вобласці Паўн. і Паўд. паўшар’яў Зямлі (паміж 30—35°паўн. ш. і паўд. ш.) ва ўнутр.ч. субтрапічных антыцыклонаў са слабымі вятрамі і частымі штылямі. Назва звязана з тым, што ў часы паруснага мараплавання з-за штыляў у Атлантычным ак. здараліся працяглыя затрымкі суднаў і з-за недахопу прэснай вады даводзілася выкідаць за борт коней, якіх перавозілі з Еўропы ў Амерыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САТЫ́РЫ,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі лясныя божышчы, дэманы ўрадлівасці, якія складаюць світу бога Дыяніса. Іх уяўлялі як пакрытых поўсцю доўгавалосых, барадатых напаўлюдзей-напаўзвяроў: галовы і тулавы чалавечыя, але конскія або казліныя ногі з капытамі і конскія хвасты; на галовах рожкі або конскія вушы. Сімвалам іх невычарпальнай урадлівасці лічыўся фалас. Яны, заўсёды напаўп’яныя, нахабныя і юрлівыя, ганяюцца за німфамі або разам з імі бадзяюцца па лясах і наладжваюць вясёлыя карагоды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫ́НІІ, марскія анемоны (Actiniaria),
атрад марскіх кішачнаполасцевых жывёл. Існуюць як адзіночныя, радзей каланіяльныя бесшкілетныя паліпы. Каля 1,5 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных морах. Трапляюцца ў Чорным, Баранцавым і далёкаўсходніх морах.
Цыліндрычнай формы, у папярочніку ад некалькіх міліметраў да 1,5 м, з венчыкам шчупальцаў вакол рота, звычайна ярка афарбаваныя. Сядзячыя або павольна перамяшчаюцца, закопваюцца ў грунт, зрэдку плаваюць. Кормяцца дробнымі воднымі жывёламі, у т. л. рыбамі. Размнажэнне палавое і вегетац. дзяленнем. Для многіх характэрны сімбіёз з ракамі-пустэльнікамі і інш. беспазваночнымі. Дотык шчупальцаў да чалавека можа выклікаць апёк скуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫЛО́ПЫ,
групы жывёл атр. парнакапытных сям. пустарогіх за выключэннем быкоў, буйвалаў, казлоў і бараноў. Пашыраны ў Афрыцы, Еўразіі, Паўн. Амерыцы. 30 родаў, каля 80 відаў. Да роду антылоп (Antilope) належыць толькі індыйская антылопа гарна. У стэпах і саваннах Афрыкі жывуць буйныя каровіны антылопы — гну і бубалы, горная антылопа (Hippotragus niger). Паўпустыні і пустыні Афрыкі насяляюць конскія антылопы (Hippotragus), орыксы, адакс (Addax nasomaculatus). У пустынях, стэпах і лесастэпах Афрыкі і Азіі жывуць газелі, да якіх належаць джэйран і дзерэн. Спосаб жыцця стадны. Многія занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Выш. ў карку ад 25 см (карлікавыя антылопы — Neotraginae) да 180 см (антылопа Кана — Taurotragus oryx), маса ад 8 кг да 1000 кг. Рогі прамыя і кароткія (ад 1,5 см) або доўгія (да 150 см) і выгнутыя ў выглядзе дугі або штопара. Афарбоўка ад светлай жоўта-пясчанай да шэра-блакітнай або амаль чорнай. Нараджаюць 1—3 цялят. Кормяцца травяністай расліннасцю, радзей лісцем дрэў. Аб’екты палявання; выкарыстоўваюцца мяса, скура, рогі.