ПАМАЗА́Н (Арнольд Кандратавіч) (н. 14.6.1939, г. Камсамольск-на-Амуры, Расія),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1980). Нар. арт. Беларусі (1999). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967, курс Р.Качаткова). З 1967 працуе ў Нац. акад. т-ры імя Я.Купалы. Выканаўца вострахарактарных і камед. роляў. Мастацтву П. ўласцівы тэатр.-жыццёвая дакладнасць вобразаў, вонкавая завершанасць малюнка, мяккі гумар, пластычнасць, музыкальнасць. Стварыў разнапланавыя характары ў нац. драматургіі: Адольф Быкоўскі, Растрага («Паўлінка», «Тутэйшыя» Я.Купалы), Лейзер («Ідылія» В.Дуніна-Марцінкевіча), Чарнавус («Хто смяецца апошнім» К.Крапівы), Гарык («Пагарэльцы» А.Макаёнка), Адвернік («Напісанае застаецца» А.Петрашкевіча), Міхалка Багдалевіч ’(«Ажаніцца — не журыцца» Далецкіх), Падзерын, Косця, Дружыннік («Плач перапёлкі», «Госці», «Звон — не малітва» І.Чыгрынава), Буслай, Кузьма, Першы селянін («Парог», «Вежа», «Князь Вітаўт» А.Дударава), Сёмка («Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева). Сярод інш. роляў: Кудраш, Бадаеў, Дасужаў («Навальніца», «Лес», «Даходнае месца» А.Астроўскага), купец Абдулін («Рэвізор» М.Гогаля), Алёшка («На дне» М.Горкага), Калібан, Эгей («Бура», «Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра), Доктар («Нежанаты мнагажэнец» Мальера), Марцін («Валенсіянскія вар’яты» Лопэ дэ Вэгі), Незнаёмец («Жанчына з мора» Г.Ібсена), Удра («Безыменная зорка» М.Себасцьяна). Зняўся ў бел. кіна- і тэлефільмах: «Я, Францыск Скарына», «Іван Макаравіч», «Хроніка ночы», «Нас выбраў час», «Чорная бяроза», «Трэцяга не дадзена», «Вазьму твой боль», «Імяніны», «Чужая бацькаўшчына», «Клетка малпы», «Момант ісціны», «Мая справа цялячая», «Пушча», «Птушкам крылы не ў цяжкасць», «Хам», «Залаты рэйс», «Інтэрпол», «Легенда Белай вежы» і інш.
Р.І.Баравік.
А.К.Памазан.
А.Памазан (у цэнтры) у ролі Міхалкі Багдалевіча.
т. 12, с. 30