Ласка 2/205; 4/272—273 (укл.); 6/266; 10/357

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́СКА (Mustela nivalis),

млекакормячая жывёла сям. куніцавых атр. драпежных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы. На Беларусі падвід Л. сярэдняруская (M.n. nivalis), трапляецца на Палессі. Жыве на ўзлесках, у зарасніках па берагах вадаёмаў, каля жылля.

Даўж. цела да 28 см, хваста да 9 см, маса да 250 г. Цела тонкае, гнуткае, галава невял., вушы кароткія, шырокія. Поўсць кароткая, густая, пушыстая, зімой белая, летам на спіне светла-бурая, знізу жаўтавата-белая. Корміцца пераважна мышападобнымі грызунамі, радзей земнаводнымі, паўзунамі, птушкамі і іх яйцамі. Гнёзды ў норах. У прыплодзе 3—10 дзіцянят.

Ласка.

т. 9, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Панская ласка» (ананімны твор) 1/316

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«ПА́НСКАЯ ЛА́СКА»,

бел. ананімны вершаваны твор 19 ст. ў жанры гутаркі. Напісаны, як мяркуюць, у канцы 1860-х ці пач. 1870-х г. Выяўляе антыпрыгонніцкія, антыпамешчыцкія настроі сялянства. У аснове сюжэта — камічнае бытавое апавяданне пра пана, якому ноччу сава здалася чортам і напалохала яго. На дапамогу яму прыйшоў селянін і злавіў саву, за што атрымаў збан гарэлкі. Назаўтра, праспаўшы работу, ён зарабіў «сотню розаг». У сюжэт аўтар уключыў маналог пра невыноснае жыццё селяніна ў часы прыгону. «П.л.» — прыклад нар. публіцыстыкі з элементамі маст. паказу жыцця з’яўляецца перапрацоўкай нар. анекдота пра пана і чорта. Вобраз памешчыка малюецца ў сатырычна-гратэскнай форме, вобраз селяніна — з лёгкім гумарам. Тэкст твора захаваўся ў рукапісным зб. «Беларускія народныя паданні, быліны і песні сялян былога Себежскага павета Віцебскай губерні 1882—1890 гг.» (архіў Рус. геагр. т-ва ў С.-Пецярбургу), апубл. ў зб. «Беларуская літаратура XIX ст.» (1950).

М.​А.​Лазарук.

т. 12, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДРАЎ (Сямён Іосіфавіч) (24.5.1920, в. Засарыхіна Гарадзецкага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 16.12.1980),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў Горкаўскае тэатр. вучылішча (1952). З 1959 у Гродзенскім абл. драм. т-ры. Выканаўца драм. і характарных роляў, спалучаў псіхал. і пластычны малюнак вобраза. Сярод роляў: Сенатар («Францыск Скарына» А.​Петрашкевіча), Моцкін («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), Бераст («Платон Крэчат» А.​Карнейчука), Трыстан («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі).

т. 1, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУКАПАЛАЖЭ́ННЕ, хіратонія,

абрад узвядзення ў свяшчэнніцкі сан (дыякана, свяшчэнніка, епіскапа і інш.) у хрысціянстве. У праваслаўі і каталіцызме разглядаецца як таінства, калі пры ўскладанні рук вышэйстаячага служыцеля культу на галаву таго, каго пасвячаюць, яму як бы перадаецца «боская ласка». У пратэстанцкіх цэрквах праз Р. пасвячаюцца на служэнне прэсвітэры, дыяканы і інш. служыцелі, выбраныя царквой. У шэрагу пратэстанцкіх цэркваў, прынята рашэнне аб Р. таксама і жанчын не толькі ў сан дыякана, але і прэсвітэра.

т. 13, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІДАРО́ВІЧ (Вадзім Яўгенавіч) (н. 23.6.1962, Мінск),

бел. вучоны ў галіне заалогіі і экалогіі. Д-р біял. н. (1997). Скончыў БДУ (1985). З 1985 у Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па тэрыялогіі, эвалюц. экалогіі і папуляцыйнай біялогіі жывёл, заканамернасцях эвалюц. станаўлення і функцыянавання ў сучасных экасістэмах згуртавання пазваночных драпежнікаў і іх ахвяр у ландшафтах Паазерскага зледзянення.

Тв.:

Норки, выдра, ласка и другие куньи. Мн., 1995;

Куньи в Беларуси: Эволюцион. биология, демография и биоценотич. связи. Мн., 1997.

т. 14, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУБКО́ВА (Зінаіда Пятроўна) (н. 3.11.1938, пас. Ульянаўка Ленінградскай вобл.),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1989). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1960). Працуе ў Нац. т-ры імя Я.​Купалы. Створаныя ёю вобразы вызначаюцца мяккай лірычнасцю, духоўным багаццем, выразнай пластычнасцю: Наташа, Зіна («Выбачайце, калі ласка!», «Трыбунал» А.​Макаёнка), Варвара («Страсці па Аўдзею» У.​Бутрамеева), Ніколь («Мешчанін у дваранах» Мальера), Цешча («Дом на мяжы» С.​Мрожака), Марыся (радыёспектакль «Хамуціус» паводле А.​Куляшова; Дзярж. прэмія Беларусі 1984) і інш.

В.​А.​Грыбайла.

т. 7, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬМЕ́НСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

у Расіі. Засн. ў 1920 як мінералагічны запаведнік (больш за 200 мінералаў), у 1935 ператвораны ў комплексны для вывучэння экалогіі фонавых і рэдкіх відаў жывёл і раслін. Размешчаны на ўсх. схілах Паўд. Урала паблізу ад г. Міяс Чэлябінскай вобл. Пл. 30 380 га. Хваёвыя і бярозавыя лясы, участкі стэпу. У фауне звычайныя вавёрка, гарнастай, ласка, лясны тхор, акліматызаваны плямісты алень, адноўлена папуляцыя бабра; гняздуюцца рэдкія птушкі: лебедзь-клікун, шэры журавель, сокал-сапсан, скапа і інш. Мінералагічны музей (з 1930), засн. сав. вучоным А.​Я.​Ферсманам.

т. 7, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРА́МАЎ (Максім Паўлавіч) (17.1.1911, в. Хухарава Вялікаігнатаўскага р-на, Мардовія — 30.6.1973),

акцёр. Засл. арт. Беларусі (1955). З 1930 у т-рах Расіі. З 1947 у Магілёўскім, з 1949 у Брэсцкім абл. драм. т-рах. Вострахарактарны акцёр. Лепшым работам Абрамава ўласцівы жыццёвая праўда, зліццё з вобразам. Сярод роляў: Калеснікаў («Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча), Калібераў («Выбачайце, калі ласка» А.​Макаёнка), Гукан («Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна), Лабыш («Папараць-кветка» І.​Козела), Заслонаў («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона), Яечня («Жаніцьба» М.​Гогаля), Зыкаў («Зыкавы» М.​Горкага), Прэзідэнт («Каварства і каханне» Ф.​Шылера).

Р.​М.​Бакіевіч.

т. 1, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)