ЛЯНЧЫ́ЦКІ ((Lęzycki) Даніэль) (Даніэль з Лянчыцы; каля 1530, Польшча — каля 1600),
друкар. Вучыўся ў Кракаве. Выдаваў кнігі на польскай і лац. мовах. З 1558 працаваў у друкарні у Пінчаве (Польшча). У 1562 пераехаў у Нясвіж, дзе ў друкарні Кавячынскіх выпусціў 11 кніг, у т.л. некалькі палемічных прац Гжэгаша Паўла (1564), Новы запавет (1564, 1570) і Катэхізіс (1564) С.Буднага. У 1571—72 друкаваў кнігі ў Заслаўі. Па запрашэнні Я.Кішкі пераехаў у Лоск, кіраваў Лоскай друкарняй, выдаў шэраг кніг. З 1574 у Вільні, працаваў у друкарні М.Х.Радзівіла Сіроткі, дзе выдаў кнігу А.Рымшы «Дзесяцігадовая аповесць ваенных гадоў К.Радзівіла», у друкарнях віленскіх антытрынітарыяў, езуітаў. Выпусціў каталіцкі катэхізіс П.Цанісія на літ. і лат. мовах (1595). У 1596—1600 меў уласную друкарню. Да рэлігіі ставіўся індыферэнтна, таму выдаваў кнігі і католікаў і пратэстантаў.
Літ.:
Анушкин А. На заре книгопечатания в Литве. Вильнюс, 1970;
Немировский Е.Л. Иван Федоров в Белоруссии. М., 1979;
Drukarze dawnej Polski od XV do XVIII wieku. Z. 5. Wrocław;
Kraków, 1959.
М.Б.Батвіннік.
т. 9, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)