ШАСТО́ЎСКІ Кім Фёдаравіч (н. 2.10.1935, в. Ляўкі Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1965). У 1966—89 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы. Аўтар тэматычных карцін: «На вытворчасці. Кавалі» (1967), «Развітанне» (1973), «Трывожная зіма. Пагранічнікі», «Размова» (абедзве 1977), «Я.Купала ў Ляўках» (1982), «1944 год. Пад Оршай» (1984), «На жніве» (1986), «Арышт I настаўніцкага з’езда. Я.Колас» (1989), «Праводзіны зімы» (1990); партрэтаў «Хлопчыкі каля акна» (1975), А.Пісаравай (1983), М.Зяленкіна (1985), «Косця» (1986) і інш.; лірычных пейзажаў «Над Дняпром» (1966), «Восеньскі матыў» (1973), «Восень» (1976), «Снежань. Зімовыя ўзоры» (1982), «Браслаўскія далі» (1984), «Бераг мора» (1995), «Падніколле. Паводка ў Магілёве» (2001), «Сенажаць у Заслаўі» (2002) і інш.; графічных работ. Творы вылучаюцца вобразнасцю, выразнасцю малюнка і колеравага вырашэння, кампазіцыйнай раўнавагай.
Л.Ф.Салавей.
т. 17, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)