ПРАСТЫ́Р,

ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл. Засн. ў 1994 у мэтах захавання эталоннага ўчастка прыродных балотна-лугавых угоддзяў з рэдкімі відамі жывёл і раслін. Пл. 3440 га. Размешчаны ў міжрэччы Прыпяці і Прастыры (на мяжы з Украінай). Плоская поймавая тэраса з узвышэннем 0,5—1,5 м над урэзам рэк насычана старыцамі. пратокамі, эолавымі наносамі, моцна забалочаная. Пераважаюць балотна-лугавыя ўчасткі з травяністай расліннасцю (адзіны лясны ўчастак чорнаалешніку крапіўнага). Па ўсёй пойме адзіночныя дрэвы вольхі, вербаў белай, ломкай і пяцітычынкавай, месцамі зараснікі з вербаў трохтычынкавай і попельнай. У раслінным покрыве 307 відаў, у т. л. сальвінія плывучая і гарлачык белы занесены ў Чырв. кнігу. Шмат лек., харч., меданосных і інш. гасп.-каштоўных раслін. У фауне — лось, норка еўрапейская, тхор чорны, ласка, выдра, ліс, палёўка вадзяная, бабёр, андатра; у арнітафауне 74 віды, у т. л. бугай і кулон вялікія, бусел чорны, крачка малая, няясыць барадатая, пустальга звычайная, журавель шэры занесены ў Чырв. кнігу.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)