Хрыстос не з’яўляецца такім жа Богам, як Бог-Айцец», «Супраць хрышчэння дзяцей» (усе 1574), «Пра свецкую ўладу» (1583). Сярод інш. выданняў — палемічныя творы М.Чаховіца, А.Волана, кнігі Я.Ліцынія Намыслоўскага, трактат Цыцэрона «Пра абавязкі» (1576, пераклад С.Кашуцкага), Э.Варамунда Фрыза «Пра фурыі, або Вар’яцтвы французскія» (1576, пераклад С.Буднага; пра падзеі Варфаламееўскай ночы 1572), твор А.Маджэўскага-Фрыча «Аб удасканаленні Рэчы Паспалітай» (1577, пераклад Ц.Базыліка, прадмовы Волана, Буднага). Выданні Л.д. адметныя вострай палемічнай накіраванасцю, якая часта выходзіла за межы тэалагічных праблем і ўздымала пытанні дзярж. і сац. перабудовы грамадства. Друкарня перастала існаваць пасля смерці Я.Кішкі (1592).
Літ.:
Drukarze dawnej Polski od XV do XVIII w. Z. 5. Wrocław;
Kraków, 1959.
Л.С.Іванова.
т. 9, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)