СЕЛЯХІ́,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Брэсцкім р-не. Створаны ў 1988 з мэтай захавання натуральных умоў існавання рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Пл. 260 га. Уключае Селяхоўскае возера і прылеглую тэрыторыю. Рэльеф пласкахвалісты з грывамі і дзюнамі выш. 8—10 м. Лясы з хвойнікаў імшыстых, лішайнікавых, даўгамошных, верасовых, чарнічных. У флоры 225 відаў сасудзістых раслін, 27 лішайнікаў, 36 мохападобных, у т. л. рэліктавая паўдрэвападобная папараць — чыставуст каралеўскі, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У арнітафаўне 40 відаў птушак, у т. л. бусел чорны, паганкі малая і шэрашчокая, крачка малая, саракуш шэры, занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі. У час сезонных міграцый на воз. Селяхоўскім адпачываюць вадаплаўныя птушкі.
П.І.Лабанок.
т. 14, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)