Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕБЯДЗІ́НЫ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння, у прыгараднай зоне Мінска. Створаны ў 1984 для аховы прыбярэжнага фауністычнага комплексу рэдкіх відаў жывёл і птушак. Пл. 51 га.
Тэрыторыя — забалочаны і меліяраваны луг з закінутымі тарфянымі кар’ерамі і хмызнякамі. У цэнтры заказніка вадаём. У арнітафауне каля 60 птушак (44 гнездавальных), у т. л. з Чырв. кнігі Беларусі: лебедзь-шыпун, малыя паганка, чайка, крачка і бугай, уліт вялікі, паручайнік і інш.; 10 відаў млекакормячых, у т. л. выдра, амер. норка, гарнастай і інш. Заказнік служыць для рассялення прыбярэжных відаў птушак па інш. вадаёмах, стварэння спрыяльных умоў для пералётных і інш. відаў птушак. Аб’ект прыродазнаўчых экскурсій.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ЙСКІ,
біялагічны заказнік на Беларусі, у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці. Засн. ў 1977 як паляўнічы заказнік для зберажэння месцаў масавага гнездавання вадаплаўных птушак і стварэння ўмоў для іх размнажэння. Уключае Асвейскае возера, частку Асвейскага балота і тэрыторыю на Пд ад мяжы з Латвіяй і Пскоўскай вобласці Пл. 22,6 тыс.га (1995).
У заказніку наладжана ахова мясц. і пралётных вадаплаўных (лебедзь, гусь, качка) і інш. птушак. Вял колькасць звычайнай чайкі, гогаля, паганак, лысухі, трапляюцца шыраканоска, шылахвостка, даўгадзюбы крахаль і інш. Жывуць шэры журавель, белая курапатка, вял. кулон, вял. вераценнік, чорны бусел, арлан-белахвост, сапсан, дзербнік. Гняздуюцца рэдкія чырвонагаловы нырэц, малая чайка, чубатая чэрнець, белакрылая крачка. Ёсць каштоўныя млекакормячыя — андатра, бабёр. Лясы багатыя баравой дзічынай. Водзяцца лось, дзік, казуля, заяц, ліс, воўк, у вадаёмах — акунь, шчупак, сазан, лешч, язь, мянтуз, плотка і інш. Праводзяць кальцаванні птушак, арніталагічныя даследаванні, заказнік — база для вывучэння біял. асноў вядзення паляўнічай гаспадаркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РАЧ,
найбольшае возера на Беларусі, у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас.р. Вілія, на Нарачана-Вілейскай нізіне, на выш. 165 м. Пл. 79,6 км², даўж. 12,8 км, найб.шыр. 9,8 км, найб.глыб. 24,8 м, даўж. берагавой лініі 41 км. Аб’ём вады 710 млн.м³. Пл. вадазбору 199 км². Уваходзіць у Нарачанскую групу азёр і нац. парк Нарачанскі. Катлавіна падпруднага тыпу, акруглай формы, асіметрычная. Сфарміравалася ў час утварэння Свянцянскіх град у перыяд паазерскага зледзянення. Схілы на Пн і ПнУвыш. 45—50 м, утвораны адгор’ямі Свянцянскіх град, сугліністыя і супясчаныя. На Пд да возера прымыкае больш спадзістая Паўд.-Нарачанская града. Берагі пераважна нізкія, акумулятыўныя, з пясчанымі пляжамі, пясчана-галечнымі валамі (выш. да 1 м) і камяністымі косамі, месцамі забалочаныя, тарфяныя. На Пн і ПнУ абразіўныя берагі са стромымі абрывамі і мысамі (выш. 2—11 м). Каля паўн.-ўсх. берага востраў (пл. 6,2 га) — помнік прыроды (рэдкія звяры і птушкі, гнездаванне вял. крахаля — ахоўны від). Дно возера адносна роўнае (сярэдні нахіл 1°), на У больш складанай будовы (нахіл 5—6°), з чаргаваннем узгорыстых, градава-ўзгорыстых і плоскіх участкаў, месцамі мяліны. Паверхня дна глыб. да 2 м займае 17% пл. возера, да 5 м — 36%, больш за 20 м — 1,8%. Прыбярэжная водмель пясчаная, часткова заіленая, каля стромкіх берагоў галька і валуны. Глыбакаводная ч. выслана крэменязёмістымі і карбанатнымі сапрапелямі, глініста-пясчанымі адкладамі. Паўвостраў Наносы (канчаецца касой) падзяляе Н. на паўн.-зах. Малы плёс (глыб. да 18 м) і паўд.-ўсх. Вялікі плёс (глыб. 24,8 м). Ваганні ўзроўню за год да 35 см, у асобныя гады да 70 см. Сярэдні ледастаў 127 сутак (снеж.—красавік). Таўшчыня лёду 50—60 см, макс. да 90 см. Макс.т-ра прыпаверхневага слоя вады 22 °C у канцы ліп. — пач. жніўня. Зімовыя т-ры ў тоўшчы вады 2,5 °C. Вада насычана кіслародам, мінералізацыя да 250 мг/л, празрыстасць 7—9 м, колернасць 5—7°. Мезатрофнае. Упадаюць 17 ручаёў (Пронькі, Купа, Антонізберг, Сіманы і інш.) і пратока Скема з воз. Мястра, выцякае р.Нарач. Поўная змена вады адбываецца за 10 гадоў. Жыўленне: 62% ападкі, каля 29% паверхневае, каля 9% падземнае. Асн.ч. расходу вады (56%) — сцёк па р. Нарач. Іхтыяфауна рапушкава-сігавая, уключае 19 абарыгенных відаў. Прамысл. зарыбленне (еўрапейскі вугор, амурскі сазан, судак, сіг, пелядзь, сярэбраны карась і інш.). Гняздоўі птушак (лебедзь-шыпун, малая крачка, скапа, малая паганка) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. З 1946 вядуцца гідраметэаралагічныя назіранні і маніторынгавыя даследаванні (Гідрабіялагічная станцыя БДУ). На берагах курорт Нарач, біял. заказнікі Некасецкі і Пасынкі, на паўд.-ўсх. беразе гідралагічны заказнік Чарэмшыца, помнік прыроды — геал. агаленне Студзянец. У сувязі з інтэнсіўным антрапагенным уздзеяннем пагаршаецца экалагічны стан Н.: памяншаецца празрыстасць вады, павялічылася колькасць фітапланктону, інтэнсіўна развіваюцца сіне-зялёныя водарасці, павялічваецца колькасць фасфатных злучэнняў у вадзе, развіваецца ачаг шыстаматознага цэркарыёзу.