Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛО́НАЎ (Канстанцін Сяргеевіч) (партыз. мянушка Дзядзька Косця; 7.1.1910, г. Асташкаў Цвярской вобл., Расія — 14.11.1942),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў парт. падполля і партыз. руху ў Віцебскай вобл. ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў прафес.-тэхн. школу ў Вял. Луках (1930). З 1939 нач. паравознага дэпо ст. Орша. У вер. 1941 у Маскве сфарміраваў з чыгуначнікаў партыз. атрад, у кастр. перайшоў з ім лінію фронту, уладкаваўся на працу ў Аршанскае дэпо. Стварыў і ўзначаліў некалькі дыверс. груп, якія разам з падп. групамі Аршанскага патрыятычнага падполля паралізавалі работу чыг. вузла. З лют. 1942 камандзір партыз. атрада, з ліп. 1942 — брыгады. Арганізоўваў дыверсіі на чыгунцы, узначальваў баявыя дзеянні супраць ворага на тэр. Аршанскага, Багушэўскага, Лёзненскага, Сенненскага і інш. раёнаў. Загінуў у час Купавацкага бою 1942. У Оршы створаны мемар. музей З., у Оршы, Сянно і на месцы гібелі З. пастаўлены помнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАЧЫ́НСКІ (Міхась) (Міхаіл Іванавіч; 12.1.1917, г. Крупкі Мінскай вобл. — 10.8.1990),
бел.паэт.Засл. работнік культ. Беларусі (1974). Скончыў курсы пры Камуніст. ін-це журналістыкі (Мінск, 1936). Працаваў у прэсе. У 1954—60 адказны сакратар, нам. старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, у 1960—78 гал. рэдактар час. «Беларусь». Друкаваўся з 1932. Першыя кнігі для дзяцей (паэмы «Косця-чэкіст», 1938; «Пакет», 1939). У зб. «Сонца ў блакіце» (1949) лірычнае ўвасабленне тэмы Вял.Айч. вайны, вернасці Радзіме. Аўтар кніг паэзіі «Прыпар» (1956), «Сосны і дзюны» (1960), «Паясы» (1968), «Докшыцкі каравай» (1974). Для дзяцей і юнацтва выдаў кнігі «Насустрач жыццю» (1951), «На лясным паўстанку» (1955), «Прыгоды Патапкі» (1958), «Лясныя казкі» (1967), «Мая мазаіка» (1971), «Рэха зямлі» (1978). Паэзіі К. ўласцівы традыцыйныя класічныя метрыка і строфіка, рэалістычна-канкрэтная вобразнасць, нар.-песенныя матывы і інтанацыі. Аўтар сцэнарыяў дакумент. фільмаў, тэкстаў песень.